Двухразоваму ляўрэату «Оскара» афіцыйна прад’явілі абвінавачваньні ў дамаганьні

Кэвін Спэйсі

Суд у ЗША ў панядзелак прадʼявіў афіцыйныя абвінавачваньні актору Кэвіну Спэйсі па справе аб дамаганьнях да 18-гадовага падлетка. Па словах адвакатаў артыста, сваю віну ён не прызнае.

Судзьдзя забараніў Спэйсі кантактаваць зь юнаком, які яго абвінаваціў. Наступнае паседжаньне па справе прызначана на 4 сакавіка. Пасьля суда актор ня стаў адказваць на пытаньні журналістаў.

Спэйсі абвінавачваюць у непрыстойных паводзінах. У 2016 годзе ён нібыта чапляўся да 18-гадовага працаўніка бара. Калі віна актора будзе даказаная, яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Круцей за «вайнштэйна». Як #metoo развалілі Швэдзкую акадэмію


Скандал вакол Спэйсі разгарэўся ў кастрычніку 2017 года. Тады актор Энтані Рэп абвінаваціў яго ў сэксуальных дамаганьнях, якія мелі месца каля 30 гадоў таму, калі апошняму было 14 гадоў. Сам Спэйсі заявіў, што не памятае такога выпадку, але прынёс Рэпу свае прабачэньні. Неўзабаве аналягічныя абвінавачваньні супраць яго вылучылі яшчэ дзясяткі чалавек. Пасьля гэтага кампанія Netflix спыніла супрацоўніцтва са Спэйсі ў сэрыяле «House of cards», яму таксама адмовіліся ўручаць прэмію «Эмі», а з фільма «Усе грошы сьвету» выразалі сцэны зь яго ўдзелам і перазьнялі зь іншым акторам.

Кэвін Спэйсі зьняўся ў дзясятках фільмаў. Ён двойчы станавіўся ляўрэатам прэміі «Оскар».