Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Расея не адпраўляла наёмнікаў у Вэнэсуэлу для падтрымкі рэжыму Нікаляса Мадура. Пра гэта ён расказаў падчас праграмы «Масква. Крэмль. Пуцін».
«Ну вядома, не. У страху вочы па яблыку», — заявіў Пяскоў.
Напярэдадні агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве крыніцы, блізкія да наёмнікаў, паведаміла, што байцы прыватных вайсковых кампаніяў прыбылі ў Вэнэсуэлу за апошнія некалькі дзён для забесьпячэньня бясьпекі Мадура падчас масавых пратэстаў, падтрымоўваных ЗША.
Трэцяя крыніца агенцтва таксама пацьвердзіла, што расейскія наёмнікі ў Вэнэсуэле ёсьць, але не ўдакладніла, калі яны прыбылі і якая іх роля.
Адна з крыніцаў агенцтва расказала, што першая група вайскоўцаў-наёмнікаў з Расеі прыбыла ў траўні 2018 году, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Вэнэсуэле, а другая — «нядаўна».
Старшыня камітэту «Агульнарасейскага афіцэрскага сходу» Яўгеній Шабаеў сказаў Reuters, што ў Вэнэсуэле знаходзяцца каля 400 чалавек з расейскіх прыватных вайсковых кампаніяў. Іншыя суразмоўцы кажуць пра невялікія групы, не ўдакладняючы іх колькасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Мадура ахоўваюць расейскія кантрактнікіМіністэрства абароны Расеі не адказала на запыт агенцтва аб вайсковай прысутнасьці ў Вэнэсуэле. Прэс-сакратар прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў сказаў, што «ня мае такой інфармацыі».
23 студзеня кіраўнік парлямэнту Вэнэсуэлы Хуан Гуайдо на фоне масавых пратэстаў у некалькіх гарадах абвясьціў сябе выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта краіны. Ён заявіў, што вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамог Нікаляс Мадура, несапраўдныя. Гуайдо заклікаў вэнэсуэльцаў не сыходзіць з вуліц, пакуль Мадура не адмовіцца ад улады.
Гуайдо прызналі легітымным кіраўніком дзяржавы ЗША, Канада, Бразылія, Пэру, Аргентына, Парагвай, Калюмбія, Эквадор, Коста-Рыка, Чылі, Панама і Вялікая Брытанія.
Расея, Турцыя, Кітай, Куба і Балівія лічаць прэзыдэнтам Мадура. Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін пагаварыў зь ім па тэлефоне і выказаў яму «безумоўную падтрымку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стасункі з Вэнэсуэлай былі заведама стратныя для Беларусі, — экспэртПрэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка таксама меў тэлефонную размову зь Нікалясам Мадура і заявіў, што Беларусь катэгарычна не падтрымлівае «любое зьнешняе ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэннай дзяржавы, у тым ліку накіраванае на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне». Ён запэўніў, што Вэнэсуэла заўсёды можа разьлічваць на падтрымку Менску.