Госьць «Інтэрвію тыдня» — палітычны аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман. Ён канстатуе, што апазыцыя падыходзіць да прэзыдэнцкіх выбараў у хранічна раздробленым стане, адзначае, што пасьля 2010 году ўсе сапраўды масавыя пратэсты ў Беларусі былі непрадказальнымі, і адказвае на пытаньне, які лёзунг стане галоўным на гэтых выбарах.
Апазыцыя падыходзіць да выбараў у тым самым хранічна раздробленым стане
— Аляксандар Лукашэнка ўжо фактычна вядзе сваю выбарчую кампанію. Прынамсі, многія сацыяльна-эканамічныя рашэньні відавочна прымаюцца з улікам выбарчага году. А ў якім стане падыходзіць да прэзыдэнцкіх выбараў беларуская апазыцыя?
— Апазыцыя ўжо таксама пачала папярэднюю падрыхтоўку да выбараў. Правацэнтрысцкая кааліцыя рыхтуе праймэрыз. Вызначыліся фактычна ўсе кандыдаты, якія пойдуць на гэтую працэдуру. Калі атрымаецца, то гэта будзе першы ў Беларусі ўдалы досьвед правядзеньня такой працэдуры. Заявілі пра вылучэньне сваіх кандыдатаў «Гавары праўду» і нават Беларускі нацыянальны кангрэс. Праўда, пакуль няясна, ці гэта будзе ў БНК сапраўды вылучэньне, ці проста выкарыстаньне выбараў для свайго традыцыйнага пратэставага парадку дня.
Апазыцыя падыходзіць да выбараў у тым самым хранічна раздробленым стане. Гэта ня першы год, калі апазыцыя прызнала беспэрспэктыўнасьць спробаў аб’яднацца, у 2015 годзе ўжо таксама не было такіх спробаў. Відавочна, што далёка ня ўсе з тых сілаў, якія заявілі пра жаданьне вылучаць сваіх кандыдатаў, маюць магчымасьць сабраць 100 тысяч подпісаў. Але мы ня ведаем, ці будзе гэта ключавым чыньнікам, бо мы памятаем, як у 2010 годзе рэгістравалі ўсіх, нават тых, у каго відавочна гэтых ста тысяч подпісаў не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плошча-2010: як гэта было. Фота і відэаТак што не выключаю, што і цяпер мы можам зноў пабачыць россып кандыдатаў, у тым ліку і ад слабых гульцоў — прынамсі, якія сёньня падаюцца слабымі. Бо лёгіка ўладаў, каб прадэманстраваць «плюралізм» Захаду, нікуды не сыходзіць. І ніхто ва ўладзе ня хоча рабіць з выбараў пункт канфрантацыі з Захадам. Хутчэй наадварот, улады хочуць правесьці выбары бяз стратаў для ўласнага іміджу.
— Традыцыйна напярэдадні кожных выбараў у палітычна актыўных колах беларускага грамадзтва разгортваецца палеміка наконт вечнага пытаньня «удзелу-няўдзелу». Наколькі маштабнай і вострай будзе на гэты раз гэтая дыскусія? Якія пазыцыі наконт гэтага маюць асноўныя апазыцыйныя сілы?
— Я думаю, што большасьць ужо адназначна на баку «ўдзелу». Нават пры разуменьні таго, што выбарчая кампанія недэмакратычная, непразрыстая і ня будзе прызнаная апазыцыяй. Я ня думаю, што спрэчкі будуць надта вострымі. Бо гэта вайна, у якой апазыцыянэры даўно ўжо адваявалі, усе ведаюць пазыцыі адзін аднаго.
Усе ведаюць, што ёсьць група людзей, якія настроеныя на байкот, нават калі яны паспрабуюць удзельнічаць у выбарах дзеля мабілізацыі сваіх прыхільнікаў. У правацэнтрысцкай кааліцыі адзін з кандыдатаў — Павал Севярынец — традыцыйна быў настроены на байкот. І калі ён раптам стане адзіным — то я б не выключаў, што пры пэўных умовах ён ня дойдзе да дня галасаваньня па ўласным жаданьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Севярынец: «Я гатовы стаць беларускім Пашыньянам»Усе астатнія даўно заявілі, што байкот ня мае вялікага палітычнага сэнсу. З улікам зьмены заканадаўства паўнавартасная агітацыя за байкот немагчымая, таму кандыдаты будуць выкарыстоўваць кампанію па максымуме. Я не чакаю, што пасьля рэгістрацыі нехта будзе здымацца. Бо ўлада маніторыць гэтыя настроі і наўрад ці будзе рэгістраваць людзей, якія могуць падкласьці ёй такую сьвіньню.
Пасьля 2010 году ўсе сапраўды масавыя пратэсты ў Беларусі былі непрадказальнымі
— Прэзыдэнцкія выбары традыцыйна суправаджаліся акцыямі пратэсту, Плошчай, і ў 2006-м, і ў 2010-м. На апошніх выбарах у 2015-м пытаньне «Плошчы» было зьнятае з парадку дня. Як было заяўлена, з геапалітычных прычын — маўляў, Расея можа скарыстаць гэтую сытуацыю ў сваіх інтарэсах. Ці паўстане пытаньне «Плошчы» на гэтых выбарах?
