У выпадку беспарадкаў пры выхадзе Вялікабрытаніі з Эўразьвязу без угоды брытанскі ўрад можа ўвесьці ў краіне надзвычайнае або ваеннае становішча. Пра гэта піша 27 студзеня выданьне The Times са спасылкай на крыніцы ва ўрадзе.
Згодна зь дзейным заканадаўствам, сярод магчымых захадаў, якія разглядае ўрад, наступныя: камэнданцкая гадзіна, абмежаваньне перамяшчэньня грамадзянаў, канфіскацыя маёмасьці, разгортваньне вайсковых і сілавых падразьдзяленьняў для падаўленьня беспарадкаў, і іншыя, піша газэта.
«Галоўнай тэмай ва ўсіх плянах без пагадненьня зьяўляецца грамадзянскае непадпарадкаваньне і занепакоенасьць, што гэта можа прывесьці да ахвяраў у выпадку дэфіцыту прадуктаў харчаваньня і мэдычных паслугаў», — заявіў суразмоўца выданьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плян Мэй праваліўся. Што будзе далей з Брэксытам?15 студзеня Палата абшчынаў Вялікабрытаніі адхіліла прапанаваны Тэрэзай Мэй плян выхаду краіны з Эўразьвязу. Супраць дамовы з Брусэлем выказаліся 432 дэпутаты, падтрымалі дакумэнт 202 заканадаўцы.
У лістападзе 2018 году ўрад Мэй ўзгадніў угоду з Брусэлем, якая пастанаўляе, што Вялікабрытанія выйдзе з Эўрапейскага зьвязу ў сакавіку 2019 году, аднак гэты дакумэнт мусіў зацьвердзіць брытанскі парлямэнт.
Лейбарысты, лібэральныя дэмакраты, Дэмакратычная юніянісцкая партыя і некаторыя дэпутаты з Кансэрватыўнай партыі, да якой належыць і Мэй, выступілі супраць угоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэрэза Мэй адхіліла ідэю другога рэфэрэндуму наконт БрэксытуПрэм’ер-міністарка Вялікабрытаніі 21 студзеня прадставіла ў парлямэнце «плян В» выхаду краіны з Эўрапейскага зьвязу. Галасаваньне наконт новага пляну мае адбыцца 29 студзеня.
Вялікабрытанія выйдзе з ЭЗ да 29 сакавіка. За гэта выказаліся на рэфэрэндуме 2016 году зь перавагай менш чым чатыры працэнты прыхільнікі выхаду Вялікабрытаніі з Эўразьвязу.