Госьць «Інтэрвію тыдня» — беларускі палітоляг Андрэй Елісееў, дырэктар дасьледаваньняў East Center. Ён аналізуе, якімі сродкамі і мэтадамі Аляксандар Лукашэнка будзе праводзіць сваю выбарчую кампанію, дае адказ на пытаньне, навошта быў заменены ўрад, і заяўляе, што Лукашэнка будзе «максымальна процістаяць аддачы пэўных кавалкаў сувэрэнітэту, але выглядае, што гэта будзе непазьбежна».
«Прэзыдэнцкая кампанія Лукашэнкі ідзе ўжо чацьвёрты месяц»
— У некалькіх допісах у Фэйсбуку вы пісалі пра тое, як будзе праходзіць выбарчая кампанія Аляксандра Лукашэнкі. Ці можна сьцьвярджаць, што гэтая кампанія ўжо пачалася? Кажуць, што новая кампанія павінна пачынацца на наступны дзень пасьля перамогі. Ці гэта проста афарызм, які мы пакінем убаку? Ці можна канстатаваць, што кіраўнік Беларусі ўжо зараз дзейнічае, зыходзячы з патрэбаў сваёй выбарчай кампаніі?
— Прэзыдэнцкая кампанія ўжо ідзе, чацьвёрты месяц. Фактычна яе пачаткам стала зьмена ўраду ў жніўні. Вядома, можна казаць, што выбарчыя кампаніі Лукашэнкі ідуць пэрманэнтна, бо кантроль над мэдыямі і вэртыкальлю гэта дазваляе. Але ёсьць пэўныя характарыстыкі, якія сьведчаць, што сапраўдная выбарчая кампанія пачалася ўжо, што менавіта з восені болей увагі аддаецца менавіта электаральнаму чыньніку.
У адрозьненьне ад 2017 году, калі Лукашэнка на два тыдні зьлятаў у Арабскія Эміраты, — цяпер ён гэтага сабе не дазваляе. З восені штотыднёва ён мае як мінімум адну піяр-падзею ў тыдзень, якая вельмі шырока раскручваецца ў мэдыях. Па прынятым бюджэце на 2019 год бачна, што будзе напампоўка ў сацыяльнай сфэры, як гэта звычайна бывае ў выбарчы год. Афіцыйна абвешчана, што пэнсіі вырастуць на 14 працэнтаў як мінімум.
Выдаткі на дзяржаўныя СМІ на 2019 год на траціну перавышаюць папярэдні год. У мінулыя гады 90–100 мільёнаў рублёў выдаткоўвалася на СМІ, а на гэты год — 130 мільёнаў.
— Вы кажаце, што Лукашэнка пачаў выбарчую кампанію са зьмены ўраду. Але паўстае пытаньне — што зьмянілася пасьля замены шыла на мыла? Эканамічная палітыка радыкальна не памянялася.
— Сапраўды, падваліны эканамічнай і сацыяльнай палітыкі застаюцца непарушнымі. Ва ўрад уведзены людзі, (умоўна скажам, тэхнакраты), задача якіх — забясьпечыць больш-менш трывалую сацыяльна-эканамічную сытуацыю ў выбарчы год. Адзін з крытычных момантаў, па якіх Лукашэнка крытыкаваў мінулы ўрад, — як ён казаў, «бязмозглая пазыцыя» адносна падвышэньня тарыфаў ЖКГ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады нічому не навучыў 2017 год, хай рыхтуюцца да пратэстаў, — ФядынічАпошні квартал году беларускія ўлады факусуюцца акурат на тых тэмах, якія найбольш непакояць насельніцтва. Гледзячы па статыстыцы зваротаў у органы ўлады — гэта ЖКГ, будаўніцтва жытла, злоўжываньне ўладай і карупцыя на месцах. Па ўсіх гэтых трох тэмах адбыліся значныя нарады за апошні квартал. І паколькі яны застаюцца ў топе незадаволенасьці насельніцтва, то гэтыя тэмы будуць прайгравацца і далей.
— Як на гэтым фоне можна расцаніць новы варыянт дэкрэту аб дармаедах? Як можна праводзіць пасьпяховую выбарчую кампанію ва ўмовах дзеяньня гэтага дэкрэту? Ці Лукашэнка не разумее, што гэты дэкрэт выкліча моцнае незадавальненьне людзей, ці ён думае, што гэтае незадавальненьне застанецца ў кухонным варыянце?
— Дэкрэт быў вельмі важны для Лукашэнкі, каб захаваць свой вобраз «моцнага лідэра». Ён жа казаў неаднаразова, што дэкрэт не павінен быць адменены, ён павінен быць зьменены. Таму і прынялі ягоны новы варыянт. І што цікава, якраз выплаты, падвышэньне тарыфаў для хатніх гаспадарак, дзе ёсьць «дармаеды», падвышэньне тарыфаў на газ, ацяпленьне і ваду — усё гэта будзе адбывацца з кастрычніка. З пачатку году адбудзецца толькі падвышэньне тарыфаў на гарачую ваду, а гэта дробязь, можа, на 5 рублёў.
