Павал Карназыцкі, якога Служба бясьпекі Ўкраіны 2 студзеня дэпартавала ў Беларусь за распаўсюджваньне антыўкраінскай прапаганды, ужо ў Менску. Зь ім пагутарыў карэспандэнт Свабоды.
За што дэпартавалі Карназыцкага. Паводле СБУ
- Жыў ва Ўкраіне нелегальна і публічна распаўсюджваў фэйкавую інфармацыю.
- Падчас тэлевыступаў ставіў пад сумнеў прысутнасьць расейскіх войскаў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны.
- Неаднаразова публікаваў антыўкраінскія матэрыялы на мэдыярэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям «ДНР» і «ЛНР».
Ва Ўкраіне Павал Карназыцкі пражываў з канца 90-ых гадоў — ён стаў заснавальнікам інфармацыйнага парталу glavnovosti.com і даволі часта браў удзел у тэлеэтэрах. Апошні раз на тэлеканале 112 ён абмяркоўваў з журналістам Дзянісам Жаркіх, які яктыўна супрацоўнічае з СМІ «ДНР», тэму ўвядзеньня ва Ўкраіне ваеннага становішча. Паводле адваката, Павал Карназыцкі пакінуў Беларусь «з прычыны палітычнага перасьледу як журналіста».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Украіны дэпартуюць грамадзяніна Беларусі — за прарасейскую дзейнасьць«Для беларускага боку гэта было дзіўна»
— Як вас перадалі беларускаму боку і як вы дабраліся да Менску?
— Мяне проста пасадзілі ў аўтобус, які ішоў у бок Беларусі, уткнулі ў рукі рашэньне СБУ, маўляў, беларускі бок разьбірайся. Для беларускага боку гэта было дзіўна. Калі ўкраінская СБУ выштурхнула мяне празь мяжу, беларуская мытня дапамагла мне даехаць да Гомля, а ў Гомлі я сеў на цягнік Кіеў — Менск.
— Як вас затрымалі ва Ўкраіне, ці прасілі вы аб адвакату?
— Я вяртаўся са шпацыру, выгульваў сабаку. Да мяне пад’ехалі на машыне чацьвёра супрацоўнікаў СБУ. Яны дазволілі мне давесьці сабаку дадому, і я зь імі паехаў. У мяне забралі тэлефон, які аддалі толькі на мяжы. Вазілі па Кіеве, пасьля зачыталі мне рашэньне аб выдварэньні і адвезьлі на мяжу.
Я прасіў аб адвакату, але мне яго ніхто не прадставіў. Мне не далі патэлефанаваць. Рашэньне СБУ было падпісана 4 кастрычніка, і я ня ведаю, навошта яны спрабавалі зрабіць допыт. Такім чынам СБУ спрабуе паказаць, што ўсе, хто заклікае да міру, экстрэмісты.
«Вышынскага я бачыў толькі падчас прэсавых канфэрэнцый»
— Вас выклікалі на допыт у СБУ? Па якой справе?
— Да гэтага мяне выклікалі сьведкам па справе Кірыла Вышынскага. Да гэтай справы я ня маю дачыненьня. І Вышынскага я бачыў толькі падчас прэсавых канфэрэнцый. Вышынскі — рэдактар РИА-Новости Украина, які ўтрымліваецца ва ўкраінскім СІЗА, ён арыштаваны незаконна. Я ўдзельнічаў у прэс-канфэрэнцыях у ягоным інфармагенцтве, і ўсё.
Я нэгатыўна стаўлюся да ўсіх затрыманьняў журналістаў. Бо калі ва Ўкраіне выпускаюць пад заклад людзей, якія нанесьлі вялізную шкоду бюджэту, а журналістаў без суду і сьледзтва працягваюць трымаць пад вартай за тое, што яны нешта сказалі, гэта цягне на брэжнеўскія часы. На Сталіна яны яшчэ ня цягнуць.
Спроба запалохаць усіх, хто думае інакш, чым прадстаўнікі ўлады, — прамы шлях да дыктатуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд арыштаваў галоўнага рэдактара «РИА Новости Украина» за дзяржаўную здраду«Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пляную вярнуцца ва Ўкраіну»
— Ці будзеце вы абскарджваць рашэньне СБУ?
— Адвакат ва Ўкраіне абскардзіць гэтае рашэньне. Але баюся, што да прэзыдэнцкіх выбараў у мяне не атрымаецца вярнуцца ва Ўкраіну. Пасьля выбараў пляную вярнуцца ва Ўкраіну.
— А чаму вас дэпартавалі менавіта цяпер, калі пачалася выбарчая кампанія ва Ўкраіне?
