У выпадку, калі Масква адмовіцца кампэнсаваць Менску нэгатыўныя наступствы падатковага манэўру, дзяржаўны доўг Беларусі ў найбліжэйшыя гады можа істотна вырасьці, прагназуе Міжнародны валютны фонд.
Згодна з ацэнкамі Міжнароднага валютнага фонду, калі Расея не кампэнсуе Беларусі нэгатыўныя наступствы падатковага манэўру ў нафтавай галіне, дзяржаўны доўг Беларусі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве вырасьце да 70% ВУП, паведамляе БелаПАН.
«У выпадку адсутнасьці кампэнсацыі наступствы для Беларусі будуць значнымі», — прагназуюць эканамісты Міжнароднага валютнага фонду.
У матэрыялах МВФ прыводзіцца прагноз, згодна зь якім у выпадку адсутнасьці зьнешніх шокаў дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый плацёжнага балянсу Беларусі ў 2019-2023 гадах мог бы складаць каля 2% да ВУП. Калі ж Расея не кампэнсуе Беларусі нэгатыўныя наступствы падатковага манэўру, дэфіцыт бягучага рахунку да 2023 году можа вырасьці да 5,5% ВУП.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сусьветны банк прагназуе «стрэсавыя сытуацыі» ў фінансавай сфэры Беларусі«Фінансаваньне гэтых больш высокіх зьнешніх дэфіцытаў пры захаваньні золатавалютных рэзэрваў запатрабуе каля 6,5 млрд даляраў у якасьці дадатковага (і пакуль невядомага) фінансаваньня», — падкрэсьліваюць эканамісты МВФ.
З улікам неабходнасьці пошуку такога фінансаваньня МВФ мяркуе, што дзярждоўг Беларусі можа вырасьці да 70% ВУП да 2023 году (і будзе працягваць павялічвацца ў далейшым). Калі кампэнсацыя за падатковы манэўр паступіць, узровень дзярждоўгу Беларусі ўдасца ў 2019-2023 гады ўтрымаць на ўзроўні 55-56% ВУП, мяркуюць эканамісты МВФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ папярэдзіў Беларусь: варта дамагацца ад Расеі кампэнсацыі «падатковага манэўра»Мэтадалёгія МВФ, згодна зь якой вызначаецца ўзровень дзярждоўгу Беларусі, адрозьніваецца ад той, якую выкарыстоўваюць беларускія ўлады. Паводле апошніх апублікаваных дадзеных Міністэрства фінансаў, на 1 сьнежня 2018 году дзяржаўны доўг Беларусі складаў 36% да ВУП. У той жа час МВФ лічыць, што з улікам ускосных абавязацельстваў дзяржавы дзярждоўг Беларусі ўжо знаходзіцца ў раёне 55% ВУП.
Цяпер Беларусь і Расея вядуць перамовы аб кампэнсацыі наступстваў падатковага манэўру. Беларускія ўлады заяўляюць, што страты краіны з-за расейскага падатковага манэўру ў нафтавай галіне могуць скласьці ў 2019-2023 году 10,5 млрд даляраў і настойваюць на кампэнсацыі гэтых стратаў. Расейскае кіраўніцтва заяўляе, што Масква ніколі не абяцала Менску кампэнсаваць гэтыя страты.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.