Аўтарка кнігі «Беларускі час. Летазьлічэньне ў Беларусі ад старажытнасьці да сучаснасьці» доктар гістарычных навук, прафэсар Сьвятлана Куль-Сяльверстава патлумачыла для Радыё Свабода свае нечаканыя высновы адносна некаторых датаў беларускіх летапісаў і хронік.
Галоўныя высновы гутаркі:
- У распрацаваньні грыгарыянскага календара брала ўдзел і Рэч Паспалітая
- Беларусь адна зь першых у сьвеце перайшла ў 1582 годзе на новы каляндар
- У 1700 годзе Расея перайшла на «літоўскую эру»
- Новы год 1 студзеня Беларусь сьвяткуе ад пачатку XVІ стагодзьдзя
- Пры публікацыі «Поўнага збору рускіх летапісаў» прымянялася памылковая мэтодыка пераводу датаў з эры ад Стварэньня сьвету ў эру ад Нараджэньня Хрыстовага. Паводле гэтай жа памылковай мэтодыкі прафэсар Мікола Ўлашчык выдаў у 32-м і 35-м тамах гэтага збору беларускія летапісы і хронікі
- Тая ж памылковая мэтодыка была прымененая пры пазьнейшых менскіх перавыданьнях беларускіх летапісаў і хронік
- Улічваючы тры розныя пачаткі году ў старых летапісцаў — сакавіцкі, ультрасакавіцкі і верасьнёўскі — памылковымі могуць аказацца дзьве траціны датаў беларускай гісторыі да пачатку XVI стагодзьдзя
- З прычыны некарэктнага пераводу інфармацыі летапісаў і хронік, падзеі ў якіх датаваліся паводле эры ад Стварэньня сьвету, перагляду падлягаюць даты першай згадкі беларускіх гарадоў і мястэчак
- Горадня, насамрэч, упершыню згадваецца пад 1127, а не пад 1128 годам
- Скідзель на 50 гадоў старэйшы
- Многія невядомыя даты беларускай гісторыі можна лёгка аднавіць
- Беларускім летазьлічэньнем з ХІХ стагодзьдзя ніхто не займаўся
- Незалежнасьць БНР была абвешчана ў процівагу Расеі паводле грыгарыянскага календара. Дзьве першыя Ўстаўныя граматы датаваліся паводле юльянскага і грыгарыянскага календараў, а Трэцяя — толькі паводле грыгарыянскага
У выпрацоўцы грыгарыянскага календара брала ўдзел Рэч Паспалітая
— Сьвятлана, у сваёй кнізе вы даяце табліцу, дзе пазначаныя гады пераходу розных краін Эўропы на новы грыгарыянскі каляндар у другой палове XVI стагодзьдзя. Беларусь знаходзіцца ў чацьвёрцы лідэраў. Гэта выглядае даволі самавіта і выклікае павагу. Вядома, Беларусь была часткаю Рэчы Паспалітай, але, зь іншага боку, за намі Нямеччына і іншыя краіны. Як вы гэта тлумачыце?
— Найперш пазыцыяй Стэфана Баторыя, яго сувязямі з езуітамі, таму што ён быў адным з натхняльнікаў прыняцьця новага календара — гэта факт, у гісторыі малавядомы. Таму што абмеркаваньне гэтага новага календара адбывалася ў Рэчы Паспалітай, у тым ліку.
Ну і хутка яго прынялі, таму што ўвогуле тая эпоха для Беларусі — гэта эпоха рацыянальная, эпоха вэстэрнізацыі, моцных сувязяў з Заходняй Эўропай. Гэты каляндар дазваляў ня толькі слушна лічыць час, але і выйсьці сапраўды, напрыклад, у адукацыйных справах на новы ўзровень.
Таму Беларусь ня тое каб у тройцы-чацьвёрцы — яна фактычна разам з Ватыканам прыняла. То бок прыйшла була Папы і прынялі. Прычым без указу, без спэцыяльнага распараджэньня караля, аўтаматычна быў уведзены гэты каляндар.
