У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША новы сьпікер — дэмакратка Нэнсі Пэлосі. На гэтай пасадзе яна ўжо другі раз. Сьпікер Кангрэсу лічыцца трэцім па важнасьці чалавекам у Вашынгтоне — пасьля прэзыдэнта і віцэ-прэзыдэнта.
Пэлосі — актыўная апанэнтка Дональда Трампа. У мінулы раз яна заняла гэтую пасаду пры Джорджу Бушу-малодшым. І тагачаснаму прэзыдэнту прыйшлося нялёгка.
«Госпадзі, блаславі яго, прэзыдэнта ЗША, поўнага няўдачніка», — казала тады Нэнсі Пэлосі.
Пэлосі крытыкавала Буша-малодшага за многае: вайну ў Іраку, эканамічную палітыку, цэны на бэнзін. Цяпер яна параўноўвае яго з Дональдам Трампам, і параўнаньне гэта не на карысьць апошняга.
«Гэта адрозьніваецца ад прэзыдэнта Буша ці Абамы, таму што з абодвума мы пачыналі з пэўных фактаў. У выпадку з [Трампам], нам спачатку трэба растлумачваць, што гэта за факты», — казала яна ў інтэрвію USA Today.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьпікерам Кангрэсу ЗША стала дэмакратка Нэнсі ПэлосіЯшчэ да прызначэньня сьпікерам Нэнсі Пэлосі ўступіла ў сварку з 45-м прэзыдэнтам ЗША: з прычыны перапыненьня працы ўраду і вылучэньня дадатковага бюджэту на сьцяну на мяжы з Мэксыкай. Вось яе дыялёг з Трампам:
— Галасоў няма. У Палаце прадстаўнікоў недастаткова галасоў за сьцяну, адкуль ні паглядзі.
— Калі б мне патрэбныя былі галасы за сьцяну, я атрымаў бы іх за адну сэсію, і ўсё было б зроблена.
Пэлосі выступае супраць сьцяны, называе саму яе ідэю амаральнай і прапануе вярнуцца ў рэальнасьць. На першай сэсіі Кангрэсу, абраўшы Пэлосі сьпікерам, дэмакратычная большасьць зацьвердзіла законапраекты аб разблякаваньні работы ўраду. Без дадатковых сродкаў на сьцяну. І гэта ня першы яе выступ супраць іміграцыйнай палітыкі Трампа. У лютым мінулага году 77-гадовая кангрэсвуман паставіла рэкорд — з васьмігадзіннай прамовай у Кангрэсе. Яе не задавальняў законапраект, які ня ўлічвае інтарэсы нелегальных мігрантаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп папярэдзіў, што можа выкарыстаць надзвычайныя паўнамоцтвыКангрэсвуман з больш чым трыццацігадовым стажам, Пэлосі разьлічвае, што ёй удасца прыцягнуць на свой бок рэспубліканцаў і аднавіць працу ўраду. За два гады прэзыдэнцтва Трампа гэта ўжо трэці шатдаун і самы доўгі.
Але сёлета на прыняты Палатай прадстаўнікоў законапраект ужо гатовыя накласьці вета ў Белым доме. Лідэр рэспубліканцаў у Сэнаце таксама заяўляе, што там новыя дакумэнты не падтрымаюць.
«Нашы калегі-дэмакраты, падобна, больш захопленыя сваім неразумным палітычным супрацьстаяньнем з Дональдам Трампам, чым фактамі. Таму я паўтару, каб мы разумелі, дзе знаходзімся. Нам трэба рашэньне, кампраміс ад абодвух бакоў», — лічыць лідэр рэспубліканцаў у Сэнаце Мітч Маконэл.