Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў, што ваенная кампанія ў Сырыі супраць тэрарыстаў арганізацыі «Ісламская дзяржава» была «неверагодна пасьпяховай». ЗША разам з саюзьнікамі разьбілі 99% ісламістаў «Ісламскай дзяржавы».
Пра гэта гаворыцца ў стэнаграме з прамовы Пампэо, якую распаўсюдзіў Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША.
«Мы разьбілі 99% халіфата. Гэта павінна быць першым сказам у кожным паведамленьні, ці ня так? Гэта неверагодна пасьпяховая кампанія, і ў нас было шмат добрых партнэраў», — сказаў Пампэо.
Ён падкрэсьліў, што ЗША «працягнуць сачыць за тым, каб узмацненьне „Ісламскай дзяржавы“, якое адбылося пры адміністрацыі Абамы (папярэдняга прэзыдэнта ЗША — РС), больш не паўтарылася».
19 сьнежня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра перамогу над баевікамі «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі і анансаваў «поўнае» і «хуткае» вывядзеньне амэрыканскіх войскаў адтуль. Камандаваньне амэрыканскай арміі не пагадзілася з прэзыдэнтам, палічыўшы вывад войскаў заўчасным.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вывад амэрыканскіх войскаў з Сырыі крытыкуюць і прыхільнікі Трампа1 студзеня стала вядома, што Трамп пагадзіўся запаволіць вывад войскаў і даў на гэта чатыры месяцы. Паводле СМІ, прэзыдэнт ЗША зьмяніў сваю пазыцыю пасьля візыту на амэрыканскую ваенную базу ў Іраку ў канцы сьнежня. Ваеначальнікі нібыта пераканалі Трампа, што джыхадысты да канца не пераможаныя.
3 студзеня дзяржсакратар Майк Пампэо паведаміў, што вайскоўцы Злучаных Штатаў пачалі пакідаць Сырыю.
У Сырыі, на тэрыторыі, непадкантрольнай ураду Башара Асада, разьмешчана каля 2 тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў. Яны вядуць барацьбу з «Ісламскай дзяржавай» у складзе міжнароднай кааліцыі.