Шэраг амэрыканскіх сэнатараў назвалі вывад вайскоўцаў з Сырыі пагрозай бясьпецы ЗША. У лісьце Беламу дому яны сьцьвярджаюць, што падобны крок «надасьць сьмеласьці» «Ісламскай дзяржаве», прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду, Расеі і Ірану.
Амэрыканскія вайскоўцы падтрымліваюць узброеныя фармаваньні курдаў, паслабленьне якіх, на думку заканадаўцаў, пагражае ўзмацненьнем актыўнасьці ісламістаў. У сваю чаргу Расея і Іран выкарыстоўваюць вайну ў Сырыі для ўзмацненьня уласнага ўплыву, лічаць сэнатары.
Аб вывадзе вайсковага кантынгенту з Сырыі абвясьціла 19 сьнежня прадстаўніца Белага дому Сара Сандэрс. Раней у той самы дзень Дональд Трамп напісаў у твітэры, што амэрыканскія вайскоўцы перамаглі Ісламскую дзяржаву ў Сырыі.
Вашынгтон плянуе вывесьці войскі цягам 60–100 дзён. У рэгіёне дысьлякаваныя больш за дзьве тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў.
Амэрыканская прэса адзначае, што рашэньне аб вывадзе войскаў крытыкуюць таксама прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША і Пэнтагону. Некаторыя сэнатары-рэспубліканцы назвалі заяву Трампа аб перамозе ЗША над «Ісламскім дзяржавай» няпраўдай.
Барацьбу з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі міжнародная кааліцыя на чале з ЗША пачала ў 2014 годзе. Кааліцыя падтрымлівае сілы сырыйскай дэмакратычнай апазыцыі.