Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп і першая лэдзі Мэланія Трамп зрабілі 26 сьнежня неаб’яўлены візыт у Ірак. Прэзыдэнцкі самалёт прызямліўся ў сераду на вайсковай базе Аль-Асад, разьмешчанай на захадзе ад Багдаду. Візыт праходзіў неўзабаве пасьля абвяшчэньня аб вывадзе амэрыканскіх войскаў з Сырыі.
Цяперашні візыт стаў першай паездкай прэзыдэнта Трампа ў зону канфлікту, адзначае «Голас Амэрыкі». Трампа ня раз крытыкавалі за тое, што ён з моманту прыходу да ўлады ні разу не наведаў вайсковыя базы ЗША ў зонах канфліктаў. Акрамя таго, у лістападзе Трамп праз надвор'е скасаваў заплянаваную паездку на амэрыканскія вайсковыя могілкі ў Францыі, што таксама выклікала крытыку.
У Іраку цяпер, паводле Пэнтагону, дысьлякавана каля 5200 амэрыканскіх вайскоўцаў. Нягледзячы на тое, што актыўныя баявыя дзеяньні ў Іраку ўжо не вядуцца, амэрыканскія вайскоўцы навучаюць асабісты склад ірацкіх узброеных сілаў і вядуць барацьбу з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп ня зьменіць рашэньня аб вывадзе войскаў з Сырыі, — Белы домВізыт Трампа ў Ірак прайшоў празь некалькі дзён пасьля таго, як прэзыдэнт абвясьціў пра пляны вывесьці амэрыканскія войскі з Сырыі, а таксама вырашыў напалову скараціць вайсковы кантынгент у Аўганістане — з 14 да 7 тысяч чалавек.
Па завяршэньні візыту на вайсковую базу, які доўжыўся некалькі гадзінаў, Трамп пакінуў Ірак, так і не сустрэўшыся з кіраўніцтвам гэтай краіны. Ва ірацкім урадзе патлумачылі: сустрэча Трампа і прэмʼер-міністра Іраку не адбылася з прычыны нязгоды адносна фармату перамоваў, а замест сустрэчы адбылася тэлефонная размова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп назваў выканаўцу абавязкаў міністра абароны ЗШАКрыніцы ў парлямэнце Іраку расказалі карэспандэнту Reuters, што лідэры не змаглі дамовіцца наконт месца меркаванай сустрэчы: Трамп настойваў на тым, каб прэмʼер Іраку прыехаў на амэрыканскую вайсковую базу, а той адхіліў прапанову.
Парлямэнт Іраку быў скліканы на экстраную сэсію, каб абмеркаваць «грубае парушэньне сувэрэнітэту Іраку і спыніць агрэсіўныя дзеяньні Трампа, які павінен ведаць межы сваіх паўнамоцтваў», піша Al Jazeera. Ініцыятар скліканьня казаў, што «амэрыканская акупацыя Іраку скончылася».
На зваротным шляху Трамп зрабіў прыпынак на паўтары гадзіны — наведаў вайскова-паветраную базу Рамштайн у Нямеччыне. Там ён паціснуў рукі амэрыканскім вайскоўцам і зрабіў супольныя здымкі зь імі. Усяго на сустрэчы з Трампам, паведамляе Reuters, прысутнічалі каля ста чалавек.