23 студзеня каталіцкі касьцёл у Беларусі атрымаў дакумэнт за подпісам Упаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Леаніда Гулякі, у якім паведамлялася, што пробашчу салігорскага касьцёла ў гонар сьвятога Францішка Сабеславу Тамалу працягнулі дазвол на працу на 6 месяцаў.
Пра гэта сказаў прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юры Санько.
«Мы вельмі рады, што беларускія ўлады працягнулі дазвол на рэлігійную дзейнасьць грамадзяніну Польшчы Сабеславу Тамалу, што вялікі рэгіён, куды ўваходзяць Салігорск, Любань, не застанецца без ксяндза, які праслужыў у Беларусі больш за 20 гадоў. Ён яшчэ не пасьпеў пакінуць Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Салігорску забаранілі служыць ксяндзу з ПольшчыКсёндз Сабеслаў Тамала расказаў Свабодзе, што прыехаў у Беларусь у 1993 годзе, пачынаў служыць у Амсьціславе, а з 1994 году служыць у Салігорску, удзельнічаў у будаўніцтве храма ў гонар сьвятога Францішка. Сёньня ён знаходзіцца ў Менску, сустракаецца зь біскупам, пасьля чаго гатовы вярнуцца на службу ў сваю парафію.
Пасьля рашэньня аб высылцы пробашча парафіяне пачалі збор подпісаў пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем скасаваць такое рашэньне, казала Свабодзе старшыня парафіяльнай рады Валянціна.
Подпісы зьбіраюць як сярод прыхаджанаў, так і ва ўстановах Салігорску і раёну. Касьцёл сьвятога Францішка — адзіны рымска-каталіцкі прыход у Салігорску.
Таксама да Гулякі зьвярнуліся прадстаўнікі Каталіцкай царквы, паведамляў Свабодзе Дзьмітры Пухальскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Віцебску выслалі ксяндза-паляка. Вернікі патрабуюць яго вярнуцьТыдзень таму Ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў без тлумачэньня прычын не працягнуў дазвол на далейшае служэньне ў Беларусі грамадзяніну Польшчы ксяндзу Паўлу Кнурэку, які праслужыў на Віцебшчыне амаль 18 гадоў (16 гадоў у мястэчку Лынтупы і амаль 2 гады ў віцебскай катэдры), ён быў пробашчам парафіі Езуса Міласэрнага. Вернікі, каб вярнуць ксяндза, за адзін дзень 19 студзеня сабралі амаль 300 подпісаў, у электроннай пэтыцыі іх на сёньня больш за 450.
Цягам 2018 году тры замежныя сьвятары (два праваслаўныя і адзін каталіцкі), якія раней не служылі ў Беларусі, не атрымалі дазволаў служыць. Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гуляка ў чэрвені 2018 году тлумачыў забароны на служэньні замежным сьвятарам «адміністрацыйнымі парушэньнямі» і скаргамі прыхаджан.
У 2016 годзе загад пакінуць Беларусь атрымалі тры сьвятары — грамадзяне Польшчы, але пазьней беларускія ўлады памянялі рашэньне і яны засталіся служыць у краіне.