Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На тэрыторыі Альманскіх балотаў незаконна выкапалі тры пяшчаныя карʼеры


Альманскія балоты
Альманскія балоты

Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу, ідзе расьсьледаваньне.

Эколягі з грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» заўважылі дзесяць карʼераў на тэрыторыі Альманскіх балотаў. Дадзеныя сваёй праверкі яны накіравалі ў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, Камітэт дзяржаўнага кантролю і Дзяржаўную інспэкцыю аховы жывёльнага і расьліннага сьвету.

У дзяржаўных органах выявілі, што як мінімум тры карʼеры на тэрыторыі заказьніку былі зробленыя незаконна. З гэтай нагоды столінскае раённае ўпраўленьне Сьледчага камітэту распачало крымінальную справу, паведамілі Свабодзе прадстаўнікі «Аховы птушак Бацькаўшчыны». Ідзе расьсьледаваньне.

Са справаздачы «Аховы птушак Бацькаўшчыны» вынікае, што на тэрыторыі заказьніку апошнім часам распрацоўвалася 10 карʼераў агульнай плошчай больш за 10 гектараў. Паводле маніторынгу эколягаў, іх распрацоўвалі незаконна. Яны спадзяюцца, што ў дзяржаўных органах прызнаюць незаконнай і распрацоўку іншых карʼераў.

Альманскія балоты — найбуйнейшы ў Эўропе комплекс верхавых, пераходных і нізінных балотаў, якія захаваліся да нашых дзён у натуральным стане (не пацярпелі ад мэліярацыі). Ён займае 94 тысячы гектараў.

Балоты маюць статус водна-балотнага ўгодзьдзя міжнароднага значэньня з 2001 году і ахоўваюцца Рамсарскай канвэнцыяй. У межах комплексу дзейнічае ляндшафтны заказьнік рэспубліканскага значэньня «Альманскія балоты». Там жывуць некалькі дзясяткаў відаў зьвяроў і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG