Сёньня ва Ўкраіне адзначаюць Дзень саборнасьці — менавіта ў гэты дзень 100 гадоў таму быў абвешчаны Акт узьяднаньня Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходне-Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.
Стогадовы юбілей адзначаецца ва Ўкраіне пад лёзунгам «Разом із власної волі з 1919 року» («Разам па ўласнай волі з 1919 году»).
На дзяржаўным узроўні гэтую падзею пачалі адзначаць толькі ў 1999 годзе — штогод актывісты сымбалічна паказваюць, што Ўсход і Захад Украіны — разам. З жоўта-сінімі стужкамі ствараюць жывы ланцуг праз Дняпро.
Галоўныя акцыі адбываліся на гістарычным месцы — на Сафійскай плошчы ў Кіеве: менавіта тут сто гадоў таму было абвешчана пра аб’яднаньне УНР і ЗУНР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне стартавала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. 6 адметных фактаўУ часе выступу на Сафійскай плошчы Кіева прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка зьвярнуўся да ўкраінцаў, якія жывуць на часова акупаваных тэрыторыях Крыму, Луганскай і Данецкай абласьцей:
«Мы ніколі пра вас не забываемся. Кожны дзень працуем, каб наблізіць дзень вашага вызваленьня ад варожага прыгнёту».
Шмат экспэртаў чакалі, што менавіта сёньня Пятро Парашэнка абвесьціць пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта. Але гэтага ён так і не зрабіў — пра выбары згадаў толькі аднойчы: «Мы знаходзімся напярэдадні важнага народнага волевыяўленьня. Мы ведаем пра беспрэцэдэнтны маштаб падрыхтоўкі Крамля да ўмяшаньня ў выбары. Але няма сумневаў у мудрасьці нашага народу».
У сымбалічны для Ўкраіны дзень адразу дзьве палітычныя партыі — «Бацькаўшчына» (укр. «Батьківщина») і «Свабода» («Свобода») — праводзяць зьезды, на якіх плянуюць вылучыць (адпаведна) Юлію Цімашэнку і Руслана Кашулінскага ў кандыдаты на прэзыдэнта.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэтэндэнты на булаву. Як пачалася выбарчая кампанія ва ЎкраінеНапярэдадні, 21 студзеня, Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала яшчэ двух кандыдатаў на прэзыдэнты: Аляксандра Шаўчэнку (партыя «УКРОП», створаная ў 2015 годзе Генадзем Корбанам, адным з саратнікаў украінскага алігарха Ігара Каламойскага) ды самавылучэнца Рамана Насірава — ён з 2015 году ўзначальваў Дзяржаўную фіскальную службу Ўкраіны і быў звольнены ў 2018 годзе ў сувязі з абвінавачаньнямі ў карупцыі.
Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», за два з паловай месяцы да выбараў у прэзыдэнцкай гонцы лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімер Зяленскі (8,8%), прадстаўнік Апазыцыйнага блёку Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%).
Па стане на раніцу 22 студзеня Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 12 кандыдатаў на прэзыдэнта. Згодна з украінскім заканадаўствам, усе прэтэндэнты мусяць да 3 лютага падаць дакумэнты для рэгістрацыі, якая завяршаецца 7 лютага. Выбары адбудуцца 31 сакавіка.