Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны (РНБА) на пасяджэньні ў сераду прыняла рашэньне аб увядзеньні дадатковых санкцыяў у дачыненьні да расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў.
«Па выніках абмеркаваньня пытаньня „Аб прымяненьні пэрсанальных спэцыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў (санкцыўя)“ вырашана падтрымаць увядзеньне санкцыяў, перш за ўсё ў дачыненьні да юрыдычных і фізычных асобаў — расійскіх кампаніяў, бізнэсоўцаў, палітыкаў і дэпутатаў, работнікаў сілавых структур, якія актыўна падтрымлівалі ці спрыялі агрэсіўным дзеяньням супраць Украіны», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы РНБА.
Таксама былі ўведзеныя абмежавальныя захады супраць арганізатараў «выбараў» на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей. Санкцыі датычаць і вайскоўцаў, судзьдзяў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія маюць дачыненьне «да незаконнага захопу ўкраінскіх маракоў падчас акту агрэсіі РФ супраць Украіны ў Керчанскай пратоцы 25 лістапада 2018 году і незаконнаму ўтрыманьню іх у расейскіх турмах».
Пры гэтым у прэс-службе не падаюць канкрэтных сьпісаў расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў, у дачыненьні да якіх прынята рашэньне аб санкцыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пашырыла санкцыі супраць УкраіныУ пачатку пасяджэньня РНБА у сераду прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Рада пашырыць санкцыйны сьпіс дэпутатамі расейскай Дзяржаўнай Думы з фракцыяў «Единая Россия» і «ЛДПР». Ён таксама паведаміў, што ў гэты сьпіс будуць унесеныя прадпрыемствы, якія «тым або іншым спосабам процідзейнічаюць Украіне, забясьпечваюць ваенны складнік паставак ва ўзброеныя сілы РФ».
Рашэньне РНБА ўводзіцца ў дзеяньне указам прэзыдэнта Украіны, перадае «Інтэрфакс».