Кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Натальля Качанава расказала на сустрэчы з калектывам кампаніі «Беларуськалій» аб тым, што ў краіне пастаўленая задача «аб наяўнасьці ня менш як 30% кантэнту на беларускай мове», паведаміла газэта «Калійшчык Салігорска».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністрацыя Лукашэнкі «паставіла задачу» перавесьці 30% ТВ на беларускую мову?Але прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант зьняпраўдзіла гэтую заяву ў камэнтары Свабодзе.
Згодна закону «Аб СМІ», сказала яна, гаворка ідзе пра 30% нацыянальнага кантэнту — фільмаў і перадачаў, створаных у Беларусі. А ў кантэксьце гэтага «можна разьлічваць і на тое, што беларуская мова будзе выкарыстоўвацца часьцей».
На ўдакладненьне пра наяўнасьць нейкай іншай квоты на беларускую мову на ТВ яна адказала: «Вядома, не, няма». На думку Эйсмант, журналісты, якія перадавалі словы Качанавай, нешта наблыталі.
Мінінфарм: Журналіст памыліўся
«Кіраўніца адміністрацыі казала іначай, — запэўніў карэспандэнта Свабоды першы намесьнік міністра інфармацыі Павал Лёгкі. — Кіраўніца заявіла пра тое, што 30% кантэнту на тэлеканалах павінна быць айчыннай, беларускай вытворчасьці.
Журналіст пачуў, калі вы зьвярнулі ўвагу, гэта была не цытата, а пераказ. Гэта апошні абзац артыкула. Журналіст на блякнот як запісаў — і вось вынік.
Кіраўніцтва адміністрацыі паведаміла пра тую норму, якая ёсьць у законе аб сродках масавай інфармацыі. Гаворка ішла пра 30% нацыянальнага беларускага кантэнту. Журналіст памыліўся і такім чынаў выклаў».
У пункце 1.9 закону «Аб СМІ» вызначаецца, што сродку масавай інфармацыі могуць адмовіць у дзяржаўнай рэгістрацыі, калі «аб'ём тэлеперадачаў, аўдыёвізуальных твораў, іншых паведамленьняў і (або) матэрыялаў беларускай (нацыянальнай) вытворчасьці ў штомесячным абʼёме вяшчаньня тэлевізійных сродкаў масавай інфармацыі складае менш за 30%» — рэдакцыя абавязаная забясьпечыць прынамсі такую долю нацыянальнага кантэнту, калі іншае ня вызначана міжнароднымі дамовамі.
У Качанавай пыталіся крыху пра іншае
Пытаньне аб папулярызацыі беларускай мовы на тэлевізіі паставіла начальніца ідэалягічнага ўпраўленьня «Беларуськалію» Натальля Навіцкая. Яна сказала Свабодзе, што ейнае пытаньне тычылася канкрэтнага тэлеканалу.
«У мяне была прапанова на БТ-1 ранішнюю праграму „Добрай раніцы, Беларусь“ хоць бы адзін раз на тыдзень праводзіць на беларускай мове, — сказала Навіцкая. — Гэта было б вельмі разумным. Перадача мае назву на беларускай мове. Раніцай мы б чулі прыгожую, правільную гаворку. Мова беларуская прыгожая. У нас ёсьць карэспандэнты, якія маглі б весьці перадачу на беларускай мове. Было б нядрэнна, але гэта як прапанова.
Качанава да гэтага станоўча паставілася. Яна сказала, што ў нас ёсьць на тэлебачаньні беларускія перадачы. Раней жа ОНТ выпусьціла адну перадачу на беларускай мове. Але я часьцей БТ уключаю, і мне хацелася б тое ж самае ўбачыць там. Але гэта павінны быць спэцыялісты, якія добра ведаюць мову, бо наша мова павінна прыгожа гучаць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік АНТ пра 44% расейскага кантэнту: У іх вельмі добрыя міжнародныя агляды ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пэўныя колы ва ўладзе ўсьведамляюць пагрозу расейскай прапаганды ў беларускіх СМІ, — старшыня БАЖБеларускай мовы ў тэлевізіі пакуль мала
Дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі пераважна расейскамоўныя. На «Беларусь-1» ёсьць хіба што асобныя перадачы па-беларуску. У «нумарной» сетцы БТ ёсьць таксама тэлеканал «Беларусь-3», пра які кіраўніцтва БТ казала, што беларускамоўныя перадачы на ім займаюць 32% штодзённага вяшчаньня, а па-беларуску робяцца 75% уласных перадачаў каналу.
Тым часам беларускамоўнаму тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, адмовілі ва ўключэньні ў беларускія тэлевізійныя кабэльныя сеткі: на пэтыцыю аб гэтым намесьнік гендырэктара «Беларусь-1» Сяргей Шышко адказаў, што «ў сетцы вяшчаньня прысутнічае шырокі пералік беларускамоўных перадачаў і рубрык».
Стварыць беларускамоўны тэлеканал задумалі самі кабэльныя апэратары — з такой прапановай яны зьвярнуліся да дэпутаткі Алены Анісім, яна перадала прапанову міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу. Анісім кажа, што Карлюкевіч назваў прапановы цікавымі.
Міністар культуры Беларусі Юры Бондар казаў, што сумняецца, ці варта перакладаць кіно на беларускую: пытаўся, «ці маем мы права ўмешвацца ў задуму, творчую ідэю стваральніка фільму?»