Да 30-годзьдзя вываду савецкіх войскаў з Аўганістану, якое будзе адзначацца 15 лютага, Свабода публікуе цыкль матэрыялаў пра тагачасныя падзеі і іх беларускіх удзельнікаў.
Гісторыя другая — пра камсамольскага інструктара зь Менску Генадзя Кулажанку, які зьнік бязь вестак праз паўгода ад пачатку камандзіроўкі на вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аўганскі сындром». Вайна, жыцьцё і сьмерць бязногага вэтэрана Лёні КазіміраваЗьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі). Прыблізна 1500 атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.
Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя. Адным зь першых, чые сьляды страціліся пасярод выпаленай аўганскай зямлі, быў 28-гадовы пасланец савецкага камсамолу Генадзь Кулажанка.
Гісторыя сьцісла
- У канцы 1980 году загадчык аддзелу Віцебскага абласнога камітэту ЛКСМБ (беларуская філія савецкага камуністычнага моладзевага аб’яднаньня) выправіўся ў Аўганістан, каб наладзіць дзейнасьць ідэалягічнай суполкі — Дэмакратычнай арганізацыі моладзі.
- Праз паўгода камандзіроўкі па дарозе ў гатэль таксоўка зь ім была спынена ўзброенымі аўганцамі, у выніку перастрэлкі Кулажанка мог або загінуць, або трапіць у палон.
- Паводле інфармацыі ад муджагедаў, яго трымалі ў турме, катаваньнямі намагаючыся схіліць да супрацоўніцтва. Пасьля гэтага яго нібыта плянавалі перавезьці ў Пакістан.
- Нягледзячы на высілкі савецкіх спэцслужбаў, месца знаходжаньня Кулажанкі вызначыць не ўдалося. У 1982 годзе яго прызналі зьніклым бязь вестак, пасьмяротна ўзнагародзілі ордэнам Дружбы народаў.
Прапанова без магчымасьці адмовіцца
Генадзь Кулажанка нарадзіўся 28 ліпеня 1952 году ў Нароўлі на Гомельшчыне.
Ягоны бацька, доктар эканамічных навук, прафэсар Уладзімер Андрэевіч Кулажанка ўзначальваў катэдру палітэканоміі Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. У пачатку 1990-х быў чальцом Ценевага Кабінэту Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, уваходзіў у каманду Зянона Пазьняка на першых прэзыдэнцкіх выбарах. Працяглы час супрацоўнічаў з Радыё Свабода ў якасьці эканамічнага аглядальніка, памёр у 2013-м.
Маці Лідзіі Нікадзімаўны ня стала ў 2018 годзе. Яны так і не дачакаліся вестак пра сына. Але да апошняга спадзяюцца на цуд сёстры Людміла і Вольга, жонка Ліда, сын Уладзімер.
У 1975-м Генадзь Кулажанка скончыў гістарычны факультэт Белдзяржунівэрсытэту і быў разьмеркаваны на пасаду дырэктара 8-гадовай школы на Пастаўшчыну. Неўзабаве яго выбіраюць другім сакратаром раённага камітэту ЛКСМБ, пасьля павышаюць да першага. У 1980-м пераводзяць у Віцебск загадчыкам аддзелу абласнога камітэту ЛКСМБ.
Праз год пасьля ўваходу савецкіх войскаў у Аўганістан Кулажанку прапанавалі выправу ў гэтую краіну, каб наладзіць працу мясцовага аналяга камсамолу — Дэмакратычнай арганізацыі моладзі. Рэгіёнам адказнасьці беларуса стаў небясьпечны для савецкіх войскаў трохкутнік гарадоў Герат — Гур — Бадгіс.
Ці можна было адмовіцца ад рызыкоўнай камандзіроўкі? Як згадвае ягоная старэйшая сястра Людміла Хрышчановіч, брата выклікалі на гутарку ў ЦК ЛКСМБ і прапанавалі паставіць грамадзкія інтарэсы вышэй за асабістыя — нібыта зрабіць унёсак у спыненьне братазабойчай вайны ў Аўганістане.
Паводле яе, Генадзь ацаніў ступень даверу, але сказаў, што хапае добраахвотнікаў, ён жа такім жаданьнем не гарыць. Але калі таварышы настойваюць на ягонай кандыдатуры, то паедзе. Шчырасьць ідэалягічным работнікам спадабалася, на ім і спыніліся.
