Што і дзе варта паглядзець у Беларусі, а таксама ў месцах, дзе віруе беларускае жыцьцё, у студзені? Свабода дапаможа зарыентавацца ў багацьці выбару.
У́бель, Чэрвеньскі раён Менскай вобласьці
2019-ы пройдзе пад знакам 200-гадовага юбілею Станіслава Манюшкі — аднаго з самых славутых кампазытараў за ўсю гісторыю беларускага краю. У Польшчы яго шануюць як клясыка польскай музыкі, аднаго з заснавальнікаў нацыянальнай опэры.
Аўтар шматлікіх песень, опэр, апэрэт, балетаў зьявіўся на сьвет 5 траўня 1819 году ў фальварку Убель Ігуменскага павету (цяпер Чэрвеньскі раён). Ад велічнай сядзібы сёньня мала што засталося — вёска і навакольныя пабудовы былі зьнішчаныя падчас карнай апэрацыі немцаў у 1943 годзе.
У сярэдзіне 1960-х на месцы колішняй сядзібы зьявіўся памятны знак з нотным запісам некалькіх тактаў арыі з опэры Манюшкі «Галька».
У рамках сёлетніх вандровак заплянаваны цыкль канцэртаў ансамбля «Вытокі» Аляксея Фралова з удзелам вядучых салістаў беларускай опэры і балету.
Ты́шкавічы, Янаўскі раён Берасьцейскай вобласьці
Вёска Тышкавічы стане цэнтрам ХІ міжрэгіянальнага фэсту «Фальклёр бязь межаў». Сюды зьедуцца тры сотні самадзейных артыстаў зь Беларусі, Польшчы, Украіны, Расеі.
Адкрыцьцё адбудзецца 19 студзеня ў Янаўскім раённым цэнтры культуры і народных традыцый. А на наступны дзень удзельнікі пераедуць на радзіму сьпеўнага форуму, дзе адбудзецца дзея «На сьвята хата гасьцямі багата».
Тышкавічы — у Мотальскім сельсавеце, і гэта дае нагоду наведаць гістарычнае мястэчка. Тут ладзіцца штогадовы фэст «Мотальскія прысмакі», а яшчэ Моталь — радзіма першага прэзыдэнта Ізраілю Хаіма Вейцмана. У доме працуе экспазыцыя, прысьвечаная гісторыі габрэйства на Палесьсі.
На зваротным шляху варта наведаць Варацэвічы — радзіму мастака і кампазытара Напалеона Орды. Улады нарэшце ўзяліся за ўшанаваньне ягонай памяці. У Варацэвічах пабудаваны музэй і карцінная галерэя, а ў Янаве, дзе Напалеон Орда пахаваны ў радавым склепе, на галоўнай плошчы зьявіўся помнік. А вось аднаўленьне радавой сядзібы зацягнулася.
Новіны, Бярэзінскі раён Менскай вобласьці
21 студзеня ў вёсцы Новіны на Бярэзіншчыне ўсе ахвотныя змогуць стаць сьведкамі старажытнага абраду провадаў Калядаў «Цягнуць Каляду на дуба» — і тым самым завяршыць працяглы пэрыяд калядных сьвятаў.
Гэтая калярытная традыцыя — этнічная асаблівасьць краю, стагодзьдзямі яна была распаўсюджана на ўсёй тэрыторыі цэнтральнага рэгіёну. Абрад быў адноўлены ў 1998 годзе дзякуючы захавальніцы тутэйшых традыцый Ніне Клімовіч.
У гэты дзень вяскоўцы ўпрыгожваюць дажыначны сноп Каляду або кола ад возу, на які сьцелюць сена і ставяць гаршчок з куцьцёй. Галоўны атрыбут сьвята нясуць да самага высокага дуба ў Новінах. Сноп ці кола, якія захаваліся зь мінулага году, скідаюць з дрэва і падпальваюць, а наўзамен усьцягваюць новую ляльку або кола з куцьцёй.
Цягам усёй дзеі ўдзельнікі сьпяваюць абрадавыя песьні, скачуць і водзяць карагоды. Абрад «Цягнуць Каляду на дуб» мае паспрыяць багатаму ўраджаю ў новым годзе.
Ад 2011 году новінаўскі абрад лічыцца нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьцю Беларусі і ўнесены ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Залесьсе, Смаргонскі раён Горадзенскай вобласьці
26 студзеня ў музэй-сядзібу грамадзкага дзеяча і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага наведаецца літоўскі мастак Раманас Барысавас. Выстава ягоных працаў «Скрозь прызму руін» адкрылася тут на пачатку году, цяпер яе афіцыйна прэзэнтуюць з удзелам калегаў-мастакоў, мастацтвазнаўцаў, дыпляматаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьлядамі Напалеона Орды. Навошта літоўскі мастак увекавечвае гістарычныя руіны БеларусіАкварэльныя працы, якія ён пачаў ствараць яшчэ на пачатку 1980-х, прысьвечаныя гістарычным мясьцінам Беларусі, многія зь якіх сёньня ляжаць у руінах: Гальшаны, Ішкальдзь, Косава, Крэва, Кухцічы, Наваградак, Смальяны, Сынкавічы ды іншыя. У пэўным сэнсе Раманас Барысавас працягвае справу згаданага ўжо мастака Напалеона Орды.
Па дарозе варта зазірнуць у Крэва. Тут рэстаўратары працягваюць аднаўляць муры знакамітага замка XIV стагодзьдзя. Будаўнікі якраз завяршылі працы на паўночна-заходняй сьцяне і чакаюць фінансаваньня, каб рушыць далей па пэрымэтры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вежу Гальшанскага замка аднаўляюць да выгляду 200-гадовай даўнасьціКалі дазваляе час, разумна наведаць яшчэ і Гальшаны — усе гістарычныя аб’екты ў паўгадзіннай даступнасьці на аўтамабілі.
Сілічы, Лагойскі раён Менскай вобласьці
Зіма не шкадуе сьнегу, таму аматары актыўнага адпачынку могуць спакойна станавіцца на лыжы. Гарналыжныя цэнтры «Сілічы» і «Лагойск» запрашаюць як дасьведчаных спартоўцаў, так і пачаткоўцаў — для апошніх ёсьць вучэбныя трасы.
Кожнае карыстаньне пад’ёмнікам будзе каштаваць 5 рублёў (2 рублі — дзіцячы квіток), але можна замаўляць паслугу як пагадзінна, так і на ўвесь дзень. У выходныя істотна даражэй: 13 рублёў за гадзіну ў будні і 20 рублёў у суботу-нядзелю. Дзённы абанэмэнт — 40 рублёў (53 у выходныя).
Ашчадзіць можна хіба ўначы: ад 22-й да 1-й гадзіны адзіны квіток для дарослых каштуе 25 рублёў, дзяцей на трасы не дапускаюць.
Гадзіна арэнды гарналыжнага камплекту (лыжы, палкі, чаравікі) — 11 рублёў у будзённы дзень і 14 рублёў у выходныя. Паслугі індывідуальнага інструктара — 35 рублёў за гадзіну.
Самы танны нумар у гасьцявым дамку стартуе ад 50 рублёў з чалавека. Для замежнікаў расцэнкі вышэйшыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што замежнаму турысту рабіць у Беларусі 30 дзён