«Беларусь для нас сяброўская краіна», — заявіў у інтэрвію Свабодзе міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.
Сьцяпан Палтарак выказаўся за ўзмацненьне супрацы зь Беларусьсю ў вайсковай сфэры, у тым ліку і ва ўзаемадзеяньні ўзброеных сіл дзьвюх дзяржаў.
«Некалькі гадоў таму мы сустракаліся з калегамі зь Беларусі, але гэтыя сустрэчы не датычыліся правядзеньня супольных вучэньняў. У гэтым кірунку, мы, на жаль, не супрацоўнічаем зь Беларусьсю. Мяркую, краіны, якія знаходзяцца побач, апроч, вядома, краіны-агрэсара, абавязкова мусяць супрацоўнічаць. Беларусь для нас сяброўская краіна, і мы заўсёды адкрытыя для перамоў», — сказаў Сьцяпан Палтарак у інтэрвію Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны ад нацыяналістаў Руслан Кашулінскі: «Мусім змагацца і за Беларусь»У той жа час міністар абароны Ўкраіны падкрэсьліў, што першачарговыя вайсковыя захады ўкраінскага войска цяпер грунтуюцца на тым, каб папярэдзіць пагрозы з Расеі:
«Справа ў тым, што цяпер для нас існуе пагроза на ўсходзе, над якой мы працуем. Ёсьць агрэсар — Расейская Фэдэрацыя, і мы ўсе свае высілкі накіроўваем на тое, каб супрацьстаяць расейскай агрэсіі. А Беларусь мы лічым сваімі сябрамі і пабрацімамі. І я веру ў тое, што беларускі народ ніколі ў жыцьці не далучыцца да агрэсіі Расеі супраць Украіны».
У размове з карэспандэнткай Свабоды Палтарак коратка адказаў на пытаньне, ці ўлічваецца ў плянаваньні дзейнасьці вайсковых сілаў Украіны пагроза паглынаньня Расеяй Беларусі: «Тады гэта будзе зусім іншая гісторыя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны: «Будучыня Беларусі — эўрапейская»Украіна бачыць пагрозу ў Расеі
Днямі Палтарак казаў, што апошнім часам быў створаны корпус рэзэрву і танкавая брыгада рэзэрву на выпадак адкрытай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Паводле яго, тэхніка падрыхтаваная да бою, запраўленая палівам, ёсьць экіпажы, якія ў выпадку абвастрэньня сытуацыі або адкрытай агрэсіі гатовыя ў самыя сьціслыя тэрміны прыступіць да выкананьня задач.
Палтарак не паведаміў месца дысьлякацыі рэзэрвовай брыгады, але, мяркуючы па тым, што такую заяву ён зрабіў у часе сваёй паездкі ў Харкаў, магчыма, яна разьмешчаная на ўсходзе Ўкраіны, паблізу з расейскай мяжой.
Якія вучэньні Ўкраіна праводзіла ля мяжы зь Беларусьсю
За апошнія паўгода Ўкраіна тройчы праводзіла вайсковыя вучэньні на мяжы зь Беларусьсю — на палігоне «Ганчароўскае» ў Чарнігаўскай вобласьці, што за 70 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Летась у сьнежні, калі ў 10 абласьцях Украіны ўвялі ваеннае становішча, украінскае войска адпрацоўвала вядзеньне агню з танкаў, баявых машын пяхоты і артылерыі, а таксама элемэнты наступу і вядзеньня бою ва ўмовах наступу праціўніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне за 70 кілямэтраў ад мяжы Беларусі пачаліся маштабныя вайсковыя вучэньніУ жніўні 2017-га на чарнігаўскім палігоне ў адказ на беларуска-расейскія манэўры «Захад-2017» і паралельна зь імі ў часе Ўкраіна правяла найбольш маштабныя з 2014 году вучэньні, да якіх былі далучаныя тысячы рэзэрвістаў.
За ўвесь час двухбаковых дачыненьняў Беларусь і Ўкраіна ніколі не праводзілі супольных вайсковых вучэньняў на палігонах, але пэрыядычна на ўзроўні штабоў адпрацоўвалася ўзаемадзеяньне ў сфэры супрацьпаветранай абароны. Апошні раз такія навыкі органы кіраваньня паветраных сіл Беларусі і Ўкраіны адпрацоўвалі ў кастрычніку 2013 году, калі Ўкраіну ачольваў зрынуты прэзыдэнт Віктар Януковіч.