Адказ на зварот аб прызначэньні выходным днём у Беларусі 2 студзеня 2019 году зьявіўся на сайце Petitions.by 14 студзеня. Аўтар пэтыцыі атрымаў яго крыху раней — 10-га.
Амаль 16,6 тысячаў карыстальнікаў прасілі выходны, каб расьцягнуць навагоднія выходныя да 4 дзён, бо многія ўжо звыклі да выходнага ня толькі 1-га, але і 2-га студзеня. Апошні раз дзень 2 студзеня быў працоўным у 2012 годзе — пасьля штогод выходным.
Каб кампэнсаваць лішні выходны, у пэтыцыі прапаноўвалі зрабіць працоўным днём нейкі наступны выходны, як пераносяць іншыя «пазаплянавыя» выходныя. Таксама дапускаўся варыянт выходнага «без кампэнсацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менчукі адстаялі яблыневы сад у Малінаўцы: будаўніцтва забаўляльнага цэнтру скасаванаеЗварот стаў самым папулярным на сайце, абагнаўшы па колькасьці подпісаў нават пэтыцыю за захаваньне маршрутных таксі. Нягледзячы на пэтыцыю, дзень 2 студзеня 2019 году афіцыйна быў працоўным (хоць прыватным кампаніям не забаранялася рабіць супрацоўнікам выходны).
На зварот, адасланы 26 сьнежня, не было адказу да 10-га студзеня. У адказе намесьнік міністра працы Андрэй Лабовіч піша, што графік пераносу працоўных дзён на 2019 год быў зацьверджаны яшчэ 15 сьнежня, у Мінпрацы карэктаваць яго не зьбіраюцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Матолька ініцыяваў пэтыцыю супраць незамоўленых платных паслуг мабільных апэратараўЗгадваецца таксама «міжнародны досьвед»: пералічваюцца краіны, дзе выходным робяць толькі 1 студзеня, і краіны, дзе і 2 студзеня выходны. Да другіх адносяцца Расея, Казахстан і Армэнія. Перагляд пераносу працоўнага дня з 2 студзеня міністэрства палічыла «немэтазгодным», абапіраючыся на гэты досьвед — але ў лісьце не пералічваецца, якія недахопы і перавагі пераносу былі ўлічаныя.
Чаму разгляд пэтыцыі заняў столькі часу, а таксама чаму яе разглядалі нават тады, калі 2 студзеня ўжо мінула, у лісьце не гаворыцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сотні чалавек падпісалі пэтыцыю супраць захоўваньня ядзерных адходаў у Беларусі