У Расеі працягваецца суд над грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам, якога абвінавачваюць у падбухторваньні да тэрарызму. «Новая газета» перадае, што казаў абвінавачваны пра сваё затрыманьне ў Беларусі.
Расейскія апэратыўнікі сьцьвярджаюць, што затрымалі Паўла Грыба 25 жніўня ў Расеі — у мястэчку Ярцава. Сам абвінавачаны кажа, што затрыманьне адбылося днём раней у Беларусі — у Гомлі. Калі ён ішоў на аўтавакзал, каб ехаць ва Ўкраіну, яго сустрэлі «людзі ў цывільным».
«Іх было пяцёра, — расказваў Паўло Грыб у судзе. — Выглядалі, як звычайныя людзі: джынсы, чорныя курткі. Мне на галаву нацягнулі капюшон, зацягнулі ў мікрааўтобус і вывезьлі ў лес. Білі па нагах і ў жывот, здымалі гэта на камэру. Забралі дакумэнты і зваротны білет. Потым павезьлі ў нейкую спартовую залю. Памятаю, там была швэдзкая сьценка. Мяне гразіліся павесіць на яе дагары нагамі. Да рук прывязалі гіры. У прыбіральню вадзілі, але не давалі ні піць, ні есьці.
А ўжо потым — да сьледчага. Той проста сказаў: «Альбо ты прызнаеш усё, альбо застаесься яшчэ тут». Я на ўсё жыцьцё іх запомніў і, калі ўбачу, абавязкова апазнаю ўсіх, хто там быў».
Расейскія сьледчыя гэта адпрэчвалі: сьцьвярджалі, нібы сам Грыб казаў, што фізычны гвалт да яго не ўжываўся, скаргаў не паступала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выкрадзенага зь Беларусі ўкраінца шпіталізавалі з залі суду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія вязьні Крамля: закладнікі гібрыднай вайны Расеі супраць УкраіныПаўло Грыб зьнік у жніўні 2017 году ў беларускім Гомлі, пазьней яго знайшлі ў СІЗА ў расейскім Краснадары. Яму інкрымінуюць злачынства паводле артыкулу аб тэрарызьме. Бацькі Паўла перакананыя, што зь Беларусі яго выкралі расейскія спэцслужбы.
Расейская адвакатка Марына Дубровіна, якая прадстаўляе ў судзе інтарэсы Паўла Грыба, паведамляла, што ў справе адсутнічаюць матэрыялы аб тым, што ўкраінец быў выкрадзены ў Беларусі.
«Афіцыйная вэрсія — ён самастойна перайшоў мяжу і трапіў у Смаленскую вобласьць, горад Ярцава, а там быў ужо затрыманы», — адзначыла адвакат.
«Мы разумеем, што на тэрыторыі Беларусі дзейнічаюць расейскія ўладныя структуры, — заявіў летась міністар замежных справаў Украіны Паўло Клімкін. — Расея прысутнічае там у сфэры бясьпекі. Але ў двухбаковых адносінах, палітычных і эканамічных, у нас няма вялікіх праблем. Ізноў гаворка ідзе пра Расею, якая спрабуе дэстабілізаваць рэгіён Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. І дадаткова спрабуе давесьці Эўразьвяз да падзелу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У МЗС Беларусі адрэагавалі на заяву Клімкіна пра небясьпеку знаходжаньня ўкраінцаў у Беларусі