Пол Манафорт дзяліўся вынікамі перадвыбарчых апытаньняў з пасярэднікам Расеі

Пол Манафорт.

Былы памочнік прэзыдэнта ЗША Пол Манафорт падзяліўся дадзенымі апытаньняў грамадзкай думкі, якія праводзіў выбарчы штаб рэспубліканскага кандыдата ў прэзыдэнты ў 2016 годзе, з партнэрам, якога зьвязваюць з расейскай выведкай — Канстанцінам Кілімнікам.

Таксама стала вядома, што Манафорт «шмат разоў» абмяркоўваў з Кілімнікам «мірны плян ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне».

У лютым 2017 году ў інтэрвію Радыё Свабода Кілімнік распавёў, што працаваў з Манафортам па розных пытаньнях, у тым ліку — па пытаньні мірнага пляну.

Манафорт шмат гадоў супрацоўнічаў зь ім у Кіеве ў той час, калі працаваў на «Партыю рэгіёнаў» і былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў «расейскае расьсьледаваньне» незаконным

Гэтую канфідэнцыйную інфармацыю пракуратура перадала абаронцам Манафорта. Праз тэхнічную памылку арыгіналы гэтых дакумэнтаў былі апублікаваныя.

Кіраўнік перадвыбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Пол Манафорт цяпер знаходзіцца пад сьледзтвам. Яго абвінавачваюць у змове з мэтай адмываньня сродкаў, падману ўладаў ЗША, у парушэньні заканадаўства аб рэгістрацыі замежных агентаў і подкупе сьведак. Аднак усе гэтыя абвінавачваньні не датычацца працы Манафорта непасрэдна на Трампа ў 2016 годзе, але зьвязаныя з яго працай ва Ўкраіне на Януковіча.

Журналісты-сьледчыя і група спэцыяльнага пракурора Мюлера лічаць Кілімніка тым самым зьвяном, якое зьвязвае Манафорта з расейскімі ўладамі і спэцслужбамі. Менавіта гэтыя сувязі з Расеяй група Мюлера спрабуе даказаць у ходзе расьсьледаваньня «змовы з Расеяй», якое вядзецца з канца 2016 году. Менавіта праз Кілімніка Крэмль, паводле іх вэрсіі, аказваецца зьвязаны з Трампам і яго выбарчай кампаніяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калектар з ГРУ. Time расказаў пра сувязь памочніка Дзерыпаскі з кампаніяй Трампа

Спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер вядзе расьсьледаваньне пра меркаванае ўмяшаньне Расеі ў амэрыканскія выбары ўжо больш за год. Амэрыканскія выведвальныя агенцтва сьцьвярджаюць, што Расея ўмешвалася ў прэзыдэнцкія выбары з мэтай падарваць пазыцыі Гілары Клінтан, суперніцы Дональда Трампа на выбарах ад Дэмакратычнай партыі.

Расея ўсе абвінавачваньні адмаўляе.