Выканаўчы дырэктар агульнарасейскага грамадзкага руху «За правы чалавека» Леў Панамароў лічыць, што пры затрыманьні грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч (вядомай як Насьця Рыбка) у транзытнай зоне маскоўскага аэрапорту Шарамецьцева быў «груба парушаны закон».
Насьцю Рыбку затрымалі падчас дэпартацыі з Тайлянду ў Беларусь. Падчас затрыманьня яна адмовілася падпарадкоўвацца «людзям у цывільным», але не супраціўлялася — яе зьнесьлі на інвалідным вазку.
19 студзеня Нагацінскі суд Масквы падоўжыў затрыманьне Вашукевіч яшчэ на 72 гадзіны. Разгляд пытаньня аб яе арышце працягнецца 22 студзеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага«Яна праз транзытную зону павінна была быць пераведзена ў Беларусь. А яе проста выкралі расейскія спэцслужбы. Гэтак жа нахабна, як яны выкрадаюць расейцаў. Гэта было ФСБ», — сказаў карэспандэнту Свабоды Леў Панамароў.
Тое, што маўчыць кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, паводле праваабаронцы, гэта кепска.
«Тое, што „бацька“ маўчыць, гэта дрэнна. Я лічу, што яго тут прынізілі. Але хто там з кім разьбіраецца і чыя гэта замова, я ня ведаю».
Леў Панамароў згадвае відэа затрыманьня Анастасіі Вашукевіч у аэрапорце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разам з Насьцяй Рыбкай можа быць затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Беларусі«Яна легла на падлогу, яе цягнулі. Потым павезьлі ў нейкім вазку. Але было відавочна, што яна не хацела заставацца ў Расеі. То бок гэта было менавіта выкраданьне, калі чалавека пазбавілі свабоды.
Калі б яна захацела застацца ў Расеі, то зьвярнулася з гэтым сьвядома. І гэтае пытаньне маглі б разглядаць, наконт прыстанішча і гэтак далей. Але яна хацела ў Беларусь і дэпартаваная была ў Беларусь. І праз транзытную зону яна павінна была трапіць у Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларускія палітыкі і праваабаронцы кажуць пра затрыманьне Насьці РыбкіЛеў Панамароў сказаў, што ніхто з затрыманых па абарону да яго не зьвяртаўся.
Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?
28-гадовая грамадзянка Беларусі Насьця Рыбка (Вашукевіч) стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Вашукевіч. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
«У Беларусь я больш ні нагой». 10 фрагмэнтаў з кнігі Насьці Рыбкі
У канцы лютага 2018 году Вашукевіч і яшчэ 7 чалавек затрымалі ў Патаі. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. У студзені 2019-га затрыманым прысудзілі ўмоўны тэрмін і дэпартацыю.
17 студзеня чатырох дэпартаваных затрымалі ў маскоўскім аэрапорце Шарамецьева. Гэта грамадзяне Беларусі Анастасія Вашукевіч, Андрэй Жэшка, ураджэнец Беларусі Аляксандр Кірылаў (галоўны арганізатар сэкс-трэнінгаў) і грамадзянка Расеі Марыя Жарко. Паводле жонкі Кірылава Крысьціны, затрыманым інкрымінуюць уцягваньне ў заняткі прастытуцыяй (ч. 2 арт. 240 КК РФ).
Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага
22 студзеня Аляксандар Лукашэнка загадаў «тэрмінова заняцца» вызваленьнем Вашукевіч, пасьля яе і Кірылава вызвалілі пад падпіску аб яўцы.