Ці супакоіў Лукашэнка беларусаў

Аляксандр Лукашэнка правёў адмысловую нараду, каб неяк супакоіць кіроўную намэнклятуру і грамадзтва, аднак атрымалася зусім не пераканаўча.

  • Кіраўнік Беларусі мякка пагражаў Расеі стратай саюзьніка.
  • З кампэнсацыяй падатковага манэўра нічога не зразумела.
  • Адмаўленьне пэрспэктыў аб’яднаньня з Расеяй гучала вельмі супярэчліва.
  • Тэзіс пра раўнапраўны саюз Беларусі і Расеі выглядае сумнеўным.
  • Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты праз балтыйскія парты нявыгадныя.

Навошта нарада праводзілася

Нарада 10 студзеня «па сацыяльна-эканамічным разьвіцьці краіны ў 2019 годзе і падыходах да далейшага разьвіцьця інтэграцыйных напрамкаў» мела некалькі функцый.

Лукашэнка правёў яе ня толькі дзеля таго, каб вызначыцца, як жыць далей без расейскага нафтавага гранту. Але і каб супакоіць найперш вышэйшых чыноўнікаў, сваё атачэньне (а таксама, часткова, і грамадзтва) наконт сваёй здольнасьці вырашаць праблемы з Масквой.

«Каб не было ніякіх недамовак і, галоўнае, каб у вас не заставалася нейкіх сумневаў наконт рашэньня адчувальных пытаньняў для нашай краіны», — пракамэнтаваў Лукашэнка, паводле БелТА, сэнс нарады, расказваючы пра вынікі сваіх перамоваў з Пуціным.

Сыгнал Расеі

Яшчэ адзін адрасат тых сыгналаў, якія дасылаў кіраўнік Беларусі на гэтай нарадзе, — Крэмль. Сыгналы гучалі пагрозьліва: «Калі абярэ кіраўніцтва Расеі такі шлях руху і страту адзінага саюзьніка на заходнім напрамку, гэта іх выбар».

Таксама Лукашэнка дадаў, што ўсе страты ад падатковага манэўра «павінны быць кампэнсаваныя па тых ці іншых кірунках супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй». То бок за кошт Расеі.

Як Лукашэнка бачыць вынікі перамоваў з прэзыдэнтам Расеі

Калі паспрабаваць высьветліць канкрэтныя вынікі перамоваў з Пуціным, то яны, з выступу Лукашэнкі, выглядаюць даволі расплывістымі і супярэчлівымі.

З аднаго боку, ён сьцьвярджае, нібыта прэзыдэнт Расеі не адмаўляўся ад кампэнсацыі падатковага манэўру, а «прапанаваў і ў новым годзе працягнуць перамовы па гэтым пытаньні і выпрацаваць прымальнае рашэньне».

А зь іншага боку, Лукашэнка заклікаў «не гіпэрбалізаваць праблемы, зьвязаныя са стратамі беларускага бюджэту з прычыны падатковага манэўру ў Расеі, а шукаць іншыя надзейныя крыніцы, якія кампэнсуюць гэтыя нэгатыўныя моманты».

У прыватнасьці, ён даручыў ураду прапрацаваць пытаньне аб альтэрнатыўных варыянтах пастаўкі нафты ў краіну праз прыбалтыйскія парты.

Пэрспэктывы «саюзнай дзяржавы»

Такімі ж супярэчлівымі былі высновы аб пэрспэктывах інтэграцыі з Расеяй. З аднаго боку, Лукашэнка назваў усе размовы пра аб’яднаньне Беларусі з Расеяй «вельмі дурнымі, прыцягнутымі за вушы».

«Пра аб’яднаньне дзьвюх дзяржаў гаворкі не ідзе», — катэгарычна заявіў ён.

