Ад 1 студзеня 2019 году на некаторых памежных пунктах пропуску Беларусі работнікі мытні будуць выконваць шэраг функцыяў памежнікаў, вынікае з указу (PDF) Аляксандра Лукашэнкі ад 22 сьнежня.
«У мэтах аптымізацыі» мытнікі змогуць рабіць большую частку апэрацыяў, зь якімі сутыкаюцца звычайныя фізычныя асобы:
- ладзіць памежны кантроль;
- пропуск празь мяжу фізычных асобаў;
- транспарту і тавараў;
- часткова праводзіць санітарны кантроль фізычных асобаў (візуальны агляд і апытаньне, але ня болей);
- кантраляваць выкананьне правілаў знаходжаньня ў краіне і транзыту замежных грамадзянаў і асобаў без грамадзянства;
- сачыць за выкананьнем правілаў выезду непаўналетнімі;
- кантраляваць рэжым на пунктах пропуску;
- правяраць у кіроўцаў наяўнасьць абавязковага страхаваньня транспартных сродкаў;
- забараняць іншаземцу ўезд і анулёўваць візы;
- не выпускаць беларусаў і іншаземцаў з краіны, калі нехта абмежаваў ім такое права (самі мытнікі не прымаюць рашэньня аб забароне, а толькі выконваюць яго).
У камэнтары да ўказу прэс-служба Лукашэнкі тлумачыць, што пакуль гэта будзе тычыцца трох пунктаў пропуску:
- аўтамабільнага «Казловічы» на мяжы з Польшчай, дзе праходзіць грузавы аўтатранспарт;
- чыгуначнага «Гудагай» на станцыі Маладэчна, які праходзяць тыя, хто перасякае мяжу зь Літвой;
- чыгуначнага «Бігосава» на станцыі Полацак, таксама на літоўскім напрамку.
Паводле камэнтару да ўказу, такія захады скароцяць час праходжаньня кантрольных працэдураў. Ці будзе дапаўняцца сьпіс такіх пунктаў, невядома. Вызваленых памежнікаў абяцаюць накіраваць на ўзмацненьне аховы «іншых участкаў мяжы», але якіх менавіта, не ўдакладняецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агульныя валюта, суд і мытня. Мядзьведзеў у Берасьці патлумачыў, якой інтэграцыі зь Беларусьсю хоча Расея