Выпушчаны надоечы з ізалятара Зьміцер Паліенка зьвязаў перасьлед анархістаў з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў, якія ўлетку адбудуцца ў Менску. Паліенку з паплечнікамі падазраюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей».
Ён лічыць, што перад гульнямі ўлады плянуюць цалкам нэўтралізаваць актыўнасьць анархістаў, «адной з самых актыўных апазыцыйных груп у краіне».
«Гэта ўжо бачна па рэпрэсіях, якія абрынулі на анархістаў у апошнія дні, і па цікаўнасьці да нашых сувязяў, да нашых плянаў», — сказаў Паліенка.
Актывіст дадаў, што на допытах яго і ягоных сяброў больш за ўсё распытвалі пра сувязі ў анархісцкім руху. З гэтай цікавасьцю сілавікоў ён зьвязвае і тое, што ў яго падчас ператрусу забралі носьбіты інфармацыі і перапіску.
У сувязі з гэтым Зьміцер Паліенка прапанаваў палітыкам абвясьціць байкот Эўрапейскіх гульняў — 2019.
«Мы супраць такіх гульняў, якія пройдуць на фоне рэпрэсій супраць анархісцкага руху», — заявіў былы палітвязень.
Анархісты паскардзіліся ў пракуратуру на зьдзекі ў міліцыі
Падазраваныя ў справе антыміліцэйскага графіці — Зьміцер Паліенка, Яўген Чуліцкі і Настасься Гусева — заявілі 25 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі, што ў міліцыі зь імі абыходзіліся зьняважліва.
Дзе
- Заводзскі РУУС,
- ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна,
- міліцэйскі транспарт.
Як
Зьміцер Паліенка:
- зьбівалі;
- пагражалі «пасадзіць на бутэльку»;
- абражалі мацернымі словамі;
- шантажавалі завядзеньнем крымінальнай справы супраць сяброўкі;
- патрабавалі напісаць прызнаньне ў злачынстве;
- забралі 370 рублёў і 100 даляраў.
Настасься Гусева:
- больш за суткі трымалі без вады і ежы;
- усяляк абражалі, у тым ліку з пагрозай сэксуальнага гвалту;
- адмовіліся аказаць мэдычную дапамогу, калі ёй стала блага;
- не выводзілі ў прыбіральню;
- пагражалі крымінальнай справай;
- прымушалі даць непраўдзівыя паказаньні на сяброў.
Яўген Чуліцкі таксама заявіў пра пагрозы і шантаж з боку міліцыянтаў.
Наста Гусева і Зьміцер Паліенка напісалі заявы ў пракуратуру, каб міліцыянтаў прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Уварваліся 9 чалавек з аўтаматамі» — анархіст і яго сяброўка расказалі пра затрыманьне «людзьмі ў масках»Паліенка і Гусева сказалі, што адмовіліся ад удзелу ў сьледчых дзеяньнях. Яўген Чуліцкі заявіў, што на допытах прадставіў доказы, што ня быў на месцы нанясеньня графіці.
Паліенка ўдакладніў, што наконт падазрэньняў у нанясеньні графіці ён выкажацца толькі на судзе.
Анархіст не выключае абвінаваўчых выракаў, калі справа дойдзе да суду.
«Мы ўсе ведаем, што такое беларускі суд, і разумеем, чым ён скончыцца, калі зьверху дадуць адпаведны загад. Але нельга маўчаць пра парушэньні закону, якія чыняцца з боку міліцыянтаў», — мяркуе актывіст.
Актывістаў анархісцкага руху Зьмітра Паліенку і Насту Гусеву затрымалі 21 студзеня ў кватэры Паліенкі. У кватэры правялі ператрус. У той жа дзень затрымалі Яўгена Чуліцкага. У актывістаў канфіскавалі ноўтбукі, тэлефоны, асабістую перапіску, рэчы з сымболікай. Увечары 23 студзеня затрыманых вызвалілі.
Іх падазраюць у нанясеньні графіці «Міліцыянты забіваюць людзей» на Ахоцкай вуліцы ў Менску пры канцы сьнежня 2018 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Касінеравых зноў аштрафавалі за «экстрэмісцкую шапку». На больш як 2 тысячы рублёў25 студзеня суд Маскоўскага раёну Менску паўторна аштрафаваў анархістаў Вячаслава і Марыну Касінеравых за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 17.11 КаАП). Вячаслава — на 1275 рублёў, Марыну на 1020.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менская міліцыя напісала пра «махлярку з цыганскай дыяспары». Ці законна гэта?