Тут ня трэба зьдзіўляцца — па прынцыпах лічэньня часу наша зямля, наша тэрыторыя, заўсёды была на першых пазыцыях. Мы адзін час толькі адставалі, калі ўвайшлі ў склад Расейскай імпэрыі. А так заўсёды мы прытрымліваліся эўрапейскіх мерак, эўрапейскага лічэньня часу.
У 1700 годзе Пётар І перавёў Расею на беларускае летазьлічэньне
— У нас была і эра, калі час лічыўся ад стварэньня сьвету. Як адбываўся гэты пераход? Ці быў ён хваравіты і складаны, якія праблемы былі з гэтым у Беларусі?
— Ведаеце, кожны раз пад Новы год ці адразу пасьля яго, калі я праглядаю матэрыялы пра сьвяткаваньне Новага году 1 студзеня і наогул ўвядзеньні новай эры, я не знаходжу словаў апісаць мае пачуцьці, калі чытаю, маўляў, «Пётар І у 1700 годзе...» Пётар І да ўвядзеньня ў Беларусі гэтай даты і новай эры абсалютна ня мае ніякага дачыненьня.
Можа сказаць толькі тое, што ў 1700 годзе Расея, расейская дзяржава перайшла на беларускае летазьлічэньне — гэта так.
Гэты каляндар і гэтую эру ў Маскоўскай дзяржаве называлі «літоўскай эрай».
Рэч у тым, што ў нас, фактычна, першая эра, пачатковы пункт, ад якога лічыцца час, была ўспрынятая ад Бізантыі. Там лічэньне часу пачыналі ад стварэньня сьвету. З эрай ад Раства Хрыстовага розьніца 5509, 5508 ці 5507 гадоў залежна ад стылю — гэта значыць ад таго, калі, у якім месяцы, пачынаўся год. І гэтая эра дамінавала ў нас да XIV стагодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 1942 годзе Панамарэнка вырашыў стварыць беларускую нацыянальную армію. Сталін яго падтрымаў...»Але адначасова гэтая новая эўрапейская эра, эра Дыянісія, як яе яшчэ называюць — ад Раства Хрыстовага, зьявілася вельмі рана ў нас, яшчэ у канцы XIІІ стагодзьдзя. У XIІІ–XIV стагодзьдзях яна спарадычна ўжывалася, а ўжо цалкам была ўведзена ў пачатку XVІ стагодзьдзя. То бок, з 1501 году, калі гэтая эра становіцца асноўнай для канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага, мы адлічваем час толькі так.
Эра ад Раства Хрыстова — наша спрадвечная, ужо 500 гадоў мы на ёй жывем. Гэта эра, якая была прынятая ў эўрапейскіх краінах. Расейская дзяржава на 200 гадоў пазьней за нас перайшла на яе.
Розныя летапісцы пачыналі год па-рознаму
— Вы сказалі, што розьніца пры пераводзе датаў з эры ад стварэньня сьвету да нараджэньня Хрыстовага складае 5507, 5508 або 5509 гадоў. У чым розьніца? Ад чаго гэта залежыць? Коратка патлумачым для нашых чытачоў усе гэтыя верасьнёўскія, сакавіцкія гады і індыкт.
— Рэч у тым, што былі розныя стылі — год пачынаўся ў розныя дні. У старажытнаславянскім сьвеце год пачынаўся ў сакавіку. Мы гэтую спадчыну, гэтыя традыцыі да сёньняшняга часу бачым: земляробчы каляндар, пачатак году, сакавік, калі пачынаюцца земляробчыя работы.
У Бізантыі год пачынаўся 1 верасьня. У нас год пачынаецца з 1 студзеня. Тут выходзіць розьніца ў месяцах, у залежнасьці ад таго, калі пачынаецца год.
