Актор і кіраўнік студыі «Квартал 95» Уладзімір Зяленскі заявіў, што возьме ўдзел у прэзыдэнцкай кампаніі, якая пачалася 31 сьнежня. Заяву Зяленскага перад надыходам новага году паказаў тэлеканал «1+1», які трансьлюе прадукты «Кварталу 95». Навагодні зварот дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі тэлеканал паказаў пасьля 00:00, піша Hromadske.ua.
Паводле Зяленскага, ён вырашыў «спрабаваць самаму нешта зьмяніць ва Ўкраіне». Раней Зяленскі казаў, што думае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах.
Ці ёсьць у Зяленскага шанец?
Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», лідзіруюць Юлія Цімашэнка (16,1%) і Пятро Парашэнка (13,8%). Далей ідуць гумарыст Уладзімір Зяленскі (8,8%), прадстаўнік папярэдняй партыі ўлады Юры Бойка (8,4%), экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%), лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%), яшчэ адзін прадстаўнік былой партыі ўлады Яўген Мураеў (3,1%), сябра партыі «УКРОП» Аляксандар Шаўчэнка (2,9%), сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук (2,6%) і мэр Львова Андрэй Садавы (2,4%).
У пераліку прэтэндэнтаў і два былыя амбасадары Ўкраіны ў Беларусі — Раман Бязьсьмертны і Валянцін Налівайчанка. Аднак паводле сацыялягічных апытаньняў яны не набіраюць нават аднаго адсотку галасоў выбаршчыкаў.
Зьвязаная зь Зяленскім партыя «Слуга народу» была зарэгістраваная ў 2013 годзе як «Партыя рашучых зьменаў». У 2017 годзе арганізацыя зьмяніла назву.
Прэзыдэнцкая кампанія пачалася ва Ўкраіне 31 сьнежня 2018 году. Самі выбары кіраўніка дзяржавы прызначылі на 31 сакавіка 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне стартавала прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. 6 адметных фактаў