«Ну і паехаў выконваць волю партыі, — кажа Людміла Хрышчановіч. — І што ўрэшце? Сам загінуў, зрабіў няшчаснай сям’ю. Мама да апошніх дзён чакала, так і памерла. Жонка адна засталася, толькі яго любіла. Сын вырас бяз бацькі.
Ніводнае сьвята не праходзіла бязь сьлёз: прыгадвалі нейкі момант з Генам, а яго няма... Пісалі ў Маскву, нават адказы не прыходзілі. Былі і тыя, хто казаў: чаго самі ня едзеце ў Аўган шукаць? Дык спэцслужбы не знайшлі, а мы? Толькі ў кіно так бывае, у жыцьці ўсё складаней. Баліць дагэтуль. Раптам як праніжа — няма брата. Усё магло быць зусім інакш».
Апошняя сустрэча з роднымі
Людміла прызнаецца, што нават зь сястрой Вольгай стасункі ў яе былі не настолькі даверлівыя, як з братам. Ён пасьвячаў яе ў свае таямніцы, яны былі блізкія па духу. Праўда, калі пасьля некалькіх месяцаў у Аўганістане прыехаў у кароткачасовы адпачынак, гэта ўжо быў зусім іншы чалавек. Менавіта тады родныя пабачылі яго апошні раз.
«Па ўсім адчувалася: ён уведаў нешта такое, чаго нам адсюль не ўразумець, — кажа яна. — Ну а як інакш? Навокал вайна, кожны дзень глыбокія ўзрушэньні. Усё гэта назапашвалася, хавалася ўнутры. Вочы ўжо ня тыя, вельмі засяроджаны.
Мама яго так прасіла, заклінала: „Сынок, што хочаш зробім, толькі заставайся дома!“ Як адчувала бяду. А ён толькі адно сказаў: „Прабач, не магу. Я абяцаў і мушу вярнуцца...“ За што ўрэшце аддаў жыцьцё мой брат, так і ня ведаю, бо за гэтыя 40 гадоў у тым Аўганістане нічога не зьмянілася. Тэракты, кроў, забойствы...»
Лісты на радзіму Генадзь Кулажанка слаў ня толькі сваякам, а і блізкаму сябру-аднакурсьніку, пісьменьніку Ўладзімеру Арлову. Пісаў па-беларуску, бо выхоўваўся ў асяродку беларускамоўнай інтэлігенцыі.
«Ён быў першым у маім жыцьці гарадзкім хлопцам, які гаварыў па-беларуску, — згадвае Ўладзімер Арлоў у сваёй кнізе „Імёны Свабоды“. — Не з тэлеэкрана, не са сцэны, не для публікі, а проста ў жыцьці.
Ягоную мову я пачуў на перапынку паміж лекцыямі на гістфаку БДУ, куды мы паступілі ў 1970-м, каб неўзабаве зрабіцца найлепшымі сябрамі: бадзяцца па Беларусі, езьдзіць у будатрады ў Казахстан і Сыбір, зачытвацца Караткевічам, ненавідзець афіцыйную хлусьню і марыць пра тое, чаго, магчыма, дачакаюцца будучыя дзеці і ўнукі — пра незалежнасьць».
Неўзабаве пачалі выдаваць літаратурны альманах «Мілавіца» — своеасаблівы пераемнік ліквідаванага кадэбэшнікамі наваполацкага «Блакітнага ліхтара». Акрамя Арлова і Кулажанкі, аўтарамі былі Эдвард Зайкоўскі, Ігар Чарняўскі, Юрась Бандаровіч, Сяргей Кавалёў. Лёс новага самвыдату аказаўся аналягічны: апошні наклад быў канфіскаваны супрацоўнікамі КДБ, з «заснавальнікамі» правялі тлумачальную работу.
Стварылі Клюб аматараў піва: паседжаньні адбываліся на тэрыторыях, непадкантрольных партыйнаму бюро, а ідэйнай плятформай стаў «піваізм» — новае маральна-палітычнае вучэньне. Лёгкадумнасьць урэшце «вылезла бокам» на дзяржаўных іспытах па гісторыі КПСС: Уладзя атрымаў у дыплём адзіны «траяк», а Гена некалькі разоў хадзіў на пераздачу.