Мы можам напісаць, напрыклад, 6666 год, але ён пачнецца ў верасьні. І нам трэба ўлічыць, што да нашага студзеня, калі мы будзем перакладаць на сёньняшні каляндар, яшчэ выходзіць 4 месяца зь верасьнем разам. Таму калі перакладаецца адна дата на другую, то трэба ўлічваць гэтыя месяцы.
Ня ў кожным дасьледаваньні, ня ў кожнай кнізе, нават у публікацыях дакумэнтаў улічваюць стыль, які ўжываўся — быў гэта пачатак году верасьнёўскі, сакавіцкі ці (нават такое было!) ультрасакавіцкі.
Пачаткаў году шмат, я толькі тры прывяла, а насамрэч іх каля дзясятка, калі не больш, залежна ад краіны, ад часу, ад эпохі. Напрыклад, фіскальны год па-рознаму пачынаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску знойдзены невядомыя дакумэнты і пляны будынку, дзе была абвешчана незалежнасьць БНР. ФОТАТак ці іначай, для нас паўстае праблема, што калі мы працуем з гэтымі датамі, нават гісторыкі, то трэба гэта ўлічваць — розьніцу ў пачатку году, стыль. А гэта ўлічваецца не заўсёды, і выходзіць памылка. Зразумела, што яна невялікая, гэта максымум год-два.
Але калі выходзіць, што ў нас як бы дзьве даты. А бывае, што мы ня ведаем месяцу, і тады ў нас выходзіць тры даты. Даецца той самы 6666 год, але мы ня ведаем, калі летапісец пачынаў год, у якім месяцы. Тады пішуцца дзьве даты цераз злучок, а бывае, што і тры даты — адлегласьцю у адзін год кожная.
Для штодзённага жыцьця гэта ня так важна, а вось для гісторыкаў, калі аднаўляецца, рэканструюецца гісторыя, то бывае, што і памылка ў некалькі месяцаў можа быць значнай. То бок, па адным дакумэнце будзе, што князь ужо памёр, а па другім — што ён пасьля сьмерці выправіўся ў паход. Насамрэч гэта ўсё правільна, толькі што летапісцы ўжывалі розныя стылі.
Вымушаная памылка Міколы Ўлашчыка
— Калі, напрыклад, узяць бітву на Нямізе, якая адбылася 3 сакавіка 1067 году. Ці правільна гэтая дата была пераведзеная ў наша летазьлічэньне?
— Гэтая дата акурат нармальная, бо там верасьнёўскі стыль, і адымаецца 5509, там ніякіх праблем няма. Трэба проста карыстацца формуламі. Трэба ведаць, для якога часу, якога пэрыяду году маецца адпаведная розьніца і калі яна мяняецца.
Я хачу ў апраўданьне прафэсара Міколы Ўлашчыка сказаць, што ён адзін зь нямногіх дасьледнікаў, які зьвярнуў увагу на даты. Ён у прадмове да свайго выданьня напісаў, што ён бы вось так перакладаў, проста адымаў 5509, не зважаючы на розьніцу стыляў.
І гэта была не яго ініцыятыва і рашэньне, проста гэта быў парадак выданьня поўнага збору расейскіх летапісаў, які быў ўведзены яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі. Гэтыя летапісы выдавалі паводле выпрацаваных тады археаграфічных прынцыпаў.
Іншая рэч, што калі перавыдавалі ўжо нашы беларусы, яны мусілі даты перагледзець, зрабіць да іх камэнтары. Але аказалася, што для перавыданьняў даты ўзялі без аналізу і крытыкі. Узялі і перанесьлі зь летапісаў Улашчыкавых у навуковыя выданьні, падручнікі і папулярную літаратуру. А цяпер гэта множыцца і замацоўваецца. Так нельга.
Новы год 1 студзеня Беларусь сьвяткуе ад пачатку XVІ стагодзьдзя
— Зь якога часу мы сьвяткуем Новы год ад 1 студзеня?
