Свабода паведамляла, як у перадапошні дзень восеньскай сэсіі Палата прадстаўнікоў прыняла шэраг паправак да Крымінальнага кодэксу, выключыўшы, аднак, зь іх 328-ы «наркатычны» артыкул. Ці законна гэта, мы спыталіся ў судзьдзі першага складу Канстытуцыйнага суду і ў старшыні цяперашняй парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тысячы маладых людзей маглі б вызваліцца з турмаў ужо ўлетку», — што азначае непрыняцьце зьменаў у «антынаркатычны артыкул»Судзьдзя першага складу Канстытуцыйнага суду Рэспублікі Беларусь, доктар юрыдычных навук, прафэсар Міхаіл Пастухоў выказаў Свабодзе думку, што дэпутаты «парушылі асноўныя прынцыпы нарматворчага працэсу».
«Гэтыя прынцыпы вызначаюцца ў законе „Аб нарматыўна-прававых актах Рэспублікі Беларусь“ ад 10 студзеня 2000 году з наступнымі папраўкамі. А там вызначаныя стадыі працэсу. І калі нешта абмеркавалі ў першым чытаньні (а менавіта так адбылося з 328 артыкулам), то дэпутаты абавязаныя працягнуць працэс і разглядаць гэта ў другім і апошнім чытаньні», — лічыць прафэсар Пастухоў.
Ён кажа, што фармальная падстава для вычляненьня артыкула з другога чытаньня — адсутнасьць узгадненьня законапраекту ўсімі зацікаўленымі.
«Калі б гэта здарылася пры абмеркаваньні дакумэнту ў першым чытаньні, то тут, з майго пункту гледжаньня, парушэньняў не было б. Але ж гэта другое чытаньне, дакумэнт ужо даўно ў Палаце прадстаўнікоў. Таму я лічу, што гэтая падстава штучная і надуманая. Мне падаецца, што дэпутаты тут злоўжылі сваім становішчам», — падсумоўвае сытуацыю прафэсар-юрыст.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы капаеце Лукашэнку яму ў поўны рост». «Маці 328» — дэпутатам пра «антынаркатычны» артыкулЁн кажа, што дэпутаты парушылі правы і тых, хто цяпер у турме паводле 328 артыкула, бо магчымая папраўка павінна была б распаўсюджвацца і на іх. А таксама правы тых, каго яшчэ будуць судзіць па «наркатычным» артыкуле.
Старшыня парлямэнцкай камісіі: такія выпадкі бываюць скрозь
Патлумачыць сваё бачаньне сытуацыі мы папрасілі і старшыню камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве Натальлю Гуйвік.
Яна кажа, што працуе ў Палаце прадстаўнікоў ужо сёмы год, і выпадкі, падобныя да таго, што цяпер з 328 артыкулам, здараліся «скрозь».
«Вось апошні прыклад. Артыкул 243 Крымінальнага кодэксу пра нясплату падаткаў ад самага пачатку вяла наша камісія. Гэты артыкул тармазіў прыняцьце ўсяго законапраекту. Мы яго „вычленілі“ і перанесьлі. І ніякага парушэньня тут няма», — кажа Гуйвік.
Старшыня камісіі згадвае і сытуацыю з «наркатычным» артыкулам.
«Прымаліся папраўкі да Крымінальнага кодэксу. Яны вельмі актуальныя, бо тычыліся лібэралізацыі, дэкрыміналізацыі ажно 15 складаў злачынстваў у эканамічнай сфэры. І таму нельга было толькі з-за 328 артыкула тармазіць вельмі добры ў цэлым законапраект», — кажа Натальля Гуйвік.
Яна дадае, што ня бачыць ніякай прынцыповай розьніцы, калі адбываюцца пераносы і выключэньні з законапраекту — падчас першага ці другога чытаньня.
«Тое, што 328 артыкул разгледзелі ў першым чытаньні, гэта якраз добра. Бо калі б не было першага чытаньня, то сытуацыя магла б стаць яшчэ больш складанай. Зьмены да Крымінальнага кодэксу ў парлямэнт уносіў як суб’ект заканадаўчай ініцыятывы Саўмін. А цяпер уявіце, што першага чытаньня не было. Тады ўрад мог бы артыкул 328 проста адклікаць. А цяпер ва ўраду такога права ўжо няма — норма прынятая ў першым чытаньні», — канстатуе старшыня камісіі.
Яна мяркуе, што 328 артыкул будзе прыняты, але «ў іншым законапраекце».
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.