Самалёту з «лавай Клінтана» не давалі пасадкі. У Курапатах адзначылі 25 гадоў мэмарыяльнага знаку ад народу ЗША

Абаронцы Курапатаў, актывісты «Маладога фронту» і руху салідарнасьці «Разам» адзначылі 25 гадоў усталяваньня ў Курапатах мэмарыяльнага знаку «Лава Клінтана».

Акцыя прайшла на тэрыторыі народнага мэмарыялу ў мароз, пад пільным наглядам дзьвюх міліцэйскіх відэакамэр. Актывісты адзначалі ў прамовах, што «Лава Клінтана» сымбалізуе салідарнасьць амэрыканскага народу з барацьбой беларусаў за незалежнасьць, дэмакратыю і захаваньне нацыянальнай памяці.

Самалёту з «лавай Клінтана» не давалі дазволу на пасадку

15 студзеня 1994 году прэзыдэнт ЗША Ўільям Клінтан наведаў Беларусь з афіцыйным візытам. Гэта пакуль адзіны ў гісторыі незалежнай Беларусі візыт кіраўніка ЗША.

Візыт Клінтана быў кароткі, усяго дзень, але прэзыдэнт знайшоў час пабываць у Курапатах, дзе ўсклаў кветкі да крыжа пакутаў, усталяванага ў памяць дзясяткаў тысяч ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Тут жа Біл Клінтан урачыста адкрыў мэмарыяльны знак з надпісам «Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці». Гэты знак — каменную лаву — прывезьлі з Штатаў літаральна за дзень да візыту Клінтана і ўсталявалі ў Курапатах у ноч на 15 студзеня.

Біл Клінтан і Станіслаў Шушкевіч у Менску, 15 студзеня 1994 году

Мастак Аляксей Марачкін, які ўдзельнічаў ва ўсталяваньні «лавы Клінтана», апавёў на сходзе, чаму давялося працаваць ноччу і як наведваньне Курапатаў Клінтанам ледзь не сарвалася.

«Мне Зянон Пазьняк даручыў быць адказным за ўсталяваньне гэтага знаку. Са мной была каманда дужых хлопцаў, але раптам — затрымка. Амэрыканскі „Боінг“, які мусіў прывезьці лаву ўдзень 14-га, спачатку не атрымаў дазволу на пасадку. Хоць надвор’е было нармальнае, але прымусілі яго кружыць, не хацелі саджаць. Відаць, ішлі нейкія паддывановыя гульні», — пачаў успамін пра падзеі 25-гадовай даўніны Аляксей Марачкін.

КДБ палохаў невядомымі снайпэрамі

На пачатку 1994 году старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі, намінальным кіраўніком дзяржавы, быў Станіслаў Шушкевіч. Але ягоная ўлада была вельмі хісткая — рэальна ўсім у краіне запраўляў урад на чале з прэм’ер-міністрам Вячаславам Кебічам.

«Які хваліўся ў інтэрвію, што ў яго мундзір НКВД вісіць у шафе», — згадаў пра Кебіча Марачкін. Мастак і сёньня лічыць, што гэта людзі Кебіча ў парлямэнце разам з дэпутатамі-камуністамі менш як празь месяц адправілі Шушкевіча ў адстаўку. «Нібыта з-за скрадзенай „скрыні цьвікоў“», — дадае Марачкін. Але тады, 14 студзеня, Станіслаў Шушкевіч рыхтаваўся сустракаць у Менску прэзыдэнта ЗША, для яго гэта быў вялікі гонар.

«Візыт Клінтана яўна хацелі сапсаваць, нехта пэрыядычна ўстаўляў палкі ў колы арганізатарам, як было з тым самалётам, які мусіў прывезьці „лаву Клінтана“. Нарэшце, ужо пад вечар, далі дазвол на пасадку, але ў выніку да Курапат машына з лавай дабралася, калі было ўжо цёмна. Таму працаваць давялося ў сьвятле аўтамабільных фар, рылі яміны, замешвалі бэтон, усталёўвалі падстаўкі — і да раніцы ўсё было гатова. Чакалі, што Клінтан прыедзе ў Курапаты адразу, як прыляціць у Менск, але зноў нехта ў гэты сцэнар умяшаўся».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч замест Клінтана, замінаваныя Курапаты — невядомыя дэталі візыту прэзыдэнта ЗША ад Кебіча, Пазьняка і Шушкевіча

Сапраўды, Курапаты прэзыдэнт ЗША наведаў ня раніцай, а ў другой палове дня 15 студзеня. Паводле зьвестак Аляксея Марачкіна, прычынай затрымкі стала пазыцыя кіраўніцтва КДБ, якое заявіла ахове Клінтана, што ня можа гарантаваць бясьпеку амэрыканскага прэзыдэнта ў Курапатах.

