Менскі гарвыканкам адмовіўся даць гастрольнае пасьведчаньне для канцэрту гомельскага мэтал-гурту ТТ-34, які плянавалі правесьці ў Менску 18 студзеня.
Гурт апублікаваў у Instagram ліст аб забароне са спасылкай на пункт аб «нізкім мастацкім узроўні» з подпісам начальніцы ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Віталіны Рудзікавай. Прадстаўнікі ТТ-34 не камэнтавалі забарону.
Раней Рудзікава забараняла выступ самых розных выканаўцаў, ад панкаў Amaroka да барда Зьмітра Вайцюшкевіча. Мастацкі ўзровень прызнавалі «нізкім» і ў беларуса Алеся Дзянісава, і ў паўднёваафрыканцаў Die Antwoord.
На скаргі яна адказвала пералікам дзейных законаў. Паводле яе слоў, толькі за першыя 5 месяцаў 2018 году ў Менску не далі дазволу на 66 імпрэзаў, пры гэтым яна заяўляла: «Мы нічога не забараняем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 кліпаў «нізкага мастацкага ўзроўню». І нават нешта горшае. ВІДЭА 18+Гурт ТТ-34 не фігураваў у навінах пра забароны канцэртаў і нефармальныя «чорныя сьпісы» беларускіх ідэолягаў. Заснаваны ў 1996 годзе гурт выдаў толькі тры альбомы, але заваяваў пэўную папулярнасьць і ў Беларусі, і ў Расеі — у тым ліку праз саўндтрэк да фільму «Дзённая варта» («Дневной дозор»).