«Гена быў начыста пазбаўлены сэрвільнасьці і лёкайства, а вось генамі авантурнасьці быў надзелены занадта шчодра, — піша далей Уладзімер Арлоў. — Ён шчыра верыў, што на вышэйшай пасадзе чалавек здольны больш пасьпяхова ажыцьцяўляць свае ідэі.
Дзеля кар’ернага росту пайшоў працаваць у камсамол, а неўзабаве выправіўся ў Аўганістан — дарадцам у справах моладзі. Мая спроба адгаварыць яго аказалася марнай. Але неўзабаве я пачаў атрымліваць лісты, дзе праз цэнзурныя закрэсьліваньні прабівалася ўсьведамленьне горкай і, як выявілася, фатальнай памылкі».
Генадзь у лістах то цытаваў паэтычныя радкі пра тое, «як мала пройдзена шляхоў, як многа зроблена памылак», то, карыстаючыся недасьведчанасьцю цэнзара, рытарычна пытаўся, што зрабілі б продкі, каб у часы Грунвальду нехта прыехаў да іх на танках усталёўваць уласны парадак?
«Пахаронка» з абцякальнай фармулёўкай
На пачатку ліпеня 1981 году ў менскую кватэру Ўладзімера Кулажанкі завіталі супрацоўнікі ЦК камсамолу ў суправаджэньні мэдыкаў. Спачатку зрабілі ўколы, а потым паведамілі: Генадзь геройскі загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан (ДРА). У адно імгненьне бацькі страцілі сына, сёстры — любімага брата, 4-гадовы Ўладзя — тату. Ад таго часу больш іх ніхто не турбаваў, сям’і дагэтуль няма куды аднесьці кветкі — ні магілы, ні помніка...
Што здарылася пасярод летняга пекла ў Гераце, дакладна невядома і па сёньня. Нямала высілкаў для высьвятленьня абставінаў здарэньня прыклаў ваенны карэспандэнт газэты «Комсомольская правда» ў Аўганістане Ўладзімер Сьнегіроў: сустракаўся са сьведкамі, выяжджаў у месцы дысьлякацыі партызанскіх фармаваньняў. З супярэчлівых паказаньняў сілавікоў, муджагедаў і мірных жыхароў вынікала, што Генадзя Кулажанку маглі як забіць, так і ўзяць у палон.
Паводле вэрсіі Службы дзяржаўнай бясьпекі Аўганістану, раніцай 28 чэрвеня 1981 году ён меўся адляцець з Герату ў Кабул. Ужо на лётнішчы агледзеўся, што забыў тэчку з дакумэнтамі. Можна было не пераймацца, але падлічыў, што пасьпее зьезьдзіць у гатэль і вярнуцца да самалёта. Злавіў таксі, чым аўтаматычна парушыў інструкцыю, якая загадвала перасоўвацца ў бронетранспартэры — горад, з усіх бакоў абкладзены аўганскімі баевікамі, фактычна быў на асадным становішчы.
На пад’езьдзе да гатэля аўтамабіль блякавалі байцы муджагэду Каюма. У часе перастрэлкі (савецкія інструктары таксама былі ўзброеныя аўтаматам Калашнікава і пісталетам ТТ) Кулажанка быў цяжка паранены. Ягонае цела баевікі нібыта прывязалі да матацыкла і пацягнулі ў схованку, каб потым выменяць на арыштаваных паплечнікаў. Па дарозе ён памёр ад ранаў.
А вось са слоў жыхароў навакольных кішлакоў вынікала, што «шураві» застаўся жыць, яго трымаюць у палоне. Пра «сьветлавалосага чужынца», захопленага летам, казаў і адзін з душманаў, які ў канцы восені прыйшоў з павіннай у кабульскую службу бясьпекі. Але пакуль вайскоўцы выпрацоўвалі плян штурму кішлака, спэцслужбы правялі аўтаномную апэрацыю, і на пачатку зімы Каюма забілі. Страціўшы важака, баевікі разьбегліся, вызначыць каардынаты турмы не ўдалося.
