Стварыць агульную канстытуцыю, суд і парлямэнт зь Беларусьсю пакуль немагчыма, але Расейская Фэдэрацыя на гэтым і не настойвае, сказаў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў на вялікай прэс-канфрэнцыі па выніках 2018 году, паведамляе «ТАСС».
Ён адзначыў, што дамова аб стварэньні Саюзнай дзяржавы, у прыватнасьці, уключае «шмат чаго з тых рэчаў, якія ў той час аб’ядналі нас і заахвоцілі стварыць Саюзную дзяржава».
«Там было прадугледжана і прыняцьце канстытуцыйнага акту, і стварэньне саюзнага парлямэнту, і суду Саюзнай дзяржавы. У той час гэта было добраахвотна ўзгоднена паміж Масквой і Менскам. Зь цягам часу, вядома, стала зразумела, што ні агульнай канстытуцыі, ні агульнага парлямэнту, ні агульнага суду пакуль, напэўна, стварыць не ўяўляецца магчымым, і мы на гэтым зусім не настойваем», — заявіў Лаўроў.
Лаўроў спадзяецца, што ў дыялёгу Масквы і Менску вакол падатковага мэнеўру атрымае перавагу прагматызм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве адрэагавалі на заяву Лукашэнкі, што Расея можа страціць Беларусь як саюзьніцуЁн таксама паведаміў, што падчас перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ішла размова аб палажэньнях Саюзнай дамовы, якія, «у адрозьненьне ад агульнай Канстытуцыі, агульнага парлямэнту, агульнага суду, тычацца гранічна канкрэтных і практычных рэчаў у сфэры эканомікі і гандлю».
«Маюцца на ўвазе прадугледжаныя ў гэтай дамове дзеяньні ў фармаваньні адзінай грашовай адзінкі, адзінай грашова-крэдытнай палітыкі, падатковай палітыкі. Гэтыя рэчы наўпрост зьвязаныя з эканамічнымі і фінансавымі стасункамі ў рамках Саюзнай дзяржавы», — сказаў міністар фінансаў Расеі.
Ён нагадаў, што на рашэньне прэзыдэнтаў Беларусі і Расеі была створаная рабочая група дзеля вырашэньні спрэчных пытаньняў у рэалізацыі дамовы і разьвіцьці інтэграцыі Расеі і Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто будзе інтэграваць Беларусь і Расею. 30 імёнаўРознагалосьсі паміж Беларусьсю і Расеяй
Рознагалосьсі ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй паўсталі з прычыны правядзеньня Масквой так званага падатковага манэўру, які прывядзе да падаражэньня нафты для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.
У разгар спрэчак між Беларусьсю і Расеяй аднавіць працэс інтэграцыі прапанаваў расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў: тое, што ён прапаноўваў (агульныя валюту, суд і мытню), у Беларусі сталі называць «ультыматумам Мядзьведзева». Ён казаў, што толькі пры гэтых умовах можна будзе праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня, але ня зьвязваў наўпрост «саюзную дзяржаву» і грашовыя выплаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мядзьведзеў: Беларусі трэба цаніць фінансавую дапамогу МасквыНа гэтую прапанову Аляксандар Лукашэнка пазьней адказаў: «Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі». Ён паабяцаў: «Калі нас хочуць падзяліць на вобласьці і ўпіхнуць у Расею, гэтага ня будзе ніколі». А 10 студзеня ён заявіў, што Масква можа страціць Менск як саюзьніка на заходнім напрамку, калі бакі не дамовяцца аб кампэнсацыі страт у сувязі з падатковым манэўрам.
15 студзеня першы віцэ-прэм’ер — міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў у адказ на пытаньне пра спрэчку Масквы і Менску аб кампэнсацыі за расейскі падатковы манэўр згадаў дамову 1999 году аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» і сказаў, што цяпер створаная рабочая група, якая будзе пераглядаць тэкст саюзнай дамовы, каб «магчыма, прапанаваць яго актуалізаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі міністар фінансаў назваў Менску ўмовы кампэнсацыі стратаў ад падатковага манэўруСілуанаў таксама казаў пра гатоўнасьць Расеі «субсыдыяваць Беларусь» у выпадку «сустрэчных крокаў» — у прыватнасьці, выкананьня дамовы аб «саюзнай дзяржаве» 1999 году. «Даваць субсыдыі прадпрыемствам чужой краіны дзіўна было б. Гэта можна было б рабіць, каб у нас была больш глыбокая ступень інтэграцыі», — дадаў Сілуанаў.
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.