Амэрыканец, арыштаваны ФСБ, — былы марпех, які прыехаў на вясельле

Ілюстрацыйнае фота

48-гадовы амэрыканец Пол Ўілан, жыхар гораду Нові, штат Мічыган, затрыманы ў Маскве паводле падазрэньня ў шпіёнскай дзейнасьці, аказаўся вайскоўцам марской пяхоты ў адстаўцы, які прыехаў у Расею на вясельле.

Ўілан падчас службы браў удзел у баявых дзеяньнях на тэрыторыі Іраку, піша ў аўторак, 1 студзеня, сайт службы навін CNN са спасылкай на брата затрыманага Дэйвіда Ўілана.

«Невінаватасьць Пола не выклікае сумневаў, і мы верым, што яго правы будуць паважацца», — прыводзіць выданьне камэнтар Дэйвіда.

Чым займаўся Уілан пасьля звальненьня з войска і да каго ён прыехаў на вясельле, брат не ўдакладніў.

Сваякі даведаліся пра затрыманьне з паведамленьняў прэсы і зьвязаліся з прадстаўнікамі Кангрэсу ЗША, амбасады ЗША ў Расеі і Дзярждэпартамэнту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзяніна ЗША затрымалі ў Маскве па падазрэньні ў шпіянажы

Напярэдадні Расея афіцыйна апавясьціла ЗША аб затрыманьні ў Маскве амэрыканскага грамадзяніна Пола Уілана, які падазраецца ў шпіёнскай дзейнасьці. Дзяржаўны дэпартамэнт, які пацьвярджае гэты факт, запатрабаваў, каб затрыманаму была забясьпечаная дапамога консула.