Памёр гаспадар эпатажнай сядзібы Літоўка пад Наваградкам Сяргей Коваль, вядомы ў родным горадзе як Француз.
Інфармацыя пра сьмерць Коваля першапачаткова зьявілася на старонцы сядзібы Літоўка ў інстаграме ўвечары 1 студзеня. Там паведамлялася, што Сяргей Коваль павесіўся каля 18:00.
У Наваградзкім раённым аддзеле Сьледчага камітэту інфармацыю пра магчымае самагубства Сяргея Коваля не камэнтуюць. Афіцыйны прадстаўнік СК Беларусі Юлія Ганчарова раніцай 2 студзеня пацьвердзіла сьмерць бізнэсоўцы.
«Наваградзкі раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку па факце сьмерці, — паведаміла Ганчарова. — 1 студзеня 2019 году ў кватэры па месцы жыхарства быў знойдзены без прыкмет жыцьця».
Больш падрабязнай афіцыйнай інфармацыі пра сьмерць уладальніка «Літоўкі» пакуль няма.
Родныя Коваля сказалі Свабодзе, што ў сям’і гора, і папрасілі нічога не пісаць на гэтую тэму.
Некалькі суседзяў расказалі Свабодзе, што пра сьмерць Коваля даведаліся з інтэрнэту і не маглі ў гэта паверыць.
«Ён быў вядомым чалавекам, добрым, адным словам. Да яго ў гандлёвы пункт у Наваградку адусюль прыяжджалі закупляцца. Ён заўсёды быў у настроі, як яго бачылі. Гэтая навіна як гром сярод яснага неба. Абсурд нейкі. У галаве ня ўкладваецца», — сказаў адзін з суседзяў.
Зарабіў на гандлі
Сяргею было 47 гадоў. Паходзіў з Наваградку. У яго засталіся дзьве дарослыя дачкі, маці. Ён быў двойчы жанаты. У 1990-я гады зрабіў у родным горадзе бізнэс на гандлі рэчамі з Расеі. «Як мінімум цэлае пакаленьне ў Наваградку вырасла ў ягоных шмотках», — напісаў адзін з камэнтатараў у гарадзкім пабліку «УКантакце».
Бізнэсовец-мэцэнат
Некалькі гадоў таму Коваль адкрыў фэнтэзі-сядзібу Літоўка пад Наваградкам. На тэрыторыю і ва ўсе пабудовы мог свабодна ўвайсьці любы ахвотны. Асаблівасьцю сядзібы стала сумяшчэньне ў адным месцы сымбаляў і знакаў розных культураў і рэлігій. Яе працягвалі дабудоўваць. Праект меўся быць бясконцым.
Незвычайны арт-аб’ект прыцягваў шматлікіх турыстаў зь Беларусі і ня толькі. У розных інтэрвію ўладальнік сядзібы казаў, што хоча, каб пра Наваградак даведаўся цэлы сьвет.
Дзякуючы Ковалю ў Наваградку каля музэю габрэйскага супраціву адкрылі помнік габрэйскай дзяўчынцы Міхле Сасноўскай, якую расстралялі нацысты. Помнік стаў сымбалем памяці пра ўсіх габрэйскіх дзяцей, што загінулі ў Галакосьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гадавіну ўцёкаў з гета ў Наваградку адкрылі незвычайны помнікСкандал вакол Літоўкі
У пачатку лістапада стала вядома пра закрыцьцё фэнтэзі-сядзібы Літоўка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уладальнік закрыў фэнтазі-сядзібу пад Наваградкам праз скаргі на «сатанізм»Яно адбылося амаль адразу пасьля затрыманьня сябра Сяргея Дзьмітрыя Бондара, які прадстаўляўся сьвятаром і вёў эпатажную старонку ў інстаграме. Бондара затрымлівалі на тэрыторыі Літоўкі. Цяпер ён у СІЗА. За што, дакладна невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што затрымалі эпатажнага «сьвятара» ў Наваградку? І пры чым тут закрытая фэнтэзі-сядзіба?Коваль тады паведаміў Свабодзе, што гэтыя дзьве падзеі не зьвязаныя паміж сабою — «гэта дзьве абсалютна пакуль розныя рэчы».
Вядома, што празь некалькі тыдняў пасьля закрыцьця Літоўкі Коваль звольніў работнікаў.
«Я закрыўся з прычыны шматлікіх скаргаў людзей на тое, што на тэрыторыі возера часам выпіваюць. Тут убачылі элемэнты сатанізму, дэманізму», — казаў ён.
Мужчына адзначыў тады, што нікому не хацеў рабіць злога, нікому не хацеў нашкодзіць ці абразіць пачуцьці вернікаў сымбалямі на тэрыторыі сядзібы.
Сяргей падкрэсьліваў, што закрыцьцё Літоўкі стала ягоным асабістым рашэньнем, улады ня ціснулі. Вінаваціў сябе, што зрабіў вольным уваход для ўсіх ахвотных. Так, на ягоную думку, тэрыторыя стала не прыватнай, а агульнай для ўсіх. Пра пляны пасьля закрыцьця сядзібы ён гаварыць не хацеў.
«Я не пляную на сёньня нічога. У мяне сапраўды былі вялізныя пляны. Я хацеў далей разьвіваць... Я ня ведаю, ці прачнуся заўтра ўвогуле... Я ня ведаю, можа быць, разьвіцьцё гэтага месца будзе зьвязана зь іншым гаспадаром... Няма мінулага, няма будучыні. Ёсьць толькі момант, у якім мы накіроўваемся, ён і вызначае, якім будзе будучыня... Цяпер я спыніўся, у лёгкім ступары. Калі раблю крокі, то яны вельмі асьцярожныя, маленькія», — казаў ён.
У пачатку лістапада мужчына адзначаў у камэнтары Свабодзе, што кепска сябе адчувае пасьля затрыманьня сябра Бондара.
«Цяпер у мяне нават стан ня вельмі добры. У мяне сілы на сыходзе. Я ня плачуся. Я ня коцік і ня зайчык. Я памыліўся. Я дапусьціў маштабную памылку», — казаў Коваль.