— Мяне дэпартавалі ў сувязі з тым, што пачалося масавае цкаваньне Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, а я выступаў за права вернікам маліцца са сваім статутам, як яны хочуць. І ўсе праблемы з СБУ ў мяне якраз былі зьвязаныя з царквой. Інтэрвію ўладыкі Паўла (мітрапаліт Расейскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. — РС.), з прычыны якога ў яго правялі ператрус, было дадзена мне.
Ён нічога такога не сказаў, але на яго завялі справу і правялі вобшук. Справу завялі ў той жа дзень, калі мяне дапытвалі нібыта па справе Вышынскага.
Яны хацелі выкарыстаць мяне, ня ведаю ў якой якасьці, супраць уладыкі Паўла. Але калі ў іх нічога не атрымалася, мне адпомсьцілі, арганізаваўшы дэпартацыю.
— Як вы ставіцеся да таго, што ўкраінская царква будзе аўтакефальнай?
— Я нэгатыўна стаўлюся да таго, што дзяржава ўмешваецца ў выбар веры. Кожны чалавек мае права сам вырашаць, як яму маліцца. Дзяржава ня мае права навязваць, як, каму і з кім маліцца.
— Вы ва Ўкраіне жылі нелегальна?
— Я проста жыў, не афармляючы ніякіх дакумэнтаў.
«Калі б быў доказ супрацоўніцтва з Расеяй, мяне накіравалі за краты»
— Вас вінавацяць у працы на Расею, што былі праплачаным прапагандыстам...
— Калі б быў хаця б адзін доказ майго супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй, мяне б не дэпартавалі, а накіравалі б да Вышынскага. Мяркуючы па тым, што ніякіх доказаў не было, мяне проста дэпартавалі з краіны. Я ніколі не працаваў на Расею, і адносіны да Расеі ў мяне — як да суседняй дзяржавы.
— А як вы ставіцеся да акупацыі Расеяй Крыму?
— Ніяк. Я не здаваў Крым, адрозна ад украінскай улады. Калі Ўкраіна будзе дзейнічаць не такімі дурнымі мэтадамі, а стане моцнай дзяржавай, яна зможа вярнуць ня толькі Крым, але яшчэ і Кубань. Але пакуль ва ўладзе вось гэтыя ідыёты, я баюся, што яны страцяць і Кіеўскую вобласьць.
— Вас вінавацяць, што вы публікавалі антыўкраінскія матэрыялы на мэдыярэсурсах, падкантрольных тэрарыстычным арганізацыям «ДНР» і «ЛНР». Ці вы маеце кантакты з імі?
— Ніводнага антыўкраінскага матэрыялу, які я нібыта публікаваў, не было прад’яўлена. А што некаторыя мае матэрыялы былі перадрукаваныя рознымі рэсурсамі, я за гэта не адказваю.
Гэтыя матэрыялы былі апублікаваныя на канкрэтных украінскіх сайтах, на некаторых расейскіх, расейскай службай Радыё Свабода, «Эхо Москвы», а таксама на рэсурсе «Главновости». На іншых сайтах я не публікаваўся.
Кантактаваць з «ДНР»-«ЛНР» я ніколі не спрабаваў. Як толькі мне нехта спрабаваў навязаць такі кантакт, я адразу вызначаў яго як ідыёта і правакатара і адпраўляў у бан.
— А што да прысутнасьці Расеі на Данбасе?
— Вы спачатку дакажыце гэтую прысутнасьць. Украінскі МЗС не абвясьціў вайны агрэсару. А значыць, не прызнае прысутнасьці замежных войскаў на тэрыторыі Ўкраіны.
«Яны вам раскажуць, які я падонак і сволач»
— Што вы будзеце рабіць далей у Беларусі?
— Я буду далей кіраваць парталам «Главновости». Гэта, канечне, больш складана з-за мяжы. Але, верагодна, будзе больш магчымасьцяў. Магчыма, буду пісаць матэрыялы для нейкіх СМІ. Я пакуль ня вырашыў, бо ўчора раніцай я плянаваў усяго толькі выгуляць сабаку.
— У Беларусі ў 1998 годзе вы ўзначальвалі моладзевую арганізацыю Сацыял-Дэмакратычнай Грамады. Пасьля сыходу з арганізацыі прызналіся, што былі завэрбаваны КДБ і працавалі на спэцслужбы пад псэўданімам «Ралан». Як вы ставіцеся да абвінавачаньняў у супрацы са спэцслужбамі?
— Пра гэта ўжо вельмі многа было напісана. Я тады ўсё патлумачыў. Паглядзіце ў інтэрнэце, там столькі гадасьцяў. Не хачу гэта камэнтаваць. Можаце зьвярнуцца да Знаўца ці Марцэлева (былыя сябры СДГ. — РС.). Яны вам раскажуць, які я падонак і сволач.