Цяпер захады ў рэалізацыі Парыскага пагадненьня аб клімаце трэба прыняць толькі к 2022 году.
Аляксандар Лукашэнка 22 сьнежня падпісаў указ (PDF) аб зьмене дзьвюх лічбаў у ранейшым указе: два гады таму ён даручаў Савету міністраў прыняць меры ў рэалізацыі палажэньняў Парыскага пагадненьня да 1 сьнежня 2018 году, цяпер — да 2022-га.
Прычыны такіх зьменаў ва ўказе не тлумачацца. Указ быў падпісаны ўжо пасьля «дэдлайну» ранейшага ўказу — і праз чатыры месяцы пасьля значных перастановак у Савеце міністраў, якога тычылася даручэньне.
Парыскае пагадненьне, заключанае ў 2015 годзе амаль 200 краінамі, нацэлена на скарачэньне выкідаў, зь якімі зьвязваюць глябальнае пацяпленьне. Пратакол падпісала ў тым ліку Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь падпісала Парыскі пратакол. Што гэта значыць?На саміце ААН пра зьмену клімату два тыдні таму беларускі міністар прыроды Андрэй Худык хваліў Лукашэнку: маўляў, краіна першай у рэгіёне і 30-й у сьвеце прыняла Парыскае паганеньне, «мы пасьлядоўна адданыя ўстойліваму разьвіцьцю, немагчымаму без вырашэньня праблемаў зьмены клімату». Пры гэтым Беларусь за 2018 год апусьцілася ў рэйтынгу экалягічнасьці на 6 пазыцыяў.
ЗША ў 2017 годзе выйшлі з пагадненьня, але паабяцалі к 2025 году скараціць выкіды на 26-28% у параўнаньні з узроўнем 2005 году. Паводле навукоўцаў, адмова ЗША выконваць умовы пагадненьня можа паскорыць наступствы глябальнай зьмены клімату.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вінаград і кавуны, мінус месяц зімы. Што будзе зь беларускім кліматам праз 20-30 гадоў