«Мама лічыла, што Гена быў жывы недзе да 2008 году. А потым яго ня стала, — кажа Людміла Хрышчановіч. — Такое было ў яе адчуваньне: сон прысьніла, што ён страшна пакутаваў, а потым супакоіўся.
Штосьці ў гэтым ёсьць, бо такой была мая бабулька-паляшучка: ня тое што магла варажыць, але адчувала многія рэчы, якія звычайны чалавек вытлумачыць ня мог. Відаць, і маме нешта ад яе перадалося. А сэрца маці — магутная рэч, шмат на што здольная... Што цяпер гаварыць? Майму брату гэта, відаць, ужо не патрэбна, родным было і ёсьць цяжка, а іншым — ніяк».
Бясплённыя пошукі беларуса
Шукалі Генадзя Кулажанку да вясны 1982 году. Паколькі месца знаходжаньня парэшткаў так і засталося невядомым, яго прызналі зьніклым бязь вестак. Пра гэта праінфармавалі МЗС СССР, ЦК ВЛКСМ і сям’ю ў Беларусі.
За «мужнасьць і самаадданасьць пры выкананьні прафэсійнага абавязку» ўказам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР за подпісам Леаніда Брэжнева камсамольскі работнік Генадзь Кулажанка быў узнагароджаны ордэнам Дружбы Народаў (пасьмяротна). У яго гонар названая вуліца ў Паставах, адкуль ён пачаў свой прафэсійны шлях.
Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, напярэдадні 10-й гадавіны мэмарыялізацыі Вострава сьлёз у Менску, Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане абвясьціў, што мае інфармацыю пра ўсіх ураджэнцаў Беларусі, якія лічыліся зьніклымі бязь вестак у часе баявых дзеяньняў. Аднак тады ў інтэрвію Свабодзе Ўладзімер Кулажанка паставіў пад сумнеў заявы кіраўніцтва арганізацыі — на прыкладзе сваёй сям’і.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці насамрэч вядомы лёс усіх зьніклых “інтэрнацыяналістаў”?«Гэта няпраўда, што ўсё вядома, дакладных зьвестак няма і цяпер, — казаў у жніўні 2006 году бацька Генадзя. — А калі і вядома, то ні мне, ні маці нічога не гаварылі. Ніякіх пахаваньняў не знайшлі, ягонае цела сюды дастаўленае не было. І невядома, дзе ён увогуле.
Кажуць толькі, што ўсё адбылося 28 чэрвеня 1981 году. Нас суцешылі, што гераічна загінуў, выконваючы службовыя абавязкі. Прыехалі да мяне ў хату з ЦК камсамолу, зрабілі ўкол, каб не памёр ад стрэсу, агаломшылі гэтай горкай навіной. І ўсё, на гэтым канец».
Ужо пасьля вываду савецкіх войскаў з Аўганістану здабыткам галоснасьці стала дакладная запіска КДБ СССР пад грыфам «Сакрэтна». Яна непасрэдна тычылася загадкавага зьнікненьня дарадцы ЦК ВЛКСМ.
У ёй паведамлялася, што 30 лістапада 1981 году на хвалях радыёстанцыі «Голас Амэрыкі» жыхар Менску Ўладзімер Кулажанка пачуў інфармацыю, што ў палоне аўганскіх партызанаў амаль паўгода ўтрымліваецца моладзевы дарадца. Ён не выключаў, што палонным можа быць ягоны сын Генадзь, які зьнік у канцы чэрвеня таго ж году, і прасіў зрабіць усё дзеля яго вызваленьня.
Супрацоўнікі савецкіх спэцслужбаў, выкарыстоўваючы агентуру аўганскай службы бясьпекі, атрымалі ўскоснае пацьверджаньне інфармацыі.
Прыблізна ў той жа час у ХАД прыйшоў з прапановай супрацоўніцтва былы чалец шыіцкай падпольнай арганізацыі з правінцыі Вардак. Паводле яго, у кішлаку Тагаў павету Біхсуд разьмешчана турма аднаго з фармаваньняў партыі «Харакатэ ісламіе», дзе трымаюць маладога чалавека з СССР. Інфарматару паказалі здымкі зьніклых савецкіх вайскоўцаў і цывільных, ён пазнаў Кулажанку.