— Пасьля 2010 году ўсе сапраўды масавыя пратэсты ў Беларусі былі непрадказальнымі. Гэта і 2011, і 2017 год. Таму я ня думаю, што будучыя пратэсты, якія мы пабачым, можна прадказаць. Калі іх можна прадказаць — то ўладам іх можна прадухіліць. Мы павінны разумець, што пратэсты могуць заўсёды ўзьнікнуць спантанна з прычыны фактараў, якіх мы сёньня ня бачым.
Калі ж казаць толькі пра выбары, то я ня думаю, што нешта прынцыпова зьмянілася з 2015 году. Пратэставыя настроі, паводле замераў сацыёлягаў, не расьлі. Пратэсты 2017 году былі сфакусаваныя вакол канкрэтнага кроку — і пасьля зьмены Дэкрэту аб дармаедах і хвалі рэпрэсіяў пратэсты хутка загасьлі.
Калі ўлада да выбараў не дапусьціць чагосьці падобнага (а мне падаецца, трэба быць дурнымі, каб «стрэліць сабе ў нагу» і пад выбары зрабіць нейкі чарговы антысацыяльны захад, як Дэкрэт аб дармаедах) — то геапалітычныя аргумэнты, якія працавалі ў 2015 годзе, застаюцца актуальнымі. Лукашэнка будзе эксплюатаваць вобраз абаронцы незалежнасьці і абаронцы ад дэстабілізацыі сытуацыі, якая можа выліцца ледзь ня ў страту сувэрэнітэту. З гэтай самай устаноўкай будуць працаваць і спэцслужбы, спрабуючы прадухіліць пратэсты. Таму я пакуль ня бачу ніякіх перадумоваў для масавых пратэстаў узору 2010 году. Бо няма ані палітычных сілаў, якія гатовыя ўзяць за гэта адказнасьць, ані чалавечага рэсурсу (нейкага масавага пратэставага драйву ў насельніцтва), і ёсьць дакладная гатоўнасьць улады разагнаць такія пратэсты.
— Вы сказалі — «Калі ўлада ня зробіць нічога дурнога». Хіба новая вэрсія «дэкрэту аб дармаедах» не адпавядае гэтай фармулёўцы?
— Дэкрэт уключыцца ў дзеяньне задоўга да выбараў. Таму я б ня зьвязваў з выбарамі тое, што можа пачацца ў сувязі з гэтым дэкрэтам. Мы пабачым, ці ёсьць там пратэставы патэнцыял. Мне ўсё ж падаецца, што гэты дэкрэт менш выбухованебясьпечны ў сёньняшняй форме. Бо адна справа, калі ў цябе вырастае на некалькі працэнтаў жыроўка, і ў некаторых краінах гэта прыводзіла да пратэстаў. Але для беларусаў гэта ў пэўным сэнсе звыклая сытуацыя — тарыфы ЖКГ растуць для ўсіх, проста для «дармаедаў» яны вырастуць трошкі больш. Тут няма такога лявінавага эфэкту, які быў ад рассылкі новых, нечаканых, па-хамску складзеных дакумэнтаў, як у 2017-м.
Таму я думаю, што зараз ня будзе такіх моцных пратэстаў. Але — паўтаруся — нічога нельга прадказваць напэўна. Калі рост тарыфаў працягнецца сур’ёзна і масава, то як мінімум пратэставая частка апазыцыі паспрабуе пакарыстацца гэтай сытуацыяй.
— Фармальна ці не, але кожная выбарчая кампанія несла нейкі мэсыдж, які быў сфармуляваны апазыцыйнымі кандыдатамі альбо афіцыйна, альбо ў якасьці фону. У 2006 годзе гэта быў эўрапейскі выбар, у 2010-м — радыкальнае процістаяньне Лукашэнку, у 2015-м — «мірныя перамены». Які лёзунг можа стаць галоўным на гэтых прэзыдэнцкіх выбарах?
— Улічваючы стагнацыю беларускай эканомікі і надта павольны выхад з рэцэсіі — апазыцыя будзе граць на сацыяльных праблемах. Будзе спрабаваць тлумачыць, што сыстэма, пабудаваная Лукашэнкам за 25 гадоў, вычарпала сябе, падышла да свайго лягічнага тупіку, менавіта з эканамічнага гледзішча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бліжэйшыя гады будуць пікам пагрозы для беларускай незалежнасьці»Наўрад ці пры цяперашніх працэнтах падтрымкі праэўрапейскіх памкненьняў (на ўзроўні 15–20 працэнтаў апошнія гады) апазыцыя ўсур’ёз можа ставіць пытаньне эўрапейскай інтэграцыі, рабіць гэта вастрыём сваёй кампаніі. Хоць гэтыя лёзунгі таксама будуць, як і пагроза сувэрэнітэту з боку Расеі. Але ўсе разумеюць, што ў 2017-м сасьпела сацыяльная тэматыка, і нічога з тае пары радыкальна ў краіне не палепшылася. Таму апазыцыі было б неразумна гэта не выкарыстоўваць. Я думаю, уся апазыцыя — ад спакойнай да традыцыйнай і больш радыкальнай — будзе выкарыстоўваць эканоміку, сацыяльнае раздражненьне, «тупіковасьць курсу» і неабходнасьць чагосьці новага ў эканоміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Змрочны пэйзаж перад прэзыдэнцкімі выбарамі