— Калі была ўведзеная эра ад Раства Хрыстовага. У XIІІ стагодзьдзі мы яе ведалі, а ў XIV яна ў нас ужо ўжывалася. Вось разам з эрай ад Раства Хрыстовага прыйшоў і студзеньскі пачатак году.
Эра ад Раства Хрыстовага магла ўжываць ці студзеньскі стыль — з 1 студзеня, як у нас, ці як крыжакі — яны пачыналі год 25 сьнежня.
— Нядаўна мы адзначалі 500-годзьдзе Бібліі Скарыны. Людзі зьвярталіся да яго тэкстаў, і шмат хто ўжо ведае, што Скарына датаваў свае кнігі і тэксты ад Нараджэньня Хрыстовага.
— Так, я рабіла гэтае дасьледаваньне, таму што было памылкова напісана, што ён выкарыстоўваў эру ад стварэньня сьвету. Гэта няпраўда, ён жыў цалкам па эўрапейскім летазьлічэньні. Ён настолькі быў эўрапейскім і рэнэсансным у сваёй храналёгіі, як, можа, мала хто ў яго часы ў Беларусі.
Скарына нават амаль ня ўзгадваў рэлігійныя сьвяты. Ён не пазначаў дні рэлігійных сьвятаў, якія ў тыя дні адзначаліся. Хаця ў Эўропе, нават у Польшчы, у календары, дні пазначаліся найперш рэлігійнымі сьвятамі. Скарына гэтага не ўжываў, у яго цалкам сьвецкі каляндар.
Перагляду падлягаюць даты першай згадкі беларускіх гарадоў і мястэчак
— Ну і самае галоўнае пытаньне ў сувязі з вашай кнігай. Вы пішаце, што пры публікацыі беларускіх летапісаў і хронік у рамках шматтомнага маскоўскага выданьня «Поўнага збору рускіх летапісаў» і пры беларускім перавыданьні нашых летапісаў і хронік таксама, на жаль, не была дапільнаваная сыстэма пераводу ад эры ад Стварэньня сьвету да эры ад Нараджэньня Хрыстовага. Якія важныя даты гісторыі Беларусі могуць быць перагледжаныя на год-два ў сувязі з гэтай памылкай?
— Натуральна, я не рэвізавала ўсе даты летапісаў. Гэта — велізарная праца, яе можна і трэба зрабіць, але, можа быць, ня мне адной.
Са свайго досьведу, з працы з выданьнямі гэтых летапісаў і ня толькі — напрыклад, зь Літоўскай Мэтрыкі выданьня 1980-х гадоў нам трэба было б прааналізаваць і слушна рэканструяваць, перакласьці або ўдакладніць многія даты.
Першае, што мне бачыцца актуальным і важным, гэта перагледзець даты згадкі гарадоў і мястэчак Беларусі. Чаму я так кажу? Горадня ўжо стала хрэстаматыйным прыкладам, калі пры пераводзе з аднаго стылю на другі памыліліся на год, і Гродна на год амаладзілі.
Пры пераводзе даты згадкі з эры ад Стварэньня сьвету на эру ад Раства Хрыстовага не палічылі, што год ужываецца верасьнёўскі, а ў другім летапісы — ультрасакавіцкі, і выйшла, што Горадня згадваецца пад 1128 годам. Насамрэч, пры слушнай рабоце з гэтай датай выходзіць 1127 год.