«Спаслаліся, што нібыта там снайпэры могуць сядзець на дрэвах, і таму яны не дадуць рады. Ведаю гэта ад кіраўніка аховы Клінтана, высокага чарнаскурага амэрыканца, які падыходзіў да нас у Курапатах. Ён даў нам зразумець, што ня верыць у гэтыя байкі пра снайпэраў і што яны „кантралююць сытуацыю“. То бок нашы ўвогуле хацелі сарваць наведваньне Клінтанам Курапатаў, але амэрыканцы на правакацыю са снайпэрамі не паддаліся», — мяркуе Аляксей Марачкін.

Акцыя каля «Лавы Клінтана» 11 студзеня 2019 году

Праўда, яшчэ адной праблемай, паводле Марачкіна, быў настрой Уільяма Клінтана.

«Нам стала вядома, што напярэдадні візыту ў Менск у яго памерла маці. Таму некаторыя з нас асьцерагаліся, што [Клінтан] раптам спашлецца на ўласнае гора і сюды не паедзе — усё ж такое трагічнае месца.

Але Зянон Пазьняк меркаваў, што гэта ня стане прычынай ня ехаць у Курапаты. Ён быў перакананы, што Клінтан адчувае наша гора, як сваё, і меў рацыю.

Сапраўды, Клінтан прыехаў у Курапаты і выказаў нам спачуваньне. Гэта тады было вельмі сымбалічна, і цяпер для мяне ўсё, што зьвязана з „лавай Клінтана“, глыбока сымбалічна. Бо, глядзіце, прайшло 25 год, а мала што ў нашай сытуацыі зьмянілася. Зноў супраць нас тая ж імпэрыя, а амэрыканцы нам зноў, як заўсёды, дапамагаюць».

Біл Клінтан і Зянон Пазьняк у Курапатах, 1994

«Літаральна ўсім паціснуў рукі»

Прэзыдэнта Клінтана ў Курапатах суправаджаў старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і лідэр апазыцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце Зянон Пазьняк. Падчас экскурсіі па Курапатах Зянон Пазьняк апавёў Білу Клінтану пра масавыя расстрэлы людзей сталінскімі карнікамі. На ўзвышшы, побач зь месцам, дзе цяпер стаіць мэмарыяльны знак у выглядзе капліцы, Клінтана чакала група актывістаў дэмакратычных арганізацый.

Сярод іх была і археоляг, сябра арганізацыі захаваньня памяці пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг Беларусі» Валянціна Вяргей. Яна прыгадала тую сустрэчу з Клінтанам.

«Нас было чалавек 20, ён падышоў, працягнуў мне руку, і адбылася наша кароткая размова. Я падзякавала Клінтану за тое, што амэрыканскі народ са спачуваньнем паставіўся да стратаў, якія мы панесьлі ў жахлівым 20-м стагодзьдзі, і што падтрымлівае нас зараз».

«Ён тады літаральна ўсім паціснуў руку. Ужо вечарэла, і дзяўчынкі, якія там былі, запалілі зьнічы. Вось такія ж зьнічы, якія мы сёньня бачым на „лаве Клінтана“», — дадаў да гэтых успамінаў Валянціны Вяргей Аляксей Марачкін.

Адзін з удзельнікаў акцыі да 25-годзьдзя ўсталяваньня «Лавы Клінтана»

На акцыі ў гонар 25-годзьдзя «Лавы Клінтана» выступілі таксама актывісты Дзяніс Урбановіч, Ніна Багінская, Арсень Дзядок і Тацяна Талстая, якія больш як паўгода пікетуюць рэстарацыю «Поедем поедим» каля Курапатаў.

Лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч расказаў, як нядаўна ўдалося прадухіліць чарговы, 22-гі па ліку, напад на «лаву Клінтана».

Дзяніс Урбановіч

«Нейкі чалавек прыйшоў сюды з кувалдай — яўна каб разбурыць гэты знак. Добра, што выпадкова яго ўбачыў наш актывіст і напад удалося спыніць. Зламысьнік уцёк, яго дагэтуль шукаюць сьледчыя і наўрад ці знойдуць, але цяпер міліцыянты ўсё ж часьцей прыходзяць сюды, каб сачыць за парадкам. Мы ж будзем далей пікетаваць рэстарацыю, будзем стаяць да перамогі», — сказаў Дзяніс Урбановіч.

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.

Your browser doesn’t support HTML5

Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі — асноўнае, што трэба ведаць

Чаму беларускі рэжым не прызнае сталінскія рэпрэсіі

Асноўнае пра Курапаты

Расстраляныя літаратары. Гісторыя 12 творцаў, забітых 80 год таму

Як унукі і праўнукі шукаюць зьвесткі пра рэпрэсаваных сваякоў

«Баюся ўлады, якая пачне забіваць». Стогадовая беларуска, асуджаная ў СССР за шпіянаж, распавядае пра рэпрэсіі

Картатэка Сталіна

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Курапаты. Асноўнае