Графіці вулічнага мастака Бэнксі, нанесенае на дзьверы задняга выхаду з канцэртнай залі «Батаклян» у Парыжы, выкрадзенае невядомымі зламысьнікамі, паведамляюць прадстаўнікі залі. Мастак напісаў карціну ў чэрвені 2018 году ў памяць пра ахвяраў тэракту.
«Сёньня намі рухае глыбокае абурэньне», — гаворыцца на старонцы канцэртнай залі ў фэйсбуку. «Твор мастацтва павінен жыць у пэўным асяродзьдзі, гэтая праца мела сэнс толькі тут», — падкрэсьліваюць аўтары паведамленьня.
Агенцтва AFP са спасылкай на крыніцу, блізкую да расьсьледаваньня, сьцьвярджае, што ў крадзяжы працы Бэнксі, які адбыўся ўвечары 25 студзеня, удзельнічала група людзей у капюшонах, узброеных «баўгаркамі» — вуглавымі шліфавальнымі машынамі. Яны патрапілі на камэры відэаназіраньня, цяпер іх шукае паліцыя.
13 лістапада 2015 году ў выніку сэрыі скаардынаваных нападаў і выбухаў у Парыжы загінулі 130 чалавек, яшчэ каля 350 атрымалі раненьні.
Спачатку трое сьмяротнікаў прывялі ў дзеяньне выбуховыя прылады ў запоўненым людзьмі стадыёне «Стад дэ Франс». Празь некалькі хвілінаў тэрарысты напалі з аўтаматамі на наведвальнікаў двух кавярняў у суседняй акрузе Парыжа. Пазьней адбыўся выбух у яшчэ адной парыскай кавярні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кроў залівала пакой» — інтэрвію гурту Eagles of Death Metal, канцэрт якога расстралялі тэрарысты ў ПарыжыАпошняй мэтай экстрэмістаў стала канцэртная заля «Батаклян», яе наведвальнікі былі ўзятыя ў закладнікі. Штурм клюбу доўжыўся некалькі гадзін. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».
Бэнксі — адзін з самых вядомых вулічных мастакоў у сьвеце. Ён працуе ананімна, у кастрычніку адна зь ягоных работ была прададзеная на аўкцыёне Sotheby’s за 1,4 мільёна даляраў і самазьнішчылася пасьля продажу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бэнксі патлумачыў няпоўнае зьнішчэньне карціны на аўкцыёне