Вось я ішла па Горадні ў 2018 годзе. Стаіць лічба юбілейная. Ну які ж гэта юбілей — юбілей быў у пазалетась, у 2017 годзе!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяніс Лісейчыкаў: традыцыя выкарыстаньня беларускай мовы ва Ўніяцкай царкве ніколі не перапыняласяДругі прыклад з маёй практыкі — адзначэньне юбілею Скідзеля. Згадка, якая ёсьць у Літоўскай Мэтрыцы, дае падставы для меркаваньня, што ён на 50 гадоў старэйшы. То бок яго амаладзілі на 50 гадоў толькі таму, што не маглі правільна палічыць дату, рэканструяваць паводле ўскосных зьвестак. Яшчэ ёсьць такая штука, як індыкт (15-гадовы пэрыяд) — адна зь цікавых адзінак нашага летазьлічэньня.
На мой погляд, першае, што трэба зрабіць, — гэта пераглядзець даты першай згадкі гарадоў і мястэчак. Тыя даты, якія лічацца юбілеямі, пад якія і вялікая праца робіцца, і фінансаваньне, і юбілейныя захады.
Многія невядомыя даты беларускай гісторыі можна лёгка аднавіць
— А якія яшчэ праблемы старажытнага летазьлічэньня можна назваць у беларускай гістарычнай навуцы?
— Справа ідзе ня толькі пра перавод з адной эры на другую, з аднаго стылю на другі. Тут глыбей праблема. Нашай гістарычнай беларускай храналёгіяй ніхто не займаўся ўвогуле. Апошні, хто гэтым займаўся да мяне, быў Гарбачэўскі ў ХІХ стагодзьдзі.
Вось з таго часу фактычна дасьледаваньняў нашай храналёгіі не было. Мы арыентаваліся на суседнюю расейскую храналёгію, а ў нас яна іншая. У нас каляндар іншы, і сыстэма лічэньня часу іншая. Таму нам трэба наогул парадак навесьці ў нашых датах. Паводле нашай схемы, нашых формул, нашай традыцыі лічэньня часу.
Гэта адна справа. А другая справа — што кожную дату, цяпер невядомую, можна аднавіць, рэканструяваць. Гэта проста робіцца: ёсьць тэхнікі, ёсьць формулы, ёсьць мэтодыкі, як аднаўляць такія даты. Тыя даты, якія мы цяпер дакладна ня ведаем, але ў дакумэнтах ёсьць пра іх ускосныя зьвесткі, у тым ліку храналягічныя — той самы індыкт, ці згадка рэлігійнага сьвята, ці згадка кадэнцыі нейкага ўраду і г. д.
Калі б гэтым заняцца, то калі не палову, то прынамсі адну траціну ці адну чвэрць датаў, якія мы ня ведаем, можна аднавіць. А для выбудовы нацыянальнай гісторыі, мне здаецца, гэта вельмі важна — ведаць нашу пасьлядоўнасьць падзей і прывязваць іх да сусьветнай гісторыі. Ды і да нашай таксама.
Незалежнасьць БНР была абвешчана ў процівагу Расеі паводле грыгарыянскага календара
— Зразумела, што пасьля таго, як Беларусь увайшла ў склад Расейкай імпэрыі і ў жыцьцё беларусаў быў гвалтам вернуты юльяескі каляндар, назапасілася процьма памылак у датаваньні розных падзеяў таго часу. Якія прыклады тут можна прывесьці?
— Грыгарыянскі каляндар, нягледзячы на тое, што нас уключылі ў склад Расейскай імпэрыі, цалкам з ужытку ня выйшаў, ён усё роўны ўжываўся, захаваўся ў Каталіцкай царкве.
Апрача таго, так ці іначай гэты грыгарыянскі каляндар лічыўся сваім, у адрозьненьне ад календара юльянскага, які лічыўся чужым. А ён чужым і быў, ён разглядаўся як каляндар акупантаў. У выніку вяртаньне грыгарыянскага календара было пастаяннае — увесь час, пакуль мы былі ў складзе Расейскай імпэрыі.
У нас пытаньне двух календараў было нават палітычным. Напрыклад, расейска-француская вайна 1812 году. Гэта адна з звычайных недарэчнасьцяў: у нашых падручніках і публікацыях ня ўлічваецца, што ўсё ж такі для Беларусі асноўным календаром у 1812-м быў не юльянскі, а грыгарыянскі.
