Свабода сабрала хроніку дыпляматычнага скандалу паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам за апошняе дзесяцігодзьдзе.
Паводле амэрыканскага часопісу Foreign Policy, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паінфармаваў прадстаўнікоў ЗША аб зьняцьці абмежаваньня на колькасьць амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. У МЗС Беларусі пацьвердзілі факт такой размовы.
Рэакцыі Дзярждэпартамэнту пакуль няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь зьняла абмежаваньне на колькасьць дыпляматаў ЗША ў Менску, уведзенае 10 гадоў таму, — Foreign PolicyАд 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з часова павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.
Свабода нагадвае, як разгортваўся дыпляматычны скандал і як ад яго пацярпелі візавыя інтарэсы беларусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі пракамэнтаваў тэлефанаваньні Макея ў Дзярждэп1998. Першыя санкцыі — пасьля высяленьне амбасадараў з Драздоў
Першыя санкцыі ЗША і Эўразьвязу ў дачыненьні Беларусі былі ўведзеныя ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў з рэзыдэнцый у Драздах. Быў складзены сьпіс са 130 беларускіх чыноўнікаў (у тым ліку і Лукашэнкі), якім забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.
2004-2006. Лукашэнка і атачэньне — у чорным сьпісе
У 2004 годзе ЗША і Эўразьвяз увялі візавыя санкцыі супраць асобаў, якія падазраюцца ў датычнасьці да зьнікненьня апанэнтаў Лукашэнкі Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзьмітрыя Завадзкага. Пад санкцыі трапілі сілавікі Ўладзімір Навумаў, Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка.
Пасьля парлямэнцкіх выбараў 2004 году сьпіс папоўнілі кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына і начальнік палку міліцыі спэцыяльнага прызначэньня Юры Падабед.
У красавіку 2006 году сьпіс Эўразьвязу і ЗША быў пашыраны да 37 чалавек. У яго трапіў і Аляксандар Лукашэнка, адказны за парушэньні правоў чалавека падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 фактаў пра дачыненьні Беларусі і ЗША2008. Штат амбасады ЗША ў Менску скарочаны ў 7 разоў, пасол зьехаў
На пачатку сакавіка 2008 году адбыўся чарговы дыпляматычны скандал.
Пад ціскам уладаў Беларусі дыпляматычны штат амбасады ЗША ў Менску быў скарочаны — з 35 да 5 чалавек. Так афіцыйны Менск адрэагаваў на эканамічныя санкцыі Вашынгтону, уведзеныя за парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.
Першай рэакцыяй Дзярждэпартамэнту ЗША была ідэя закрыць сваю амбасаду ў Менску. Але гэтага не адбылося.
7 сакавіка 2008 году Беларусь адклікала свайго амбасадара ў ЗША Міхаіла Хвастова, і адначасова «ўрад Беларусі настойліва прапаноўваў амбасадару Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску Карэн Ст’юарт пакінуць нашу краіну з той жа мэтай».
Ст’юарт пакінула Беларусь 12 сакавіка для кансультацый, яна разьлічвала вярнуцца ў Менск праз 2-3 тыдні. Аднак гэтага не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Цягам усёй гісторыі Амэрыка не зрабіла беларусам анічога кепскага», — экс-дыпляматПазьней кіраўніцтва дыпляматычных прадстаўніцтваў абедзьвюх дзяржаваў таксама на патрабаваньне афіцыйнага Менску было зьніжанае з узроўню амбасадара да ўзроўню часовага паверанага.
Першым часовым павераным у 2008 годзе стаў Джанатан Мур, пасьля яго былі Майкл Скенлан, Ітан Голдрыч, Скот Роланд, Робэрт Райлі і з жніўня 2018 году Джэніфэр Мур.
У амбасадзе Беларусі ў Вашынгтоне і ў консульстве ў Нью-Ёрку ў красавіку 2008 году засталіся 6 дыпляматаў. 11 беларускіх дыпляматаў пакінулі ЗША і вярнуліся ў Беларусь.
