Адзін з удзельнікаў выбарчай гонкі ва Ўкраіне Алег Ляшко расказаў Свабодзе пра свае адносіны да Беларусі ў выпадку перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Радыкальная партыя Ўкраіны на зьезьдзе 21 студзеня вылучыла свайго лідэра Алега Ляшка кандыдатам на прэзыдэнта на выбары 31 сакавіка.
Цяпер, каб пачаць агітацыйную кампанію, палітык павінен атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.
У выпадку перамогі на выбарах Алег Ляшко паабяцаў радыкальныя перамены: скасаваць пасаду прэм’ер-міністра, скараціць колькасьць дэпутатаў парлямэнту, падпісаць закон аб імпічмэнце прэзыдэнта, а таксама паскорыць разьвіцьцё эканомікі.
Пра павагу да беларускай дзяржавы
Адказваючы на пытаньне карэспандэнткі Свабоды, якім чынам ён будзе выбудоўваць дачыненьні зь Беларусьсю ў выпадку перамогі, Алег Ляшко заявіў:
«Нам вельмі важна, каб зь Беларусі да нас ішло толькі дабро і ня кінулі нож у сьпіну. Я перакананы, што беларусы заўсёды будуць у міры і згодзе з украінскай дзяржавай, так і я гарантую абсалютную падтрымку, павагу беларускай дзяржаве».
Лідэр Радыкальнай партыі дадаў, што і на міжнароднай арэне будзе адстойваць інтарэсы Беларусі як «суседняй брацкай краіны»:
«Для нас выгадна, каб Беларусь была моцнай дзяржавай, і разам мы зможам больш, чым паасобку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне стартавала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. 6 адметных фактаўПра менскую перамоўную пляцоўку
Гаворачы пра менскую перамоўную пляцоўку наконт Данбасу, Алег Ляшко падкрэсьліў, што менскія ўгоды не дазволяць дасягнуць міру на Данбасе і вярнуць тэрыторыю. Але ён мяркуе, што перамоўная пляцоўка можа застацца і ў беларускай сталіцы:
«Менск — цудоўнае месца. Толькі б там нашых людзей не выкрадалі, як у Гомлі Паўла Грыба. Я спадзяюся, што вы ў Беларусі наведзяце парадак, каб ФСБшнікі не выкрадалі ў Беларусі ўкраінцаў. А датычна фармату перамоваў — я не аспрэчваю гэтую пляцоўку, і ўжо шмат чаго Менск зрабіў. Але я бачу магчымасьці, як зрабіць яшчэ больш. За сталом перамоваў мусяць быць ЗША, Вялікая Брытанія, Кітай, Эўразьвяз, Украіна і Расея. Вось фармат перамоваў. Гаранты, якія паводле Будапэшцкага мэмарандуму давалі нам гарантыі. Беларусь цалкам прыдатная як пляцоўка, калі яшчэ будзе падтрымліваць і рэзалюцыі ААН».
Пра Лукашэнку
Пра сваё стаўленьне да Аляксандра Лукашэнкі Алег Ляшко заявіў:
«Я ведаю, што ў Беларусі лекі таньнейшыя ў два разы, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што дарогі ў Беларусі лепшыя, чым ва Ўкраіне. Я ведаю, што прэзыдэнт Беларусі — гаспадар. Вось такім самым гаспадаром ва Ўкраіне будзе Ляшко, як Лукашэнка ў Беларусі, два гаспадары па суседзтве заўсёды дадуць рады сваім народам. Беларусы і ўкраінцы павінны быць разам. У гэтым глябальным сьвеце мы мусім змагацца кожны за сваё месца, але разам можна дасягнуць больш. Таму трэба аб’ядноўваць высілкі, каб разам станавіцца мацнейшымі, разам адстойваць свае інтарэсы і перамагаць».
Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», за два з паловай месяцы да выбараў у прэзыдэнцкай гонцы лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімер Зяленскі (8,8%), прадстаўнік Апазыцыйнага блёку Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%). На сёньня зарэгістравана 10 кандыдатаў на прэзыдэнта Ўкраіны, чакаецца, што іх будзе некалькі дзясяткаў.