Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі выправіў памылку ў публікацыі на сайце, якую перадрукаваў шэраг СМІ, у тым ліку Свабода і дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярэднестатыстычны беларус мае «па трыста пяцьдзясят». Як зьмяніліся заробкі і даходы беларусаў у 2018 годзеПершапачаткова віцебскі сайт Белстату паведамляў, што мэдыянны заробак (колькі атрымлівае сярэднестатыстычны беларус, калі палова людзей мае заробак, меншы за ягоны, а палова — большы) у Віцебскай вобласьці склаў 387,9 рубля на лістапад 2018 году. Гэта заўважна ніжэй, чым у іншых абласьцях, дзе мэдыянны заробак вышэйшы за 600 рублёў.
Свабода праверыла: паводле іншых зьвестак з сайту Белстату выходзіць, што мэдыянны заробак мае быць у раёне 600–800 рублёў: столькі атрымлівае 20,5% працаўнікоў Віцебскай вобласьці, меней за 600 маюць 42,3%, болей за 800 — 37,2%. Да таго ж ва ўсіх прафэсіях мэдыянны заробак большы за 387,9 рубля. Самы малы — гэта 480 рублёў (у галінах творчасьці, спорту і забаваў, а таксама ў расьлінаводзтве і жывёлагадоўлі).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі няма «клясавай» няроўнасьці, ёсьць міжрэгіянальная, — World BankНа просьбу Свабоды ў Белстаце праверылі лічбы — і пацьвердзілі памылку. Выявілася, што мэдыянны заробак па Віцебскай вобласьці склаў 670,4 рубля. Гэта ўсё роўна самы нізкі мэдыянны заробак з абласьцей Беларусі, але лічбы ўжо не сэнсацыйныя.
Як растлумачылі ў Белстаце, памылка на сайце адбылася праз тое, што пераблыталі мэдыянны і мадальны заробкі. Мадальны заробак — «самы часты» (найчасьцей сустракаецца ў шэрагу разьмеркаваньня колькасьці працаўнікоў паводле памераў заробкаў), і менавіта ён роўны 387,9 рубля ў Віцебскай вобласьці. Прадстаўнікі ведамства папрасілі прабачэньня ў тых, хто бачыў памылковую статыстыку: кажуць, зьвесткі пра мэдыянны заробак па абласьцях публікуюць упершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы: рост рэальных заробкаў беларусаў запаволіцца. Урад: або зусім спыніцца