30 красавіка 2008 году МЗС Беларусі перадаў часова паверанаму ў справах Злучаных Штатаў Амэрыкі Джонатану Муру сьпіс амэрыканскіх дыпляматаў, якіx абвясьцілі пэрсонамі non grata.
3 траўня 2008 году тэрыторыю Беларусі пакінулі 11 супрацоўнікаў амэрыканскай амбасады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматычны канфлікт паміж Менскам і Вашынгтонам абвастраеццаЗ 2008 году спыніў сваю працу консульскі аддзел амбасады ЗША ў Менску.
Па візы грамадзяне Беларусі вымушаны былі зьвяртацца ў амбасады суседніх дзяржаў: Расеі, Украіны, Польшчы.
2010. Пашырэньне чорнага сьпісу
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ў сьнежні 2010 году, жорсткага разгону Плошчы і зьяўленьня ў Беларусі палітвязьняў пад санкцыі трапілі каля 200 беларускіх сілавікоў, чыноўнікаў, судзьдзяў, пракурораў.
2015. ЗША зьнялі эканамічныя санкцыі
У кастрычніку 2015 года ЗША часткова зьнялі санкцыі ў дачыненьні да дзевяці беларускіх кампаній, уведзеных у 2006 годзе за «падрыў дэмакратычнага працэсу».
У прыватнасьці, дазволеныя забароненыя раней транзакцыі зь беларускім дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і яго амэрыканскім падразьдзяленьнем, вытворцам шын ААТ «Белшына», вытворцам аміяку і ўгнаеньняў ААТ «Гродна Азот», ААТ «Гродна Хімвалакно», ААТ «Лякафарба», ААТ «Нафтан », ААТ"Полацк-Шкловалакно" і «Беларускім нафтавым гандлёвым домам».
2016. Пашырэньне штату амбасады ЗША
У чэрвені 2016 году МЗС Беларусі не запярэчыў пашырэньню штату амэрыканскай амбасады да 7 чалавек.
З 30 студзеня 2017 году пачаў дзейнічаць іміграцыйны ўказ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, які распаўсюдзіўся і на беларусаў. Паўторна атрымаць візу ў Менску змаглі толькі тыя грамадзяне Беларусі, у якіх віза скончылася менш за 12 месяцаў таму.
2018. Амбасада ЗША пачала выдаваць візы «ў поўным аб'ёме»
З 1 лютага 2018 году амбасада ЗША ў Менску пачала аказваць у Беларусі «поўны спэктар неіміграцыйных візавых паслуг».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Візы ўсім: амбасада ЗША адновіць 1 лютага выдачу візаў беларусам у поўным аб’ёмеЛюбы грамадзянін і рэзыдэнт Беларусі можа зьвярнуцца па амэрыканскую візу ў консульскі аддзел у Менску.
«Упершыню за 10 гадоў мы зможам аказваць такія паслугі, — сказаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.
Пра нармалізацыю стасункаў заяўлялі ня раз
11 верасьня 2016 году, у дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў, адказваючы на пытаньне карэспандэнта «Свабоды», Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Амбасадар абавязкова будзе, мы пра гэта ў прынцыпе дамовіліся. Калі — спытаеце ў амэрыканскага боку. Я спадзяюся, мы гэта хутка вырашым, і вам не давядзецца езьдзіць у Вільню або Кіеў па візы», — сказаў Лукашэнка.
4 траўня 2018 году папярэдні павераны ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі выказаў спадзеў, што амэрыканская амбасада ў Беларусі зноў будзе мець поўны штат, як да 2008 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі: «Мы робім усё, каб амбасадары вярнуліся»25 кастрычніка 2018 году на пытаньне Свабоды, ці можна разьлічваць на вяртаньне ў Беларусі поўнага штату амбасады ЗША ў ранейшым аб’ёме і вяртаньня ў Менск амбасадара неўзабаве, Джэніфэр Мур сказала, што яна да гэтага імкнецца.
«Я спадзяюся на гэта, гэта мая мэта. Калі я буду рабіць сваю працу добра, то яшчэ да сканчэньня маёй місіі ў мяне ня стане працы, бо ў Беларусь вернецца пасол», — заявіла спадарыня Мур.