13 верасьня ў менскім Палацы мастацтва адкрыецца выстава «Арт-тэрыторыя «Асмалоўка».
Як удакладніла намесьніца дырэктара па выставачнай дзейнасьці Рэспубліканскай мастацкай галерэі Натальля Барсукова, экспазыцыя прысьвечаная аднаму з раёнаў сталіцы — Асмалоўцы, які быў пабудаваны ў паваенны час і небеспадстаўна лічыўся адным з найпрыгажэйшых і найбольш добраўпарадкаваных раёнаў.
Удзельнікі выставы пакажуць блізу чатырох дзясяткаў твораў, выкананых з натуры або ў майстэрнях.
Праектам «Арт-тэрыторыя «Асмалоўка» мастакі хочуць сказаць, што гэты раён можна зрабіць прывабным для экскурсіяў, добраўпарадкаваць безь вялікіх бюджэтных сродкаў на капітальнае будаўніцтва новых абʼектаў.
Уладкаваныя панадворкі, падсьветленыя пешаходныя дарожкі, мэмарыяльныя дошкі на жылых дамах — пераўтварэньні, якія могуць зрабіць яго цікавым маршрутам для турыстаў і «абарыгенаў». У гэтым жыхары Асмалоўкі аднадушныя.
Сёньня пад адным дахам суіснуюць і жыхары раёну, і сябры творчых саюзаў Беларусі, чые майстэрні разьмешчаныя на верхніх паверхах тых жа дамоў. Тэматычная скіраванасьць іхніх працаў — яшчэ раз зьвярнуць увагу на прывабны і маляўнічы куток мэгаполісу.
Нейкі час таму менскія ўлады агучылі плян зносу Асмалоўкі, аднак грамадзкасьці ўдалося дамагчыся перагляду дэталёвага праекту. Праўда, невядома, ці канчаткова чыноўнікі зьмірыліся з паразай.