Загадкавы пакістанскі сьлед
Іншыя крыніцы не былі такія пэўныя, часта адна вэрсія супярэчыла папярэдняй. Але ў лютым 1982 году адзін з былых байцоў зноў пасяліў у бацькоў надзею, расказаўшы, што ўлетку з Герату ў павет Бісхуд у суправаджэньні палявога камандзіра, былога маёра ўзброеных сілаў ДРА Саіда Джаграна быў дастаўлены палонны «шураві». Ад яго катаваньнямі дамагаліся інфармацыі пра дзейнасьць дарадчага апарату. У далейшым кіраўніцтва фармаваньня нібыта зьбіралася пераправіць закладніка ў Пакістан. Ці здарылася гэта, невядома.
Неўзабаве пасьля зьнікненьня Генадзя Кулажанкі прадстаўнікі Міжнароднага Чырвонага Крыжа выступілі з ініцыятывай шматбаковых перамоваў пра лёс савецкіх палонных. Але безвынікова. Прынамсі, ніякіх сьлядоў утрыманьня ці пахаваньня беларуса знайсьці не ўдалося — ні ў Аўганістане, ні ў Пакістане.
Як згадвае Ўладзімер Арлоў, ужо пасьля вайны ў прэсу пратачыліся скупыя зьвесткі пра расстралянае цяжкой артылерыяй паўстаньне ваеннапалонных у турме на аўганска-пакістанскай мяжы, сярод удзельнікаў якога мог быць і Генадзь Кулажанка. Але гэтыя дапушчэньні таксама нічым не падмацаваліся.
Паводле старшыні фонду дапамогі інвалідам аўганскай вайны «Баявое братэрства бязь межаў» Віктара Сівохіна, праз Камітэт у справах інтэрнацыяналістаў пры Радзе кіраўнікоў урадаў СНД са штаб-кватэрай у Маскве існуе магчымасьць выехаць на месца баёў — колішнія муджагеды даюць дабро на пошук пахаваньняў. У статуце арганізацыі запісана: адна з прыярытэтных задачаў — пошук зьніклых бязь вестак былых вайскоўцаў савецкай арміі, выяўленьне месцаў пахаваньняў і дастаўка парэшткаў на радзіму.
Аднак, адзначае Сівохін, выглядае, што цяперашніх лідэраў краін постсавецкай прасторы ні жывыя, ні мёртвыя ўжо не цікавяць. У свой час з Аўганістану ў расейскі Растоў-на-Доне прывезьлі блізу сотні неідэнтыфікаваных фрагмэнтаў чалавечых целаў, але аналіз ДНК так і не зрабілі. Тым часам дзясяткі сем’яў пазбаўленыя магчымасьці годна ўшанаваць сваіх родных, пра якіх ня маюць зьвестак і праз 30 гадоў пасьля заканчэньня бессэнсоўнай вайны.
Беларусы ў аўганскай вайне
- Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў 10-гадовай аўганскай вайны разыходзяцца: ад 711 да 789 загінулых з агульнага ліку больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі).
- Прыблізна 1500 беларусаў атрымалі раненьні, больш за палову параненых вярнуліся інвалідамі.
- Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца ў пераліку зьніклых бязь вестак ці ўзятых у палон — прычым гэта ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.
- Грамадзянская вайна ў Аўганістане пачалася зь дзяржаўнага перавароту ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру Мухамэда Дауда, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. СССР увёў войскі ў Аўганістан у 1979 годзе на просьбу прасавецкага аўганскага кіраўніцтва. ЗША ў той час сакрэтна падтрымлівалі антыўрадавыя сілы — муджагедаў.
- Вывад савецкіх войскаў пачаўся ўвесну 1988 году на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага 1989-га: гэты дзень лічыцца афіцыйным канцом той вайны.
- Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Былі забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні зьніклі бязь вестак.
- Пасьля вываду савецкіх войскаў у Аўганістане працягнуліся войны: неўзабаве муджагеды зрынулі прасавецкі ўрад, зь імі пачаў ваяваць радыкальны рух «Талібан». У 2001 годзе ў краіну ўвялі свае войскі ЗША і іншыя чальцы NATO, а талібаў падтрымалі тэрарысты «Аль-Каіды», але дамагчыся кантролю над усёй краінай нікому не ўдалося і сёньня.