Беларускі фільм «Крышталь» рэжысэркі Дар’і Жук ганараваны прэміяй «Белы слон» расейскай Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў у намінацыі «Лепшы дэбют» 2018 году. Цырымонія ўзнагароджаньня прайшла 11 студзеня ў Маскве, паведамляе цэнтар візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «Арт Карпарэйшн».
Раней фільм «Крышталь» — драма з элемэнтамі камэдыі — атрымаў узнагароды фэстываляў у Адэсе (Украіна), Тбілісі (Грузія), Браціславе (Славаццына), Корку (Ірляндыя), Выбаргу, Растове-на-Доне, Уладзівастоку (Расея). Прэмʼера стужкі адбылася на фэстывалі клясы «А» у Карлавых Варах (Чэхія). «Крышталь» стаў першым фільмам за 22 гады, вылучаным ад Беларусі на атрыманьне прэміі «Оскар».
Прэмія Гільдыі кіназнаўцаў і кінакрытыкаў Расіі «Белы слон», куды ўваходзіць каля 200 кіназнаўцаў, кінакрытыкаў і журналістаў, заснаваная ў 1998 годзе.