Кангрэс ЗША абраў сьпікерам прадстаўніцу Дэмакратычнай партыі Нэнсі Пэлосі. За яе прагаласавалі 220 кангрэсмэнаў, супраць — 192. Яна атрымала перамогу над лідэрам рэспубліканцаў у палаце Кевінам Макарці.
Новы склад Кангрэсу прыступіў да працы ў Вашынгтоне сёньня, 3 студзеня. Адкрылася сэсія Палаты прадстаўнікоў, якая, у выніку праведзеных у лістападзе 2018 году выбараў, перайшла пад кантроль дэмакратаў. Адначасова прыступіў да працы Сэнат, у якім большасьць захавалі рэспубліканцы.
Пэлосі раней паабяцала ў бліжэйшы час прыняць законапраект, які адновіць працу дзяржустаноў без выдзяленьня сродкаў на будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. У інтэрвію NBC сьпікер Кангрэсу падкрэсьліла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп не даб’ецца бюджэту на будаўніцтва загароды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў у ЗША пераходзіць пад кантроль дэмакратаў. Яны распавялі, ад чаго пачнуцьРэспубліканская большасьць у Сэнаце ЗША мяркуе, што плян дэмакратаў ня будзе вынесены на разгляд сэнатараў без падтрымкі Трампа. Сам прэзыдэнт раней заявіў, што частковае прыпыненьне работы ўраду — так званы «шатдаўн» — працягнецца столькі, колькі спатрэбіцца для атрыманьня сродкаў на будаўніцтва сьцяны.
22 сьнежня Белы дом трэці раз за год абвясьціў аб частковым прыпыненьні працы фэдэральнага ўраду. Заканадаўцы не змаглі дамовіцца аб фінансаваньні будаўніцтва сьцяны на мяжы з Мэксыкай. На гэтым настойвае Трамп.
Прэзыдэнт ЗША лічыць, што Кангрэс павінен выдаткаваць больш за пяць мільярдаў даляраў на пачатковым этапе праекту. Агульны кошт будаўніцтва загароды можа перавысіць 20 мільярдаў даляраў. Супраць гэтага выступаюць дэмакраты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што зьменіцца для Трампа пасьля перамогі дэмакратаў на выбарах у Палату прадстаўнікоўЗ прычыны «шатдаўну» чвэрць дзяржаўных установаў у ЗША прыпынілі працу. Частковае закрыцьцё ўраду закранула больш за 800 тысяч фэдэральных службоўцаў, больш за палову якіх працягнуць працаваць без аплаты.
Нэнсі Пэлосі 78 гадоў. Яна лідэр дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў з 2003 году. У 2007–2011 гадох была першай жанчынай — сьпікерам Палаты прадстаўнікоў. У 2010 годзе, пасьля пройгрышу дэмакратаў на прамежкавых выбарах, ўзначаліла парлямэнцкую меншасьць.