Адна з самых уплывовых публіцыстак сьвету Эн Эплбаўм папярэджвае Захад, што за апатыю адносна плянаў Пуціна наконт Беларусі давядзецца заплаціць.
У сваім тэксьце для The Washington Post Эплбаўм прыгадала, што 10 верасьня 2001 года яна апублікавала артыкул пра Беларусь, у якім апісвала, як «Лукашэнка фальсыфікуе выбары, кантралюе СМІ і эканоміку, перасьледуе сваіх палітычных апанэнтаў, а часам забівае».
За дваццаць год, паводле журналісткі, у Беларусі нічога прынцыпова не зьмянілася, але зьмяняецца, на яе думку, Расея і апэтыт Уладзімера Пуціна, якому патрэбныя відовішчныя посьпехі, каб схаваць слабасьць расейскай эканомікі і свой няпэўны рэйтынг.
«Радасьць з акупацыі Крыму мінула, апэрацыя ў Сірыі вельмі складаная, а захоп чарговых частак Украіны вымагае ад Расеі вялікага вайсковага высілку. Можа Пуцін на гэта і пойдзе, але магчыма, што да гэтага часу ён далучыць да Расеі Беларусь».
«Памяркоўнай» формай захопу Беларусі Эплбмаўм называе эканамічную экспансію, а радыкальная форма, на яе думку, гэта стварэньне цалкам новага палітычнага ўтварэньня, «якім бы кіраваў адзін прэзыдынт, імя якога пачыналася б на літару Ў».
«Усе гэтыя дваццаць гадоў Лукашэнка ўтрымаўся ва ўладзе дзякуючы таму, што ён добра разумеў, адкуль дзьме вецер. Калі Расея прадставіць яму прапанову, ад якой нельга адмовіцца, то ён ня будзе супраціўляцца», — лічыць Эн Эплбаўм.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусі трэба нацыяналізм». Ляўрэатка «Пулітцэра» пра радзіму прадзедаў і выхад з тупіку гісторыіЖурналістка канстатуе, што ў Захада сёньня меншы ўплыў на Менск, чым раней, і меншая зацікаўленасьць Беларусьсю.
«І што яшчэ больш важна, цяперашні прэзыдэнт ЗША ня толькі адмовіўся ад мараў пра адзіную і свабодную Эўропу, ён схільны прымаць пад увагу расейскі пункт гледжаньня ў большасьці істотных справаў».
На думку Эплбаўм, Уладзімер Пуцін можа паспрабаваць аднавіць СССР, развал якога ён калісьці назваў «галоўнай геапалітычнай катастрофай XX стагодзьдзя».
«За нашу апатыю давядзецца заплаціць. Гаворка ня толькі пра тое, што беларусы могуць быць на парозе страты сваёй незалежнасьці, але і пра тое, што Масква можа быць на парозе новага пераўтварэньня ў паўнавартасную сталіцу імпэрыі, якая падбірае пад сябе многія краіны і кіруе імі», — піша публіцыстка.