Таму што Беларусі знаходзілася ў той час у сфэры францускага ўплыву, тэрыторыі былі занятыя францускімі войскамі, дзейнічаў грыгарыянскі каляндар, а юльянскі адышоў. Нават калі прагледзець па дакумэнтах, па актах, якія прымаліся на той час — там паўсюль грыгарыянскія даты, а не юльянскія.
А ў нас адкрыеш падручнік — бітва пад Мірам, напрыклад, ці бітва на Бярэзіне: даецца дата юльянскага календара (як гэта было ў Расейскай імпэрыі). А якое да нас дачыненьне гэта мае, калі ў нас грыгарыянскі каляндар у той час ужываўся? Ці, ва ўсякім выпадку, два календары. Гэтыя дзьве даты павінны пісацца праз круглыя дужкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Церашковіч: Беларуская мова — гэта сымбаль, на якім пабудаваная дзяржаўнасьцьТаксама, напрыклад, паўстаньні 1830 і 1863 гадоў. У 1830 годзе паўстанцы на тэрыторыі Беларусі таксама ўжывалі не юльянскі каляндар, а грыгарыянскі. У дакумэнтах расейскіх вы сустрэнеце юльянскую дату, а ў дакумэнтах паўстанцкіх вы сустрэнеце грыгарыянскую дату.
Тое самае ў 1863 годзе. З Варшавы прыходзілі дакумэнты з грыгарыянскай датай, і мі карысталіся паводле гэтых дат.
Наступны момант. Вельмі цікавая калізія з БНР. Там увогуле два календары адыгралі палітычную ролю, можна як маркер іх ужыць. Першая і Другая Ўстаўныя граматы ўжывалі падвойныя даты — і грыгарыянскі, і юльянскі каляндар.
А вось Трэцяя Ўстаўная грамата, якая абвясьціла незалежнасьць і самастойнасьць БНР, ужывала толькі эўрапейскі грыгарыянскі каляндар, не азіраючыся на тагачасную расейскую традыцыю. Мне падаецца, што гэтыя моманты трэба ўлічваць.
Розьніца ў календарах адбіваецца на грамадзянах Беларусі
— Вы ў сваёй кнізе пішаце, што ў Беларусі сёньня існуе так званая агульнакаляндарная праблема. У чым яна заключаецца?
— Каляндарная праблема, якая існуе на сёньняшні дзень у Беларусі, зьвязаная з тым, што ў нас у паўсядзённым ужытку дагэтуль захаваліся два календары. Старажытны юльянскі каляндар, які яшчэ Юліем Цэзарам быў прыняты, і новы грыгарыянскі, які створаны на падставе юльянскага, але больш дакладны — ён быў прыняты ў 1582 годзе.
Грыгарыянскі каляндар у нас прыняты ў сьвецкім жыцьці і яго выкарыстоўвае Каталіцкай царква. Архаічны юльянскі каляндар захаваўся ў праваслаўнай царкве. Таму менавіта ў Беларусі гэтая каляндарная праблема стаіць да сёньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкі ўрбаніст: у Менску зьявілася атмасфэра эўрапейскага горадуСправа ў сьвятах, якія сьвяткуюць праваслаўныя і каталікі. Яны прыпадаюць на розныя даты. Тыя ж самыя сьвяты, але даты розныя. Ну і ў сувязі з гэтым ёсьць такія зьявы, як „стары Новы год“, два Раствы, розныя Вялікадні. Сьвяткуюцца ў розныя дні непераходныя сьвяты — напрыклад, Пятра і Паўла або Тройца.
Каляндарная праблема адбіваецца нават на эканоміцы і на сацыяльным жыцьці, бо розьніца ў выхадных днях. Чаму на адно Раство столькі выходных, а на другое — гэтулькі, тое самае і на Вялікдзень.