Хто з кіраўнікоў раённай адміністрацыі Менску бясплатна атрымліваў пяльмені ў краме?

Ні ў КДБ, ні ў Менгарвыканкаме не называюць імя дзейнага кіраўніка раённай адміністрацыі Менску і па сумяшчальніцтве кіраўніка тэрытарыяльнай антыкарупцыйнай камісіі, які штотыдзень у чацьвер задарма атрымліваў прадуктовыя наборы з адной сеткі крамаў.

Пра гэта, не называючы прозьвішча чыноўніка, 20 сьнежня​ распавёў Аляксандру Лукашэнку старшыня КДБ Валеры Вакульчык.

«Адзін зь дзейных кіраўнікоў раённай адміністрацыі, дарэчы, які ўзначальвае тэрытарыяльную антыкарупцыйную камісію, знахабіўся да такой ступені, што кожны тыдзень па чацьвяргах бясплатна атрымлівае прадуктовы набор з аднае зь сеткавых крамаў. Як быццам жыве ў галодныя часы дэфіцыту. Сорамна казаць, але звычайныя рыба, курыца, алей, пяльмені і нават марозіва — гэта набор штотыднёвага пайка чыноўніка. Прычым заказы паступаюць ня толькі ад яго і яго жонкі, але і ад іх сваякоў», — сказаў тады старшыня КДБ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня грэбавалі нічым». 6 прыкладаў карупцыі, пра якія старшыня КДБ даклаў Лукашэнку

Ніхто ня звольнены

У КДБ карэспандэнту Свабоды не ўдакладнілі, пра каго казаў Валеры Вакульчык. Але паводле заканадаўства ўзначальваць антыкарупцыйную камісію можа толькі намесьнік старшыні.

«Валеры Паўлавіч давёў дакладную інфармацыю, проста калі прагучала „кіраўнік адміністрацыі“, гэта не азначае, што ён раней ня мог узначальваць гэтую антыкарупцыйную камісію», — сказаў афіцыйны прадстаўнік КДБ Андрэй Яраш.

На пытаньні, ці звольнены гэты кіраўнік і ці распачатая справа, у КДБ адказалі: «Без камэнтароў».

У прэс-службе Менгарвыканкаму паведамілі, што ніякай інфармацыі ня маюць.

Пасьля заявы Вакульчыка ніхто з кіраўнікоў раённых адміністрацый ня страціў сваёй пасады.

Сакратар Менскай гарадзкой камісіі па процідзеяньні карупцыі Аляксандар Гатоўчык сказаў, што кіраўнікі раённых антыкарупцыйных камісій засталіся на сваіх пасадах, ніхто ня звольнены.

Таксама ніякіх зьменаў не адбылося ў кіраўніцтве гарадзкой камісіі па барацьбе з карупцыяй. Хоць раней новы старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак сказаў, што камісію ў горадзе «павінен узначаліць старшыня, гэта значыць я, а не намесьнік, як гэта было».

«Другі момант: кіраўнік, у якога непасрэдны падначалены замяшаны ў карупцыі, далей працаваць не павінен. Гэтая практыка, якая больш актыўна мной пачала прымяняцца на мінулым месцы працы, будзе працягнутая», — сказаў Сівак.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адстаўкі-2018. Якіх міністраў сёлета памяняў Лукашэнка. І дзе яны цяпер

Ня першая падобная заява

Пра кіраўнікоў раённых адміністрацый Менску на нарадах згадваюць ня першы раз. 23 лістапада кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка расказаў пра выкрытую нядаўна карупцыйную схему.

«54 ці 56 пасьпелі прадаць кватэр. А дзе старшыня гарвыканкаму? Па-мойму, у Цэнтральным раёне гэта было. А дзе кіраўнікі гэтага раёну? Учора мною было прынятае рашэньне: усіх да аднаго ў сьледчы ізалятар, надзець кайданкі, разабрацца з усімі і вярнуць грошы народу», — заявіў кіраўнік краіны.

На наступны дзень пасьля нарады старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац быў звольнены, а на яго месца прызначылі Анатоля Сівака. А вось кіраўніцтва Цэнтральнага раёну Менску, якое, па словах кіраўніка краіны, можа быць датычнае да карупцыйных схемаў, свае пасады захавала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ўсё здарылася яшчэ летась!» Як Лукашэнка «арыштаваў» кіраўніцтва Цэнтральнага раёну Менску

Апошнія вядомыя зьмены ў кіраўніцтве Цэнтральнага раёну Менску адбыліся месяцаў за пяць да гэтых падзей. Ігар Бузоўскі, які ўзначальваў гэтую раённую адміністрацыю, пакінуў пасаду ў чэрвені 2018 году і стаў намесьнікам міністра інфармацыі.