Кіраўнік NATO і выканаўца абавязкаў кіраўніка Пэнтагону заявілі, што прагрэс у перамовах з экстрэмісцкай групоўкай «Талібан», якія маюць на мэце спыніць 17-гадовую вайну ў Аўганістане, зьяўляецца абнадзейлівым.
Выступаючы 28 студзеня ў Вашынгтоне, генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрґ выказаў упэўненасьць у тым, што баевікі «не перамогуць на полі бою, таму ім трэба сесьці за стол перамоваў. І тое, што мы бачым цяпер, прагрэс і перамовы з „Талібанам“, абнадзейвае».
Раней спэцыяльны прадстаўнік ЗША ў пытаньнях міру ў Аўганістане Залмай Халілзад заявіў, што змог дасягнуць прагрэсу ў шасьцідзённых перамовах з прадстаўнікамі экстрэмісцкай групоўкі «Талібан» у Катары.
«Сустрэчы (з „Талібанам“ — РС) былі больш прадуктыўнымі, чым у мінулым. Мы дасягнулі значнага прагрэсу па найбольш важных пытаньнях», — напісаў спэцпрадстаўнік у сваім Твітэры.
Паводле Халілзада, дасягнуць фінальных дамоўленасьцяў пакуль не ўдалося, аднак перамовы неўзабаве працягнуцца. Канчатковыя дамоўленасьці павінны прадугледжваць дыялёг паміж талібамі і ўладамі Аўганістану, а таксама усёабдымнае спыненьне агню.
Прадстаўнік «Талібану» Забінула Муджагід заявіў, што, хоць на сустрэчах сапраўды быў прыкметны прагрэс, паведамленьне аб спыненьні агню і перамовы ў Кабуле «ілжывыя». Ён дадаў, што, пакуль з Аўганістану ня будзе выведзены міжнародны вайсковы кантынгент, перамовы па іншых пытаньнях будуць заблякаваныя.
ЗША спрабуюць дасягнуць дамоўленасьці, якая прывяла б да заканчэньня 17-гадовай вайны паміж талібамі і ўрадам Аўганістану. Перамовы ідуць цяжка, талібы адмаўляюцца ад прамых кантактаў з прадстаўнікамі ўраду і маюць ЗША за пасярэдніка.
20 сьнежня 2018 году прадстаўнік ЗША афіцыйна заявіў пра намер амэрыканскага прэзыдэнта Дональда Трампа вывесьці ў недалёкай будучыні з Аўганістану ня менш за пяць тысяч вайскоўцаў. Гэтая навіна паступіла на наступны дзень пасьля заявы Трампа аб намеры вывесьці дзьве тысячы вайскоўцаў з Сырыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і талібы дамаўляюцца аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Аўганістану