Гэта адбылося яшчэ ў мінулым лістападзе, але рашэньне чамусьці апублікавалі толькі ў студзені.
Згодна з пастановай (PDF) Міністэрства культуры Беларусі, апублікаванай 15 студзеня, менскі раён Асмалоўка стане зонай аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці 3-й катэгорыі атрымалі толькі 11 будынкаў, але раён вакол іх цяпер таксама пад асаблівай аховай дзяржавы — гэта значыць, што будынкі ня будуць зносіць, як зьбіраліся раней.
Ініцыятар кампаніі за захаваньне Асмалоўкі Андрэй Эзерын расказаў БелаПАН, што гэтае рашэньне сьведчыць: «над раёнам нарэшце прыбралі дамоклаў меч» — Асмалоўка была пад пагрозай зносу ад 1970-х.
Але намесьнік старшыні Беларускага таварыства аховы помнікаў Юрась Меляшкевіч заявіў «Нашай ніве», што пастанова яшчэ не азначае абароненасьці раёну: у зоне рэгуляванай забудовы дамы па-ранейшаму могуць зносіцца. Цалкам забароненае там толькі ўзьвядзеньне будынкаў, «вышэйшых за адзнаку 223 мэтры ў Балтыйскай сыстэме вышыняў». Гэта значыць, можна будзе дабудоўваць васьміпавярховікі, кажа экспэрт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асмалоўка, Трактарны пасёлак і ня толькі. Як уратаваць Менск ад «архітэктурнага галакосту»?Асмалоўка — раён гістарычнага цэнтру гораду, які ўяўляе сабой два невялікія кварталы, абмежаваныя вуліцамі Камуністычнай, Куйбышава, Кісялёва і Багдановіча і разрэзаных вуліцай Чычэрына. Спраектаваў раён, які будаваўся з канца 1940-х — пачатку 1950-х гадоў, менскі архітэктар Міхаіл Асмалоўскі для высокапастаўленых чыноўнікаў, супрацоўнікаў штабу Беларускай вайсковай акругі.
Мясцовыя жыхары рознымі шляхамі спрабавалі дамагчыся скасаваньня зносу раёну, зьбіралі подпісы, ладзілі акцыі ў падтрымку захаваньня гістарычнага выгляду, зьбіраліся нават аформіць мясцовае самакіраваньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менску хочуць зьнесьці царкву «Новае жыцьцё», каб пабудаваць школу з басэйнам