Тры гады жыхары Воршы змагаліся за тое, каб абвесткі ў гарадзкім грамадзкім транспарце гучалі па-беларуску. Так некалі і было, пакуль зь невядомае прычыны назвы прыпынкаў не пераклалі на расейскую.
Кіраўніцтва ААТ «Віцебскаблаўтатранс» адказала аршанскім актывістам, што ня бачыць падставаў вяртаць у транспарт родную мову.
Назвы прыпынкаў на расейскай мове, запісаныя ў выкананьні вядоўцы мясцовага тэлеканала «Скіф» Сяргея Бойкі, пасажыры пачулі пасьля таго, як «нейкая грамадзянка» нібыта заўважыла памылкі ў ранейшым, беларускамоўным варыянце. Так патлумачылі аршанскім актывістам у мясцовым аўтапарку. Аднак афіцыйнага тлумачэньня, навошта спатрэбіўся пераклад, не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомелі ТБМ падзякавала кіраўнікам прадпрыемстваў за беларускую мовуЗ просьбай вярнуць абвесткі на беларускай мове аршанцы, у тым ліку актывісты Таварыства беларускай мовы, пачалі зьвяртацца яшчэ з 2015 году. Перапіска з дырэктарам аўтапарку № 3 Сяргеем Мацкевічам расьцягнулася на гады. Гараджане прапаноўвалі сваю дапамогу ў справе перакладу. Урэшце кіраўніцтва аўтапарку паведаміла, што ўжо мае адмысловы аўдыёфайл з назвамі прыпынкаў па-беларуску. Але ён так і ня быў выкарыстаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аршанцы патрабуюць вярнуць беларускую мову ў гарадзкія аўтобусыПераканаўшыся, што на мясцовым узроўні праблема не вырашаецца, аршанцы зьвярнуліся ў галаўное прадпрыемства — ААТ «Віцебскаблаўтатранс». З атрыманага адказу за подпісам намесьніка генэральнага дырэктара Сяргея Залескага вынікае, што абласное кіраўніцтва не зацікаўлена нешта мяняць.
«У цяперашні час прыпынкі абвяшчаюцца на адной зь дзяржаўных моваў — на расейскай, і гэта не супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў лісьце.