Штогадовы конкурс праходзіць ужо пяты раз. Сярод фіналістаў — настаўнікі з Польшчы, Грузіі, Сэрбіі ды іншых краін. У Беларусі пра конкурс «нешта чулі».
1 мільён даляраў можа выйграць пераможца ўсясьветнага конкурсу настаўнікаў Global Teacher Prize. У 2019 годзе абрана ўжо 50 фіналістаў, але ні сярод іх, ні сярод фіналістаў іншых гадоў няма настаўнікаў зь Беларусі. Свабода разабралася, чаму так і ці падаваліся туды беларусы наогул.
Што такое Global Teacher Prize
Гэтую прэмію называюць «Нобэлеўскай прэміяй для настаўнікаў». Заснаваў яе арабскі мільярдэр Сані Варкі. Пераможца атрымлівае 1 мільён даляраў цягам 10 гадоў, па 100 тысяч на год. Каб падацца на прэмію, кандыдат павінен:
- быць старэйшы за 18 гадоў;
- быць настаўнікам ці займацца выкладаньнем для ўзроставай групы 5–18 гадоў;
- ня мець судзімасьцяў;
- ня быць у сьпісе 10 фіналістаў гэтай прэміі мінулых гадоў ці пераможцам
Таксама прэмія не павінна супярэчыць заканадаўству той краіны, адкуль паходзіць удзельнік.
У 2019 годзе прэмію прысудзяць ужо ў пяты раз. Асноўныя крытэры, па якіх вызначаюць пераможцу:
Прызнаньне дасягненьняў настаўніка ў клясе і па-за яго межамі ад вучняў, дырэктара, калегаў.
- Дасягненьне адчувальных вынікаў выкладаньня.
- Выхаваньне дзяцей як грамадзянаў плянэты.
- Рэалізацыя інавацыйных і эфэктыўных мэтадаў выкладаньня.
- Матываваньне іншых да настаўніцкай дзейнасьці, публікацыі, публічныя дэбаты.
- Падавацца могуць самі настаўнікі, таксама іх могуць намінаваць, напрыклад, кіраўніцтва школы ці мясцовага дэпартамэнту адукацыі.
Чаму беларусы не падаюцца
Беларускі «Кодэкс аб адукацыі» і іншыя законы ўдзельнічаць у такой прэміі не забараняюць. Але пра ўдзел беларусаў у ёй не было чуваць за ўсю пяцігадовую гісторыю конкурсу. Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч, якая адсочвае ўдзельнікаў Global Teacher Prize, кажа, што беларусы туды не падаваліся. Гэта зьвязана з сыстэмай, якая не шануе ініцыятыву, лічыць Мацкевіч.
«Калі ў нас настаўнік робіць нешта ня толькі для школы, але і для грамадзтва, то гэта не вітаецца. Нашых настаўнікаў трымаюць у чорным целе, у іх нізкая самаацэнка. Гэта асноўныя прычыны, чаму яны не падаюцца. Сочаць не за інавацыямі, а каб у настаўніка самаацэнка раптам не павысілася», — кажа Тамара Мацкевіч.
На яе думку, настаўнікі зь Беларусі маглі б паўдзельнічаць у такім конкурсе. І таленавітых настаўнікаў хапае.
«У нас вельмі шмат настаўнікаў, якія мелі б шанцы на перамогу ў гэтым конкурсе, але гэтага не дазваляе атмасфэра. Мы заўзелі за нашу знаёмую польку на гэтым конкурсе ў 2016 годзе, яна выйшла ў фіналісты», — узгадвае Тамара Мацкевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У школе на Горадзеншчыне дзецям забаранілі карыстацца тэлефонамі пасьля запісу роліка пра #загонбрсм«Ня ў курсе», «чулі, але няма часу»
Свабода зьвярнулася да некалькіх пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік году». Яны пра конкурс «нешта чулі», але «падавацца не зьбіраліся».
Настаўніца Смалявіцкай гімназіі Ганна Севярынец пра конкурс ня чула і падавацца не зьбіраецца, але думае, што іншым настаўнікам такі конкурс мог бы быць цікавы.
«Навошта мне сусьветнае прызнаньне, калі мне патрэбнае прызнаньне ў клясах? Я нават не цікаўлюся конкурсамі. Але ёсьць настаўнікі, якім было б гэта цікава. Але ўдзел у конкурсах адбірае час ад заняткаў», — кажа Ганна Севярынец.
А што ў суседзяў?
Для ўдзелу ў Global Teacher Prize ня трэба праходзіць ніякага нацыянальнага адбору, але нацыянальныя варыянты прэміі існуюць шмат у якіх краінах, напрыклад, ва Ўкраіне. У межах прэміі абіраюць пераможцу, які пасьля ўдзельнічае ва ўсясьветнай прэміі Global Teacher Prize.
У 2017 годзе ў ТОП-50 удзельнікаў Global Teacher Prize увайшла ўкраінская настаўніца ангельскай мовы Ганна Дудзіч. Тады яшчэ ва Ўкраіне не было нацыянальнай прэміі Global Teacher Prize, дакумэнты на ўдзел настаўніца падавала сама. А летась нацыянальную прэмію выйграў настаўнік інфарматыкі Аляксандар Жук і атрымаў 250 тысяч грыўняў. Пры гэтым ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, існуе конкурс «Настаўнік году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «На голую стаўку не пражывеш». Як дзяржава аплочвае працу настаўніка