Дзейны кіраўнік Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура заявіў, што ня мае намеру выконваць ультыматыўнае патрабаваньне некалькіх эўрапейскіх краін аб абвяшчэньні новых выбараў у краіне на працягу васьмі дзён.
Мадура паведаміў пра гэта ў нядзелю ў інтэрвію тэлеканалу CNN Turk, падкрэсьліўшы, што «Эўропа зноў робіць памылку ў дачыненьні да Вэнэсуэлы ».
«Яны мусяць адмовіцца ад свайго ўльтыматуму», — заявіў Мадура.
Паводле яго, лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо, абвясьціўшы сябе часовым прэзыдэнтам, тым самым парушыў канстытуцыю Вэнэсуэлы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вэнэсуэла: Рэвалюцыя ці пачатак грамадзянскай вайныМадура заявіў, што ён адкрыты для дыялёгу, у тым ліку і з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Такая сустрэча «малаверагодная, але разам з тым не немагчымая», адзначыў ён.
Нікаляс Мадура выказаў падзяку турэцкаму калегу Рэджэпу Таіпу Эрдагану за ягоную падтрымку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Эўразьвязу паабяцалі прызнаць лідэра апазыцыі Вэнэсуэлы прэзыдэнтам, калі ня будзе перавыбараўРаней Брытанія, Нямеччына, Францыя, Гішпанія заявілі, што гатовыя будуць прызнаць Хуана Гуайдо часовым прэзыдэнтам краіны, калі ў Вэнэсуэле на працягу васьмі дзён не абвесьцяць аб правядзеньні новых выбараў.