А зь іншага боку, Лукашэнка заяўляе, што ён і ня супраць стварэньня «саюзнай дзяржавы» паводле падпісанай у 1999 годзе дамовы:

«Мы павінны былі ў свой час прыняць Канстытуцыйны акт, то бок Канстытуцыю «саюзнай дзяржавы», і там усё павінна было быць прапісана: і органы кіраваньня, і органы ўлады, і адзіная валюта, палітыка. Расея адмовілася ў свой час ісьці гэтым шляхам... Паўстае пытаньне: што будзем рабіць з саюзнай дамовай? Трэба садзіцца за стол і глядзець, што мы разам можам сёньня паводле дамовы вырашыць, на што мы можам без усякага ціску пайсьці».

Але ж будаўніцтва «саюзнай дзяржавы» паводле дамовы 1999 году — гэта і ёсьць аб’яднаньне. Агульная Канстытуцыя, агульныя органы кіраваньня, улады, адзіная валюта — гэта ўсё атрыбуты новай адзінай дзяржавы.

Ці магчымае раўнапраўе Беларусі і Расеі

Яшчэ адзін адметны тэзіс, які вылучыў Лукашэнка: саюз Беларусі і Расеі можа разьвівацца толькі на раўнапраўнай аснове.

«Таму што гэта фундамэнтальныя прынцыпы пабудовы любога саюзу. Няма раўнапраўнай асновы — няма саюзу, — сказаў беларускі лідэр. — Усё павінна адбывацца на раўнапраўнай аснове, і на гэта павінна быць воля двух народаў — Расейскай Фэдэрацыі і Беларусі».

Ня будзем пакуль што разважаць пра «волю двух народаў». Якраз у народаў ніхто і не пытае, чаго яны хочуць. Беларусы ўжо амаль чвэрць стагодзьдзя пазбаўленыя права хоць неяк уплываць на свой лёс.

Зьвернем увагу на ідэю раўнапраўнага саюзу. Тут ёсьць адна праблема. Удзельная вага дзьвюх дзяржаў настолькі розная, што гаворка пра раўнапраўе выглядае сьмешна.

Аднак усё роўна ў канчатковым выніку адбудзецца паглынаньне Расеяй Беларусі, беларуская дзяржава, беларуская нацыя праз хуткі час зьнікне

14 студзеня на нашым сайце быў надрукаваны жартаўлівы матэрыял журналіста Алеся Пілецкага пра тое, як Аляксандар Лукашэнка прапануе Ўладзіміру Пуціну, каб Расея ўступіла ў склад Беларусі. Насамрэч і жарт вельмі знамянальны, і нагода для сур’ёзных высноваў прысутнічае.

Уявім абсалютна фантастычную і неверагодную сытуацыю, што ў выніку аб’яднаньня Беларусі і Расеі новую дзяржаву назавуць Белоруссіей, яе сталіцай абвесьцяць Менск, дзяржаўнай мовай зробяць беларускую, адзінай валютай стане беларускі рубель, прэзыдэнтам аб’яднанай краіны будзе Лукашэнка.

Аднак усё роўна ў канчатковым выніку адбудзецца паглынаньне Расеяй Беларусі, беларуская дзяржава, беларуская нацыя праз хуткі час зьнікне. Вялікае паглынае, растварае, зьнішчае малое, гэта закон прыроды.

Ці ёсьць альтэрнатыва расейскім энэрганосьбітам

Цяпер наконт ідэі шукаць альтэрнатыўную пастаўку нафты праз балтыйскія парты. Праблема ж ня ў тым, каб знайсьці іншыя крыніцы і маршруты пастаўкі нафты. Гэтага тавару ў сьвеце хапае.

Ёсьць і тэхнічныя магчымасьці альтэрнатыўнага транспартаваньня. Частка зь іх была апрабавана. Спрабавалі пастаўляць нафту з Вэнэсуэлы, Азэрбайджану, Ірану. Але ўсё неяк хутка скончылася. Бо ўсе гэтыя варыянты дарагія, нерэнтабэльныя. Яны не вырашаюць праблему прыбытковай працы НПЗ.

Таму гэтая прапанова выглядае хутчэй як сродак псыхалягічнай саматэрапіі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.