У Берасьці судзяць грамадзяніна Брытаніі: вінавацяць, што вёз нелегальных мігрантаў з Самалі

Чыгуначны вакзал у Берасьці, архіўнае фота

Суд Ленінскага раёну Берасьця 9 студзеня мае пачаць разгляд крымінальнай справы супраць 40-гадовага грамадзяніна Вялікай Брытаніі, якога падазраюць у садзейнічаньні незаконнай міграцыі (ч.1 арт. 371-1 КК), піша БелТА.

Паводле прэс-службы суду, мужчына арганізаваў незаконную міграцыю грамадзянаў Самалі (судом адзначаецца, што і сам ён «афрыканскага паходжаньня») і разьлічваў атрымаць за гэта ня менш за 6 тысяч эўра.

Яго затрымалі 29 ліпеня 2018 году ў цягніку Масква — Парыж на пункце пропуску «Брэст-чыгуначны» з трыма мужчынамі, якія прад'явілі пашпарты грамадзянаў Швэцыі — як выявілася з фота, чужыя.

Затрыманыя з фальшывымі дакумэнтамі прызналіся, што пашпарты ім даставіў грамадзянін Брытаніі. Іх пакаралі штрафамі і дэпартавалі. Грамадзяніну Брытаніі ж цяпер пагражае арышт, абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да 5 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два гады кашмару», — вызвалілі брытанца, які адбыў у Беларусі два гады няволі