І каб прадухіліць рост сацыяльнай незадаволенасьці, таму і перанесьлі трайное падвышэньне тарыфаў на восень. Магчыма, выбары пройдуць у кастрычніку, а ў лістападзе прыйдуць плацёжкі з падвышанымі тарыфамі.
Вядома, пакуль ёсьць нявызначанасьць па адносінах з Расеяй, і ўлады будуць карэктаваць свой плян. Але пакуль выглядае, што плян менавіта такі — кастрычнік 2019 году.
Вельмі вялікі акцэнт будзе на піяр-падеях і прапагандзе
— Як Лукашэнка будзе нарошчваць свой рэйтынг? Што будзе рабіць улада, каб больш-менш камфортна для сябе правесьці выбарчую кампанію?
— Эканамічны стан цяпер ня вельмі лёгкі. Таму грашовых варыянтаў напампоўваньня сацыяльнай сфэры ня вельмі шмат — хоць, як я ўзгадваў, у бюджэце ўжо закладзенае даволі значнае падвышэньне пэнсіяў. Таму вельмі вялікі акцэнт будзе на піяр-падзеях і прапагандзе. У першую чаргу, Эўрапейскія гульні, на якія выдзяляецца пад 150 мільёнаў даляраў. Па-другое, сьвяткаваньне 75-годзьдзя вызваленьня Менску. Бачым, што ў бюджэце значна вырасьлі выдаткі на «культуру». Гэта найперш выдаткі на канцэрты, мерапрыемствы, зьвязаныя са сьвяткаваньнем вызваленьня, 20-годзьдзя «Саюзнай дзяржавы», «Славянскага базару» і гэтак далей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія гульні, выбары, рост камуналкі. Чаго чакаць беларусам у 2019 годзеТаксама мажліва, што ў канцы 2019 году будзе запушчаны першы блёк АЭС, хоць гэты запуск прынясе хіба болей праблемаў і няяснасьцяў, бо пакуль не зразумела, куды падзець лішак электраэнэргіі. Аднак гэта таксама стане адпаведнай піяр-падзеяй.
У цэлым — застанецца непарушнасьць сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сыстэмы, мінімум зрухаў, шмат увагі прапагандзе і піяр-падзеям, былым рэальным і мітычным дасягненьням у замежнай палітыцы. Добра відаць, як на дзяржаўных каналах піярацца перамовы па Данбасе, якія праходзяць у Менску. Даходзіць нават да таго, што ўдзельнікаў дзіцячай Эўравізіі запрасілі на сустрэчу з Лукашэнкам.
Лукашэнка будзе максымальна процістаяць аддачы пэўных кавалкаў сувэрэнітэту, але выглядае, што гэта будзе непазьбежна
— Які ўплыў замежнай палітыкі на гэтую выбарчую кампанію? Заходні чыньнік выглядае адносна рэальным. Але на расейскім кірунку хапае няпэўнасьці. Мы дагэтуль ня ведаем, чым скончыліся дзьве сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве. Мы ня ведаем ані беларускай, ані расейскай афіцыйнай вэрсіі. Ці ўдалося Лукашэнку дабіцца хаця б нэўтральнасьці Масквы ў будучай выбарчай кампаніі?
— Перамовы прайшлі няўдала, ніякай канкрэтыкі для Лукашэнкі няма, і гэта яго палохае. Расея разумее, што электаральная пара — гэта добры час, каб прасоўваць свой парадак дня. Гэта падобна як у 2010 годзе. Калі Лукашэнка спрабаваў граць партыю з Захадам, а Расея настойвала на падпісаньні пагадненьняў па Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, чаго ў выніку і дамаглася. Так і зараз будзе год прэсінгу з боку Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вынікі сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна і пэрспэктыва беларуска-расейскіх адносінаўТрэба адзначыць, што цяпер прасторы для манэўру ў Лукашэнкі меней. Той факт, што адразу пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна была створаная «працоўная група па інтэграцыі», і той факт, што кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі Качанава падпісала мэмарандум з кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Пуціна — сьведчаць, што Лукашэнка быў вымушаны пайсьці насустрач Маскве. Ён будзе максымальна процістаяць аддачы пэўных кавалкаў сувэрэнітэту, але выглядае, што гэта будзе непазьбежна.
Прынамсі, нейкія кавалкі сувэрэнітэту — што тычыцца акцызнай палітыкі, ці барацьбы з рээкспартам санкцыйнай прадукцыі ў Расею, — у нейкіх такіх пытаньнях Лукашэнка будзе вымушаны пайсьці насустрач Расеі ў 2019 годзе.